Вайсковы аэрадром у Лунінцы працягваюць развіваць. Яго выкарыстоўваюць супольна з расейцамі


Вайсковы аэрадром у Лунінцы інтэнсіўна выкарыстоўвалі расейскія лётчыкі ў пачатку агрэсіі супраць Украіны. Цяпер тут адбудоўваюць і пашыраюць інфраструктуру. Пра гэта паведамляе сайт «Motolko.help».

Зенітна-ракетны комплекс на баявым дзяжурстве. Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: прэсавая служба Мінабароны / Telegram / modmilby

Беларускія вайскоўцы працягваюць актыўна аднаўляць інфраструктуру аэрадрому і вайсковага мястэчка ў Лунінцы. Камандаванне ВПС і войскаў СПА УС РБ на працягу сакавіка – красавіка 2023 года размясціла шэраг тэндараў на набыццё будаўнічых матэрыялаў для рамонту абʼектаў вайсковай часткі 1169. Як паведамляе «Motolko.help», менавіта гэтае падраздзяленне забяспечвае функцыянаванне аэрадрому «Лунінец». Агульная сума запланаваных інвестыцыяў у будаўніцтва і рамонт склала Br 297 198 ($ 100 625).

Паводле тэндарнай дакументацыі, запланаваны рамонт двух гаражоў на 80 месцаў, сховішча на 40 месцаў, лабараторыі і некалькіх складаў гаруча-змазачных матэрыялаў, пункту тэхнічнага агляду аўтамабіляў, заправачнага пункту. Таксама да вайсковага мястэчка ў Лунінцы плануюць пабудаваць новую аўтамабільную дарогу.

На сайце таксама паведамляецца, што магчымая прычына працяглых рамонтных работаў на аэрадроме «Лунінец» – стварэнне і рэнавацыю інфраструктуры для размяшчэння 56-га зенітна-ракетнага палка, пра стварэнне якога «Белсат» паведамляў 23 сакавіка 2023 года. Тады ж міністр абароны Віктар Хрэнін урачыста адкрыў жылы дом для вайскоўцаў гэтага падраздзялення. 56-ы зрп мае на ўзбраенні зенітна-ракетныя коіплексы С-300 і С-400. Частка 1169 абслугоўвае вайсковае мястэчка і аэрадром.

Камандзір часткі 1169 заявіў «Лунінецкім навінам» 4 снежня 2022 года, што «ў новым навучальным годзе плануецца абсталяванне новымі і мадэрнізаванымі ўзорамі ўзбраення, вайсковай і спецыяльнаю тэхнікаю».

ВПС РБ эксплуатуе тры запасныя аэрадромы: «Лунінец» (у кіраванні в/ч 1169), «Бараўцы» (у кіраванні 276-га асобнага батальёну аховы і абслугоўвання) і «Бабруйск» (у кіраванні 83-га асобнага інжынерна-аэрадромнага палка). Аднак цяпер найбольшая ўвага надаецца аднаўленню інфраструктуры менавіта аэрадрому «Лунінец».

Указам № 26 за 7 лютага 2023 года вылучаныя сродкі з дзяржаўнай інвестыцыйнай праграмы на аднаўленне вайсковага мястэчка ў Лунінцы. Тады паведамлялася, што ў Лунінцы з беларускага бюджэту прафінансуюць рэканструкцыю казармы (Br 2,3 млн) і пункту рамонту ды тэхнічнага абслугоўвання (Br 3,5 млн).

Аэрадром «Лунінец» месціцца ў Берасцейскай вобласці за 50 кіламетраў ад мяжы з Украінаю. У пачатку расейскай агрэсіі супраць Украіны гэты аэрадром актыўна выкарыстоўвалі расейскія войскі, адсюль на пачатковым этапе поўнамаштабнага ўварвання здзяйснялі вылеты расейскія самалёты і ажыццяўляліся пускі ракетаў. На піку актыўнасці на ім былі некалькі дзясяткаў самалётаў Су-25 і Су-24. Расейскія вайскоўцы пакінулі аэрадром у пачатку красавіка 2022 года, але актыўнасць на ім працягваецца. З 19 студзеня да 5 лютага 2023 года на аэрадроме былі 11 верталётаў ВКС РФ, якія бралі ўдзел у супольным лётна-тактычным вучэнні.

Вайсковае мястэчка ў Лунінцы таксама плануюць скарыстаць для размяшчэння новых вайсковых частак нядаўна створанага на ўкраінскім кірунку Паўднёвага аператыўнага камандавання – трэцяга буйнога вайсковага абʼяднання ў Беларусі.

Раней таксама паведамлялася, што развіццё аэрадрому ў Лунінцы звязанае з працамі на забруджаных радыенуклідамі землях. Гэтак, у жніўні 2022 года тут валілі забруджаны радыяцыяй лес.

Антон Тачняк

Стужка навінаў