Нацбанк зніжае стаўку рэфінансавання


З 3 красавіка Нацбанк зніжае стаўку рэфінансавання з 11 да 10,5 % гадавых. Такую пастанову прынялі прадстаўнікі галоўнай фінансавай установы Беларусі на паседжанні аб грашова-крэдытнай палітыцы.

Нацбанк Беларусі. Фота з архіву «Белсату»

Стаўка рэфінансавання ў Беларусі з 3 красавіка знізіцца да 10,5 % гадавых, стаўка для крэдыту оўвэрнайт складзе 11,5 % гадавых, стаўка для дэпазіту оўвэрнайт – 9,5 % гадавых.

Падставаю для зніжэння ставак рэфінансавання паслужыла, паводле Нацбанку, запавольванне інфляцыі. Пры гэтым рэгулятар звяртае ўвагу, што ў краіне захоўваецца высокі ўзровень інфляцыйных чаканняў, нізкая інтэнсіўнасць ажыццяўлення зберажэнняў у нацыянальнай валюце, а таксама паскораны рост актыўнага складніку грашовай масы.

Урад сёлета запланаваў павелічэнне інвестыцыяў у краіне, у тым ліку ўнутраных. Каб стымуляваць гэта, чыноўнікі імкнуцца зрабіць больш даступнымі крэдыты. Стаўка рэфінансавання – базавы інструмент рэгулявання ўзроўню адсоткавых ставак на грашовым рынку. Ад стаўкі рэфінансавання наўпрост залежыць кошт крэдытаў.

Наступныя рашэнні аб стаўцы рэфінансавання Нацыянальны банк будзе прымаць з улікам дынамікі інфляцыі, а таксама з улікам унутраных і вонкавых умоваў.

Сёлета рэгулятар зніжаў стаўку рэфінансавання ў студзені (з 12 да 11,5 %), а таксама ў сакавіку (з 11,5 да 11 %). Да пачатку вайны ва Украіне стаўка была 9,25 %, а 1 сакавіка 2022 года Нацбанк Беларусі падняў яе адразу да 12 %.

Алена Аляксандрава belsat.eu

Стужка навінаў