Зніклыя ў Берасці чыноўнікі затрыманыя за хабар – крыніцы «Белсату»


У Берасці затрыманы не толькі намеснік старшыні аблвыканкаму, але і дырэктар аднаго з буйнейшых прадпрыемстваў гораду, паведамляюць на ўмовах ананімнасці нашыя крыніцы.

Сяргей Вайтуховіч на мерапрымстве ў «Берасцейская кацельная гаспадарка». Месца Юрыя Аверчука вольнае. 13 лютага 2024 года.
Фота: bkh.brest.by

Гаворка ідзе пра першага намесніка старшыні Берасцейскага аблвыканкаму Валянціна Зайчука і дырэктара «Берасцейскай кацельнай гаспадаркі» Юрыя Аверчука. Неафіцыйныя крыніцы сцвярджаюць, што прычынай затрымання стаў хабар.

Пра затрыманне Зайчука ў Берасці пачалі гаварыць у канцы студзеня, але ў СМІ інфармацыя выйшла ад падуладнага блогера Аляксея Голікава. Унутраная кухня ў Берасці працуе так, што менавіта ён выпускае падобную інфармацыю, паралельна з сайта аблвыканкаму зніклі згадкі пра Валянціна Зайчука.

Валянцін Зайчук быў назначаны на пасаду першага намесніка старшыні Берасцейскага аблвыканкаму летам 2021 года. Да гэтага з 2015 года ён узначальваў Камянецкі раён.

Як паведамляюць нашыя крыніцы, з-за яго раптоўнага знікнення праблемы ўзніклі ў мясцовай федэрацыі футбола, кіраўніком якой ён быў абраны ў канцы 2022 года.

Са студзеня 2023 года Валянцін Зайчук стаў негалосным куратарам футбольнага клуба «Дынама» (Берасце), і менавіта на яго ляглі ўсе пытанні наконт фінансавання каманды. Пакуль усе пытанні спрабуе вырашаць прыведзены Зайчуком у «Дынама» на пасаду дырэктара Аляксандр Няўдах, але яго паўнамоцтваў не хопіць, каб трымаць клуб на плаву.

Тым часам адбылася пазачарговая канферэнцыя Берасцейскай абласной федэрацыі футбола, на якой былі разгледжаны пытанні ўнясення змен і дадаткаў у статут федэрацыі і зацвярджэнне новай рэдакцыі федэрацыі. Што хаваецца пад гэтымі фармулёўкамі нават на ўмовах ананімнасці даведацца не ўдалося. Адзначым, што Валянцін Зайчук уваходзіў у склад выканкаму АБФФ.

Пра тое, што знік Юрый Аверчук на ўмовах ананімнасці «Белсату» паведамілі супрацоўнікі «Берасцейскай кацельнай гаспадаркі» – ужо больш за месяц яго ніхто не бачыў. Некаторыя з іх нават бачылі як Юрыя Аверчука выводзілі з кабінета ў кайданках.

Апошні раз Аверчук з’яўляўся на публіцы 17 студзеня. На фота, размешчаных на сайце прадпрыемства да гэтай даты, можна ўбачыць дырэктара разам з яго намеснікам па ідэалагічнай рабоце Сяргеем Вайтуховічам. Далей на ўсіх фота Вайтуховіч адзін.

Сяргей Вайтуховіч і Юры Аверчук. 17 студзеня 2024 года.
Фота: bkh.brest.by

Так, напрыклад, ён узначальвае дэлегацыю прадпрыемства 23 лютага ў Берасцейскай крэпасці. Пры гэтым Аверчук быў вельмі актыўны кіраўнік і сам любіў засвяціцца на фота.

Калектыў КУВП «Берасцейская кацельная гаспадарка» прыняў удзел у цырымоніі ўскладання вянкоў і кветак да Вечнага агню ў мемарыяльным комплексе «Берасцейская крэпасць-герой». На фота (злева) – Сяргей Вайтуховіч, намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце, кадрах і побыце. 23 лютага 2024 года.
Фота: bkh.brest.by

Юрый Аверчук кіраваў «Берасцейскай кацельнай гаспадаркай» з 2017 года, а ў 2022 годзе, калі прадпрыемства адзначала сваё 55-годдзе, нават прызнаваўся мясцовай уладай чалавекам года.

Аб’ектыў
Куды знік берасцейскі чыноўнік?
2024.02.22 20:39

АС belsat.eu 

Стужка навінаў