Расея і Украіна наўрад ці пойдуць на кітайскі мірны план. Нашто тады Кітай яго публікаваў?


Міністэрства замежных справаў Кітаю апублікавала 24 лютага «Пазіцыю Кітаю ў палітычным урэгуляванні ўкраінскага крызісу». Як гэтая публікацыя паўплывае на вайну ва Украіне? Чаго напраўду хоча Кітай? «Белсат» спытаў замежных экспертаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Pxhere.com / CC0

План, які прапанаваў Кітай, мае 12 пунктаў. Галоўнае, што ён прадугледжвае, гэта прызнанне суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці «ўсіх краінаў» (без удакладнення пра тое, якія межы мусяць мець Расея і Украіна), адмова ад «ментальнасці Халоднай вайны», спыненне агню і пачатак мірных перамоваў.

Гэты план адрозніваецца ад таго, што прапануе Украіна, і ад таго, да чаго 23 лютага заклікала Генеральная асамблея Арганізацыі аб’яднаных нацыяў, у некалькіх ключавых момантах. Падзеі ва Украіне не называюць вайной ці агрэсіяй, вывесці войскі не прапануюць, Расею за вайну не асуджаюць – наадварот, заклікаюць спыніць «злоўжыванне санкцыямі».

Улады Расеі і Украіны на момант публікацыі не пагаджаліся і не адмаўляліся ісці па гэткім плане. Але дарадца кіраўніка Офісу прэзідэнта Украіны Міхайла Падаляк напісаў, што такі план, які прадугледжвае толькі спыненне агню, «гэта не пра мір, а пра замарожванне вайны, пройгрыш Украіны, наступныя этапы расейскага генацыду». Генеральны сакратар NATO Енс Стольтэнбэрг заявіў, што да Кітаю няма даверу, бо той не асудзіў незаконнае ўварванне Расеі, а дзеля мірных перамоваў, на якіх Украіна будзе прадстаўленая яе суверэнная дзяржава, трэба падтрымліваць украінскае войска. Дарадца прэзідэнта Злучаных Штатаў у нацыянальнай бяспецы Джэйк Саліван жа казаў, што Кітай мог бы спыніцца на першым пункце плану, павазе суверэнітэту, бо выкананне гэтага пункту азначае спыненне расейскіх атак і вывад расейскіх войскаў з Украіны. Уладзімір Пуцін, які развязаў вайну, на момант публікацыі не каментаваў кітайскую ініцыятыву.

Гэты план спрацуе?

Ваенны эксперт з Ізраілю Сяргей Мігдаль, былы афіцэр Міжнарднага ўпраўлення ізраільскай паліцыі, у каментары «Белсату» кажа: імавернасць, што Расея і Украіна пагодзяцца на такі план, «роўная нулю». Для Украіны прынцыповым з’яўляецца адвядзенне войскаў хаця б да лініі 23 лютага 2022 года: хай сабе прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі яшчэ да публікацыі плану пазітыўна адрэагаваў на размовы Кітаю аб мірным урэгуляванні, але адзначыў, што мае сваю «формулу міру».

«Ёсць магчымасць, што гэты план можа паслужыць адпраўным пунктам для нейкіх перамоваў, сакрэтных ці напаўсакрэтных, або негалосных, – разважае Мігдаль. – Што, напэўна, было б нейкім прасоўваннем наперад».

Ён згадвае, што ў ранейшых войнах паралельна з баявымі дзеяннямі гадамі трывалі мірныя перамовы. Так было з Карэйскай вайной, В’етнамскай, Ірана-Іракскай, вайной у Афганістане – хоць здавалася, што сітуацыі бескампрамісныя.

І ў цяперашняй сітуацыі, лічыць Мігдаль, план Кітаю мог бы стаць асновай для працяглых перамоваў, якія маглі б адбывацца паралельна з баявымі дзеяннямі. Калі б Расея хацела праводзіць больш «разумную» палітыку, каб «атрымаць балы ў сусветнай грамадскай думцы», магла б сказаць, што ў прынцыпе падтрымлівае такі план, разважае ён. З гледзішча міжнароднай дыпламатыі, абодвум бакам канфлікту важна не паказацца тымі, хто сабатуе мірнае ўрэгуляванне.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Кіраўнікі Таджыкістану, Расеі і Кітаю Эмамалі Рахмон, Уладзімір Пуцін і Сі Цзінь Пін на саміце Шанхайскай арганізацыі супрацы. Цындаа, Кітай. 10 чэрвеня 2018 года.
Фота: kremlin.ru

Аналітык Польскага інстытуту міжнародных справаў Марцін Пшыходняк таксама лічыць, што няма ніякіх шанцаў на тое, што Расея і Украіна пагодзяцца на планы Кітаю.

«Калі паглядзець на гэтыя пункты, якія ў прынцыпе ёсць паўтарэннем таго, што кітайцы кажуць аб вайне ці не з самага яе пачатку, то большасць з іх, калі іх узяць і рэалізаваць, паслужаць хутчэй расейскім інтарэсам і ў пэўнай ступені кітайскім», – заўважае Пшыходняк.

Ён сумняецца, што публікацыя плану неяк паўплывае на ход вайны ці распачне перамоўны працэс. Простае спыненне агню, кажа польскі эксперт, цяпер дало б расейскаму войску магчымасць перагрупавацца і нарабіць запасаў, час на пераасэнсаванне вайсковых і палітычных ініцыятываў, таму Украіна наўрад ці пагодзіцца на гэта, ды і даверу да Кітаю яна не мае. А Расея адрынае ідэю мірных перамоваў да поўнай перамогі над Украінай – Пшыходняк не мае ўпэўненасці ў тым, што расейцы ахвотна пагадзіліся б сесці за стол перамоваў, калі б Кітай аб гэтым прасіў ці нават гэтага патрабаваў.

Hавiны
Заходнія выведкі: Пуцін не гатовы да перамоваў і можа мабілізаваць яшчэ 1 млн чалавек
2023.02.22 11:34

Навошта гэта Кітаю?

Пшыходняк упэўнены, што Кітай апублікаваў план не для таго, каб на яго пагаджаліся Расея і Украіна – у тэксце ён бачыць толькі збор тых лозунгаў і наратываў, якія Кітай агучваў ужо год. Новае – хіба тое, што ўсе прапановы Кітаю сабралі ў адным месцы.

«Галоўнай прычынай таго, што кітайцы прадставілі тое, што прадставілі, гэта жаданне стварыць вобраз таго, што яны ёсць бокам, які нейкім чынам можа ўплываць на тое, што адбываецца ва Украіне. Хоць de facto відавочна, што яны такім бокам не з’яўляюцца», – лічыць польскі эксперт.

Сам факт такіх прапановаў ад Кітаю можа быць непрыемным для Расеі, кажа Мігдаль: гэта паказвае, што Кітай не на баку Расеі. Толькі нейтральны бок можа прапаноўваць такія планы.

«Мне здаецца, што ўсё ж асноўная мэта кітайцаў – яны хочуць гуляць на полі для вялікіх хлопцаў і паказваць, што цяпер яны адна з вялікіх дзяржаваў, якая можа выконваць ролю пасярэдніка і мадэратара ў такім сур’ёзным канфлікце», – разважае ізраільскі эксперт.

Кітай, адзначае Мігдаль, ад пачатку поўнамаштабнай вайны займаў нібыта нейтральную пазіцыю. Але разам з тым Кітай паказваў непрыманне заходняга курсу на санкцыі і пакаранне Расеі, а таксама «выражаў разуменне» аспектаў пазіцыі Расеі, вінаваціў Амерыку і Захад у давядзенні да такой сітуацыі. Цяперашні план жа паказвае, што Кітай больш хоча быць у пазіцыі нейтральнага арбітру – Мігдаль згадвае, што і ў галасаванні Генасамблеі ААН 23 лютага Кітай устрымаўся.

Хоць Кітай заўсёды лічыў сябе вялікай дзяржавай, па факце ён пасля Другой сусветнай вайны быў шмат гадоў выключаны з міжнароднай дыпламатычнай гульні, працягвае Мігдаль. Нават у ААН да 1971 года Кітай прадстаўляў урад з Тайваню – бок, які прайграў грамадзянскую вайну. Толькі ў 1980-х, калі да ўлады прыйшоў Дэн Сяў Пін, а камуністы адмовіліся ад мааісцкіх лозунгаў, Кітай пачаў падтрымліваць афганскіх маджахедаў, спрабаваць пасярэднічаць у мірных перамовах. Цяпер жа эканамічная магутнасць, палітычныя сувязі і стварэнне магутнага флоту дазваляюць Кітаю адчуваць сябе «на адным узроўні з Амерыкай», прэтэндаваць на «полюс біпалярнага свету» і вырашаць сусветныя праблемы.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Кітайскія вайскоўцы на парадзе з нагоды 90-годдзя стварэння Народна-вызваленчай арміі. Палігон Чжужыхэ, Кітай. 1 жніўня 2017 года.
Фота: China Daily

Расейскі кітаязнаўца Канстанцін Хахалін, які жыве на Тайвані, у каментары «Белсату» задаецца пытаннем аб тым, з чыёй ініцыятывы Кітай раптоўна выступіў з такой мірнай ініцыятывай цяпер, праз год з пачатку поўнамаштабнай вайны:

«На мой погляд, бок, які звярнуўся да Кітаю з падобнай просьбай аб пасярэдніцтве, гэта ўсё ж не Украіна, – разважае кітаязнаўца. – Хутчэй за ўсё, гэтая ініцыятыва, просьба аб пасярэдніцтве паходзіла ад другога боку канфлікту, то бок ад Расеі».

Ён мяркуе: Расея мае больш чым дастаткова прычынаў шукаць пасярэдніка ў мірным урэгуляванні. Хахалін згадвае, што нават афіцыйна прызнаныя Расеяй страты ва Украіне за паўгода вайны складалі больш за траціну афіцыйна прызнаных стратаў СССР за 10 гадоў вайны ў Афганістане. А калі і праўда Кітай агучыў мірны план на просьбу Расеі, паўстае пытанне: што за гэта Расея прапанавала Кітаю? Можна толькі здагадвацца, што менавіта, але такое пасярэдніцтва ў выпадку Кітаю не можа быць проста альтруізмам, упэўнены ён.

Аналітыка
На што робіць стаўку Кітай у вайне Украіны і Расеі?
2023.02.23 16:48

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў