Гісторыі герояў з самых вядомых здымкаў Украіны


Сёння, у гадавіну ўварвання Расеі ва Украіну, мы ўспомнілі самыя славутыя фотаздымкі, зробленыя цягам года ва Украіне. Распавядаем вам пра лёс іх герояў.

«Суровы» хлопчык з Херсону

Хлопчык Глеб з Херсону, Украіна. 12 лістапада 2022 года.
Фота: hajdu_d / Instagram

Пранізлівы партрэт хлопчыка, зроблены вугорскім фатографам Андрашам Хайду на наступны дзень пасля вызвалення гораду ад расейцаў. Фота абляцела ўвесь свет, хлопчык зрабіўся сімвалам украінскіх дзяцей вайны. У той дзень маці 13-гадовага Глеба ўпершыню за 9 месяцаў адпусціла яго ў горад. Хлопчык перажывае, што на здымку выглядае, быццам ён не рады вяртанню ЗСУ. Але гэта не так. Ён носіць на руцэ жоўтую павязку, як украінскія вайскоўцы, і марыць трапіць у іхныя шэрагі.

Мост праз Ірпінь

Украінцы збіраюцца пад разбураным мостам праз раку Ірпінь на ўскрайку Кіева, Украіна. 5 сакавіка 2022 года.
Фота: Emilio Morenatti / AP Photo / East News

Пасля пераправа зрабілася ледзь не адзіным месцам для ратунку жыхароў населеных пунктаў Кіеўскай вобласці – мінакі хаваліся пад разбураным мостам ад удараў авіяцыі і артылерыі ды пераходзілі па развалінах на іншы бераг ракі.

Нядаўна прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі анансаваў тут будаўніцтва мемарыялу. Архітэктары прапаноўваюць захаваць пералом мосту і пакінуць яго амаль у цяперашнім выглядзе, а новае дарожнае палатно збудаваць паралельна да зруйнаванага.

Ідэя атрымала шмат крытыкі ад украінцаў: «Вы думаеце, што людзі, якія перажылі тыя страшныя часіны ў Ірпіні і Бучы, павінныя штодня бачыць гэты страшны «адкрыты пералом»?

Прамень у «Азове»

Украінскі вайсковец стаіць пад промнямі сонца ў металургічным заводзе «Азоўсталь». Марыупаль, Украіна. 7 траўня 2022 года.
Фота: Dmytro Kozatski / Azov Special Forces Regiment of the Ukrainian National Guard Press Office / AP / East News

Увесну 2022 года металургічны камбінат «Азоўсталь» зрабіўся сховішчам для тысячы цывільных жыхароў і вайскоўцаў падчас абстрэлаў Марыупалю Расеяй.

Фатаграфія кіраўніка прэс-службы палка «Азоў» Дмытра Казацкага атрымала дзве ўзнагароды міжнароднага фотаконкурсу «International Photography Awards».  Адбылося гэта наступным чынам: у дзень, калі Дмытро Казацкі (Орэст) даведаўся, што трапіць у палон да расейцаў, ён выклаў фотаздымкі з «Азоўсталі» ў свой Instagram і папрасіў падпісальнікаў адправіць іх на міжнародныя конкурсы. На той момант ува ўсіх ужо скончыліся папяросы, а Дмытро прыхаваў адну і выпаліў, седзячы на руінах. Бо разумеў, што гэта ягоны апошні дзень на заводзе. Пазней ён трапіў у расейскі палон і, змарнелы, ужо паспеў вярнуцца дамоў. Дмытро лячыўся ў ЗША, нядаўна ён пайшоў з палка «Азоў». Але застаўся ў ЗСУ.

Дзяўчына з радзільні ў Марыупалі

Марыяна Вышэмірская ідзе ля радзільні, што пацярпела ад абстрэлу ў Марыупалі. 9 сакавіка 2022 года.
Фота: Mstyslav Chernov / AP Photo / East News

9 сакавіка Расея скінула некалькі магутных бомбаў на дзіцячы шпіталь ды радзільню ў Марыупалі. Каля 17 асобаў атрымалі раненні, у тым ліку цяжарныя жанчыны. Расейская прапаганда назвала бамбаванне радзільні «пастаноўкай».

Дзяўчыну з гэтага здымку завуць Марыяна Вышэмірская. Паварот ейнага лёсу – самы нечаканы з сабраных намі гісторыяў. Праз нейкі час Марыяна прыехала ў школу ў акупаваным Марыупалі раздаваць паветраныя шарыкі ў колерах расейскага сцяга. Акрамя таго, яе дапусцілі ў Аленаўскую калонію, дзе расейцы ўтрымліваюць украінскіх ваеннапалонных, і Марыяна публічна заявіла, што «стаўленне да ваеннапалонных адпавядае ўсім міжнародным нормам і ўяўленням аб велікадушнасці». Цяпер жа ейныя сацыяльныя сеткі прысвечаныя толькі блогу аб прыгажосці.

Дзяўчына ў купальні

Анастасія Швец сядзіць на руінах свайго дому ў Дняпры, Украіна. 14 студзеня 2023 года.
Фота: hromadske

Гэта страшнае фота зрабілася новым горкім сімвалам вайны ва Украіне. Дзяўчыну, якая сядзела на руінах свайго дому ў Дняпры, завуць Анастасія Швец, ёй 23 гады.

Пасля выбуху яе накрыла дзвярыма – і так яна выжыла. У той вечар у суседнім пакоі былі бацькі і кот, якія загінулі. Дзяўчына распавяла, што памятае, як перад смерцю ейны бацька жартаваў і падбадзёрваў іх.

На фота яна трымае зялёнага дыназаўра. З ім жа яна будзе ў шпіталі, адкуль прыедзе пазней развітацца з бацькамі. Цяпер яна ў цяжкім псіхалагічным стане, бо не паспела ачуняць ад папярэдняй страты. У лістападзе Анастасія страціла каханага – вайскоўца, які загінуў на вайне.

Твар Зяленскага

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі размаўляе са СМІ ў Бучы, Украіна. 4 красавіка 2022 года.
Фота: Ronaldo Schemidt / AFP / East News

Усе апісаныя вышэй гісторыі ды тысячы іншых пакінулі глыбокія зморшчыны на твары прэзідэнта Украіны, як і на тварах тысяч украінцаў пасля поўнамаштабнага ўварвання Расеі. Гэты здымак зроблены пасля вызвалення Кіеўшчыны, калі стала вядома пра масавыя зверствы і забойствы, здзейсненыя там расейцамі.

Аліса Ганчар  belsat.eu

Стужка навінаў