Cвятлана Ціханоўская: «Не можа скончыцца вайна, пакуль Беларусь не стане дэмакратычнай»


Святлана Ціханоўская са сваёй камандаю бяжыць бесперапынны марафон. Бег, дзе няма часу на сон і абед, складаецца з дзясяткаў і сотняў сустрэчаў з заходнімі палітыкамі, бізнесоўцамі, з беларускаю дыяспараю. Ціханоўская выступае адкрыта ў парламентах і гаворыць за зачыненымі дзвярыма. Ейныя суразмоўцы – усе тыя, ад каго залежыць лёс беларусаў і Беларусі. Ад філантропа Джорджа Сораса, дырэктараў «Google» і галоўнага рабіна Еўропы да канцлера Нямеччыны Оляфа Шольца. Святлана Ціханоўская выбівае грошы на перамогу беларусаў над дыктатурай, яна пераконвае заходніх лідараў трымаць адчыненымі дзверы вольнага свету для беларусаў, а тым, хто там ужо аказаўся, – трохі спрасціць жыццё, хаця б фармальнасці. Як яе прымаюць на Захадзе? Падрабязнасці – у рэпартажы Сяргея Пелясы з Мюнхену.

Святлана Ціханоўская – сярод самых уплывовых палітыкаў свету на Мюнхенскай канферэнцыі ў справах бяспекі. Форум у сталіцы Баварыі – самы стары і вялікі ў свеце. Яго ладзяць з 1963 г. Сюды, у славуты гатэль «Bayerischer hof», прыязджаюць кіраўнікі дзяржаваў, міністры і журналісты з усяго свету. З якім мэсіджам у Мюнхен прыляцела Святлана Ціханоўская.

«Не можа скончыцца вайна, вось гэтая нашая рэгіянальная, пакуль Беларусь не стане дэмакратычнай. З лукашэнкаўскім рэжымам, з тым уплывам, што Пуцін мае на яго, не будзе ніякага міру і бяспекі ў нашым рэгіёне», – заявіла дэмакратычная лідарка.

Святлана Ціханоўская мае каля трыццаці дыскусіяў і сустрэчаў за два дні. Справа не толькі ў колькасці, але і ў якасці. Сярод ейных суразмоўцаў – Нэнсі Пэлоўсі, былая спікерка Кангрэсу ЗША, адна з самых уплывовых палітыкаў у дэмакратычнай партыі.

Святлана Ціханоўская сустрэлася са старшынёй Еўрапейскай камісіі ды экс-міністаркай абароны Нямеччыны – Урзуляй фон дэр Ляен. Пазнаёміліся з новым прэзідэнтам Чэхіі Пэтрам Паўлам. З ёй размаўляў сусветнавядомы філантроп Джордж Сорас. Ягоны фонд рэжым Лукашэнкі выгнаў з Беларусі яшчэ ў 1990-ыя.

Вайна Расеі супраць Украіны, зразумела, была лейтматывам сёлетняй канферэнцыі. Аднак і беларускі акцэнт быў тут моцным.

«Нельга пакідаць Беларусь, беларускае пытанне, на дзень пасля вайны, пасля перамогі. Гэта трэба ўладкоўваць цяпер. Як я ўжо казала – лёсы нашых краінаў узаемазвязаныя», – такія словы гучалі ў прамове Святланы Ціханоўскай.

Сувязь няспыннай акупацыі Беларусі і вайны Расеі супраць Украіны добра разумеюць у Мюнхене. Святлана Ціханоўская паўдзельнічала ў некалькіх дыскусіях, у тым ліку ў дэбатах пад назваю «Змаганне за еўрапейскія свабоды: Што азначае барацьба Украіны і Беларусі для нашай будучыні»? Для арганізатараў беларускае ды ўкраінскае імкненне да еўрапейскай сям’і ёсць часткамі аднаго працэсу.

«Агульны месідж – гэта каб пра Беларусь не забываліся. Канечне, я разумею, што фокус цяпер на Украіне. Гэта добра, мы гэта таксама падтрымліваем. Але не ўсе разумеюць, як Беларусь можа паўплываць на бяспеку ў рэгіёне», – заявіла Святлана Ціханоўская.

Увечары ў Музеі пяці кантынентаў адбылася сусветная прэм’ера дакументальнага фільму пра Святлану Ціханоўскую. Яе вельмі цёпла прывітала аўдыторыя. Стужку з цыклу «Вартаўнікі праўды» для нямецкага тэлеканалу «Deutsche Welle» зняў вядомы турэцкі апазіцыйны журналіст Джан Дундар.

У зале было шмат беларусаў. На прэм’еру прыйшлі героі фільму – Ганна Канавалава са сваімі ўнукамі. Матуля дзетак, Антаніна Канавала, у турме, яна – вязень рэжыму Лукашэнкі.

Пасля прэзентацыі фільму беларусы атачылі Святлану Ціханоўскую пазітыўнымі эмоцыямі, доўга яе не адпускалі, рабілі супольныя фота, прасілі падпісаць нацыянальныя сцягі.

Беларусы не толькі каментавалі фільм, але і прасілі дапамагчы з развязкам сваіх фармальных праблемаў. Каб размаўляць з заходнімі палітыкамі пра залагоджванне такіх пытанняў, Святлана Ціханоўская і прыехала ў Мюнхен.

«Таксама гаворым пра тое, каб дапамагаць беларусам уладкоўваць іхныя міграцыйныя праблемы. Гэта тычыцца не толькі беларусаў у Еўрапейскім Звязе. Пытанне легалізацыі, апастыль, як атрымліваць пасведчанні на пражыванне. Гэта тычыцца і візавай палітыкі краінаў Еўразвязу, што выдаюць візы беларусам, якія застаюцца ў Беларусі», – распавёў Валерый Кавалеўскі, прадстаўнік у міжнародных справах Аб’яднанага пераходнага кабінету.

Мабільнасць беларусаў, магчымасць атрымаць візу, каб выехаць у Еўразвяз – гэта робіцца асабліва актуальным цяпер, калі Польшча закрыла большасць памежных пераходаў з Беларуссю. У адказ рэжым Лукашэнкі выслаў з нашай дзяржавы частку польскіх дыпламатаў.

«Нашая пастаянная тэма – гэта падтрыманне грамадзянскай супольнасці. Трэба яго нарошчваць. На сённяшні дзень мы кажам пра тое падтрыманне, якое атрымлівае беларуская грамадзянская супольнасць, дэмакратычныя сілы, каб падтрымліваць гэты рух, каб яго паступова развіваць. Ці дастаткова гэтага, каб перамагаць? Гэта іншае пытанне», – заявіў Валерый Кавалеўскі.

Акрамя падтрымання грамадзянскай актыўнасці, легалізацыі побыту беларусаў за межамі і візаў для беларусаў, Ціханоўская прасіла замежных партнёраў прыняць былых беларускіх палітычных вязняў на адпачынак.

«Святлану Ціханоўскую ўспрымаюць вельмі цёпла. Трэба адзначыць, што гэта ідзе не толькі да Святланы Ціханоўскай як асобы, хаця і гэта вельмі важна. Гэта і павага да барацьбы беларускага народу, які ўжо два з паловаю года не здаецца, патрабуе дэмакратычных зменаў. Таму такое цёплае стаўленне ідзе і да Святланы Ціханоўскай, і да беларускага народу», – мяркуе Валерый Кавалеўскі.

Не з кожнай сустрэчы ўдаецца выйсці з гатовым развязкам, аднак беларусы імкнуцца, каб кожная размова вяла да залагоджвання канкрэтнай праблемы, вяла да вольнай Беларусі. Святлана Ціханоўская размаўляе з усімі, каму неабыякавая сітуацыя ў Беларусі: палітыкамі, бізнесоўцамі, грамадскімі дзеячамі. Часам гэта выглядае небанальна. У Мюнхене яна сустрэлася, сярод іншых уплывовых асобаў, з лідарам габрэйскай супольнасці Еўропы – рабінам Пінхасам Гольдшмітам.

Заходнім лідарам ёсць з кім размаўляць пра Беларусь – а значыць, пра нас не забудуць, нават на фоне вайны Расеі супраць Украіны, а можа, парадаксальна, і дзякуючы ёй.

Рэпартаж з праграмы «ПраСвет»

ПраСвет
Джо Байдэн бачыць Беларусь у вольным свеце. «Прасвет» з Сяргеем Пелясою
2023.02.24 16:46
Стужка навінаў