У свеце назіраецца рост колькасці захворванняў на COVID-19


Адмыслоўцы Сусветнай арганізацыі здароўя фіксуюць рост колькасці выпадкаў захворванняў на COVID-19 за апошні месяц. Гэта на 52 % больш, як за папярэдні 28-дзённы перыяд.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: freepik.com

З 20 лістапада да 17 снежня былі зарэгістраваныя 850 тысяч выпадкаў захворванняў на COVID-19, з іх 3000 скончыліся смерцю пацыентаў, што на 8 % менш у параўнанні з папярэднім месяцам.

Колькасць выпадкаў шпіталізацыі з каронавірусам вырасла на 23 %: па ўсім свеце з 13 лістапада да 10 снежня з гэтым дыягназам у лякарнях праходзілі лекаванне больш за 118 тысячаў чалавек. З іх у аддзяленні інтэнсіўнай тэрапіі трапілі 1,6 тысячы, што на 51 % больш у параўнанні з папярэднім перыядам.

Але пры гэтым у арганізацыі падкрэслілі, што звесткі не адлюстроўваюць фактычнай колькасці захворванняў па ўсім свеце, бо справаздачы пра выпадкі заражэння COVID-19 выслалі толькі 105 краінаў, а пра выпадкі смерцяў ад гэтай хваробы – 50 краінаў.

У пачатку кастрычніка ў Менску назіраўся нізкі ўзровень шпіталізацыяў з COVID-19, пра што заяўляла старшыня Савету Рэспублікі Наталля Качанава. Пікам захворванняў яна назвала лістапад 2022 года, але ў 2023-м назіралі толькі 1,28 % ад пікавай колькасці захворванняў, «адзін-два чалавекі, якія паступаюць у лякарню».

У сярэдзіне лістапада ў беларускія шпіталі паступалі штодзень каля 20 чалавек з COVID-19. Пры гэтым уздым захворванняў на ковід, а таксама ВРВІ і грып прагназуецца на студзень – люты 2024 года.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў