22 лістапада на Вясёлкавым мосце (Rainbow Bridge) паміж ЗША і Канадай непадалёк Ніягарскага вадаспаду ўзарваўся аўтамабіль. Загінулі два чалавекі, якія былі ўсярэдзіне аўта. FBI не выключала версію спробы тэрарыстычнага акту, але ў сваім апошнім паведамленні яе адрынула.
«Падчас агляду месца здарэння на Вясёлкавым мосце выбуховых рэчываў не знойдзена. Сувязі з тэрарызмам не выяўлена. Справа перададзеная ў дэпартамент паліцыі Ніягара-Фолз», – паведамляе прэс-служба FBI ў сацсетцы X.
Яшчэ да таго, як з’явілася інфармацыя FBI, пра адсутнасць сувязі з тэрарызмам заявіла на адмысловай прэс-канферэнцыі пракурорка Злучаных Штатаў Трыні Рос. У сваёй заяве яна паабяцала амерыканцам, што, тым не менш, «будзе захоўвацца пільнасць».
Паводле следчых, выбух на Вясёлкавым мосце паміж ЗША і Канадай быў наступствам смяротнай аварыі з удзелам мужчыны, які ехаў на «Bentley» з высокай хуткасцю, піша CNN. Аўта ўдарылася аб бардзюр, потым аб агароджу і ўзарвалася. У аўтамабілі была жонка мужчыны-кіроўцы. Абедзве асобы загінулі. Няцяжкія траўмы атрымалі амерыканскія памежнікі.
Пасля аварыі каля Ніягарскага вадаспаду ўсе чатыры масты, якія злучаюць ЗША і Канаду, былі на некаторы час закрытыя, што прывяло да затрымак і напружанасці на памежных пераходах. Спыняў працу таксама міжнародны аэрапорт Бафалаў.
Зміцер Міраш belsat.eu