У Менску пабіты тэмпературны рэкорд 99-гадовай даўніны


У Менску, а таксама ў Мар’інай Горцы, што ў Менскай вобласці, 22 верасня былі пабітыя тэмпературныя рэкорды 99-гадовай даўніны, піша агенцыя BPN на падставе аналізу дадзеных Белгідрамету.

Людзі адпачываюць у парку Перамогі. Менск, Беларусь. 22 чэрвеня 2021 года.
Фота: АВ / Белсат

У Менску ды Мар’інай Горцы ў пятніцу, 22 верасня было гарачэй, чым у 1924 годзе, калі былі зафіксаваныя папярэднія максімумы тэмператур: 26,1°С супраць 24°С і 26,6°С супраць 25,7°С.

У некаторых іншых гарадах былі пабітыя рэкорды 1979 года: у Баранавічах – 25,7°С супраць 24,8°С, Лепелі – 25,9°С супраць 23,3°С, Наваградку – 25,2°С супраць 23,2°С, Пружанах – 26,9°С супраць 25,1°С, Сянно – 24,9°С супраць 24°С.

Абсалютны рэкорд дня для ўсёй тэрыторыі Беларусі выстаяў (27,4 °С 22 верасня 2018 года ў Брагіне).

Першыя тэмпературныя рэкорды восені былі зафіксаваныя 12 верасня. З таго часу былі перапісаныя 75 гістарычных максімумаў у розных мясцінах.

У Берасці і Высокім былі пабітыя рэкорды 1981 года, у Горадні, Бярэзінскім запаведніку, Барысаве, Верхнядзьвінску, Вілейцы, Ваўкавыску, Валожыне, Докшыцах, Лідзе, Лынтупах, Ашмянах, Полацку і Шаркаўшчыне – 1982 года, у Беразіно, Барысаве, Клічаве, Акцябрскім, Слуцку і Стоўбцах – 1983 года.

Тэмпературныя рэкорды апошніх 3 – 5 гадоў перапісаныя ў Віцебску, Магілёве, Ганцавічах, Езярышчы, Лельчыцах, Нарачы, Воршы, Пінску і на метэастанцыі «Палеская» у Лунінецкім раёне.

23 верасня тэмпературны рэкорд – +30°С, быў зафіксаваны ў 2003 годзе на станцыі «Палеская».

Каментар
«Гэта наша новая рэальнасць». Што адбываецца з надвор’ем у Беларусі?
2023.09.10 13:43

Надвор’е ў Беларусі становіцца ўсё менш прагназавальным. За гэтае лета сіноптыкі рэгулярна папярэджвалі аб розных узроўнях небяспекі то з-за экстрэмальнай спякоты, то з-за моцнага ветру і ліўняў.

Спякотна сёлета было не толькі ў Беларусі. Ліпень 2023 года, паводле Сусветнай метэаралагічнай арганізацыі, стаў самым спякотным месяцам за ўсю гісторыю назіранняў. Метэаролагі ААН звязваюць рэкордную спёку з антрапагенным змяненнем клімату і пачаткам Эль-Ніньё – падвышэннем тэмпературы экватарыяльных водаў Ціхага акіяну.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў