Мяккая анексія Расеяй, рух да дыктатуры і закатванне грамадства ў асфальт. Галоўныя трэнды лета ў беларускай палітыцы 


Мілітарызацыя краіны, пераход да камуністычнай дыктатуры, палярызацыя грамадства і новае «прыгоннага права». Такія апошнія трэнды беларускай палітыкі адзначылі эксперты.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Галоўныя трэнды ў палітыцы, эканоміцы і грамадскіх настроях у Беларусі за апошнія тры месяцы беларускія аналітыкі выклалі ў чарговым выпуску «Трэкеру перамен».  У камандзе экспертаў – палітычныя аналітыкі Павел Слюнькін і Арцём Шрайбман, сацыёлагі Філіп Біканаў і Генадзь Коршунаў ды эканаміст Леў Львоўскі. Распавядаем самае галоўнае.

Знешняя палітыка: мілітарызацыя і мяккая анексія Расеяй

Узброены паход ПВК Вагнэра на Маскву стаў цэнтраўтваральнай падзеяй лета ў знешнепалітычнай сферы. На працягу лета Расея паступова вывозіла з Беларусі мабілізаваных салдат, якія прайшлі навучанне на беларускіх палігонах, не дасылаючы туды навабранцаў. Аднак размяшчэнне наймітаў ПВК Вагнэра у Беларусі па выніках мяцяжу прывяло да рэзкага павелічэння на яе тэрыторыі расейскай ваеннай прысутнасці. Акрамя гэтага, у Беларусі пачаў функцыянаваць ваенны следчы аддзел Следчага камітэту Расеі. Аналагічныя прадстаўніцтвы Расея мае ў краінах, дзе знаходзяцца яе ваенныя базы або воінскія кантынгенты: у Арменіі, Таджыкістане, непрызнаных Паўднёвай Асеціі і Прыднястроўі.

Беларускі бок працягваў штучна ствараць напружанне ля сваіх заходніх межаў. За восем месяцаў 2023 года было перадухілена больш за 6 тысяч спроб перасячэння мяжы з боку Беларусі, у той час як за ўвесь мінулы год іх зафіксавана 5286.

Агляд
Польшча і Літва абмяркоўваюць магчымасць закрыцця межаў з Беларуссю. Спыталі ў беларусаў, як яны да гэтага ставяцца
2023.08.18 18:00

Мілітарызацыя Беларусі стала трыгерам для шэрага рашэнняў у галіне бяспекі і аховы дзяржаўных межаў у Польшчы, Літве і Латвіі. Апроч дзеянняў на нацыянальным узроўні, Балтыйскія краіны і Польшча абмяркоўваюць поўнае і сінхроннае закрыццё межаў з Беларуссю. Пры гэтым гібель Прыгожына не змяніла іх планаў. Улады Польшчы і Літвы заяўляюць, што рызыка пагроз не знізілася, а магчыма, нават павысілася. Праз тры гады пасля сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў беларускія ўлады ўшчыльную наблізіліся да перспектывы татальнай ізаляцыі краіны па лініі заходняй мяжы.

Кампенсаваць негатыўныя наступствы ад разрыву адносін з заходнімі суседзямі беларускім грамадзянам прапануецца за кошт паглыблення стасункаў з захопленымі Расеяй украінскімі рэгіёнамі. У той час калі ўмовы для паездак у Еўрапейскі саюз нязменна пагаршаюцца, беларусы атрымалі магчымасць аўтобусных падарожжаў у акупаваны Крым, які знаходзіцца ў зоне баявых дзеянняў. Для бізнесу беларускія ўлады таксама прадугледзелі альтэрнатыву. Прадпрыемствы з Беларусі цяпер могуць карыстацца паслугамі марскога порта ў акупаваным Расеяй і разбураным на 90% Марыупалі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Замест вучобы ў заходніх ВНУ для беларускіх абітурыентаў Міністэрства адукацыі плануе наладжваць супрацу з навучальнымі ўстановамі ў акупаваных Запарожскай, Херсонскай, Данецкай і Луганскай вобласцях. Кіраўнік праўладнай партыі «Белая Русь» Алег Раманаў прапанаваў альтэрнатыву і для беларускіх школьнікаў, якім уручыў пуцёўкі ў міжнародны дзіцячы цэнтр «Артэк», які знаходзіцца ў акупаваным Крыме, што падвяргаецца рэгулярным абстрэлам. «Артэк» унесены ў санкцыйны спіс ЗША за садзейнічанне незаконнаму вывазу ўкраінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторый.

Парламенцкая асамблея АБСЕ ўпершыню дакументальна дала характарыстыку працэсам дэсуверэнізацыі Беларусі за кошт пашырэння расейскага кантролю над ёй. У сваёй дэкларацыі па выніках штогадовай сесіі ПА АБСЕ назвала гэта «мяккай анексіяй» Беларусі Расеяй.

Аналітыка
«Лукашэнка ператварае Беларусь у сметнік». Што значыць мяккая анексія, пра якую кажа АБСЕ
2023.07.06 20:58

Унутраная палітыка: камуністычная дыктатура

Улетку беларускія ўлады пачалі падрыхтоўку да выбарчага цыклу 2024-25 гадоў. Аляксандр Лукашэнка і яго прапагандысты інтэнсіўна звяртаюцца да класічнага папулісцкага дыскурсу: супраць «эліты» і бюракратаў. Так, кіраўнік «Белай Русі» Алег Раманаў з прапагандыстам Рыгорам Азаронкам адправіліся ў сельскія магазіны, каб праверыць асартымент тавараў. У выяўленых праблемах яны абвінавацілі мясцовых чыноўнікаў і гандлёвыя сеткі. Азаронак не хаваў, што ўлада спрабуе перахапіць павестку, на якой узняліся апазіцыйныя блогеры (напрыклад, Сяргей Ціханоўскі). Відавочна, улада мае намер выкарыстоўваць нізавую сацыяльна-эканамічную незадаволенасць, будуючы вобраз увагі да простага чалавека на фоне «прагных бізнесменаў» і «бязладных чыноўнікаў на месцах».

Аналітыка
Антыядравы кансэнсус, рэкордавыя рэпрэсіі і русіфікацыя Беларусі: эксперты назвалі галоўныя трэнды ў краіне
2023.06.25 13:00

Практычна завершана зачыстка партыйнага поля, якая пазбаўляе апазіцыю апошніх легальных магчымасцяў для паўнавартаснага ўдзелу ў перадвыбарнай агітацыі. У выніку «перарэгістрацыі» замест 15 партый у краіне засталіся толькі 4 праўладныя: «Белая Русь», Камуністычная партыя, Ліберальна-дэмакратычная партыя і Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці. Упершыню ў гісторыі беларускіх парламенцкіх выбараў у 2024 годзе ў бюлетэнях можа наогул не аказацца апазіцыйных кандыдатаў.

Па тыпу пабудовы палітыка-партыйнай сістэмы беларуская аўтакратыя робіцца больш падобнай на большасць былых і існуючых камуністычных дыктатур (НДР, Чэхаславакія, Кітай, КНДР), а таксама на рэжымы ў шэрагу цэнтральнаазіяцкіх краін.

Такая мадэль мае на ўвазе існаванне толькі лаяльных да ўлады партый. Сярод іх вылучаецца адна дамінантная і некалькі сатэлітаў для імітацыі плюралізму.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Летам працягнулася мілітарызацыя краіны – са стварэннем новых атрадаў спецназа для барацьбы з апанентамі ўлады («Шторм» у Брэсце, «Тайфун» у Гродне і «Буран» у Гомлі), прызначэннем экс-сілавікоў на грамадзянскія пасады (дырэктар ПВТ) і пашырэннем маштабу рэгулярных збораў для ваеннаабавязаных. Цяпер ваеннымі зборамі будуць займацца не толькі ваенкаматы, але і КДБ.

А як там з грамадскай думкай?

Грамадская думка ў Беларусі застаецца палярызаванай. Сегменты праціўнікаў і прыхільнікаў дзеючай улады па-ранейшаму маюць супрацьлеглае бачанне палітыка-эканамічнай сітуацыі ў краіне, знешняй палітыцы і вайны Расеі супраць Украіны. Узровень непрыняцця пазіцый адзін аднаго застаецца высокім: большасць у кожным сегменце палічыла б за лепшае ўвогуле не бачыць сваіх супернікаў у Беларусі.

Што тычыцца дынамікі, спыніўся павольны рост колькасці тых, хто давярае рэжыму, які фіксаваўся зімой і вясной.

Як паказваюць іншыя даследаванні, за расколам паміж беларускім грамадствам і дзяржавай стаяць глыбокія адрозненні ў каштоўнасцях, поглядах на месца Беларусі ў міжнародных адносінах, а таксама на гісторыю і нацыянальную ідэнтычнасць. Схільныя не давяраць і зацятыя праціўнікі не ўспрымаюць Беларусь як сваю дзяржаву. Улічваючы, што дзяржава фактычна з’яўляецца ініцыятарам сацыяльнага канфлікту, дызасацыяцыя з ёй з’яўляецца важнай рысай у ідэнтычнасці многіх беларусаў.

Вынікі апытання таксама паказваюць, што размяшчэнне ядравай зброі і групы Вагнэра у Беларусі не сустрэла разумення ў грамадстве: нават сярод зацятых прыхільнікаў дзяржавы такія крокі ўхваляюць менш за палову.

Агляд
Беларускія эксперты распавялі пра асноўныя трэнды ў краіне
2022.12.18 18:08

Улада і грамадства: закатванне ў асфальт

Асноўныя трэнды ў працы рэпрэсіўнай сістэмы захоўваюцца, кіраўнікі сілавых структур сцвярджаюць намер яго не спыняць. За тры летнія месяцы па палітычных матывах было затрымана найменей 948 чалавек, прызнана экстрэмістамі – 90, палітзняволенымі – 69.

Працягваюцца затрыманні і перазатрыманні людзей паасобку і цэлымі сем’ямі, захоўваецца ціск на сваякоў (асноўная ўвага прыпадае на сем’і журналістаў, вядомых палітыкаў і беларускіх добраахвотнікаў, што ваююць ва Украіне). Трывае пераслед пэўных прафесійных груп (галоўным чынам адвакатаў, журналістаў); летам ад пераследу асабліва цярпелі святары каталіцкай і пратэстанцкай цэркваў.

Працягваюцца і так званыя «хапуны» – калектыўныя затрыманні і па месцы жыхарства (лідарамі па затрыманнях сталі Гомель і Магілёў), і на працы. Трываюць практыкі чыстак у прафесійным асяроддзі (напрыклад, сярод юрыстаў у фармаце кваліфікацыйных іспытаў).

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Захоўваецца тэндэнцыя затрыманняў на мяжы. Там працуе ўзмоцнены кантроль, у выніку якога праз праверкі тэлефонаў дзясяткі беларусаў трапляюць пад палітычны пераслед. Толькі ў чэрвені пасля затрымання на мяжы было асуджана як мінімум 36 чалавек, што вярталіся на радзіму.

У месцах зняволення ўзмацняецца ціск на палітвязняў. Тут апошнім часам пачынае вымалёўвацца новая тэндэнцыя – выкарыстанне практык карнай псіхіятрыі, калі палітычных зняволеных накіроўваюць на прымусовыя агляды ці лячэнне ў псіхіятрычныя клінікі (прыклады Паліны Шарэнды-Панасюк, Уладзіміра Кондруся, Валерыя Яроцкага, Ігара Папова). Праз мэтанакіраваны ціск і адмыслова створаныя невыносныя ўмовы ў месцах зняволення летам 2023 года павялічваецца пагроза для здароўя і жыцця людзей. Летам стала вядома, што ў няволі ўжо памерла некалькі чалавек.

Узмацняецца кантроль над грамадскай сферай, да дэманстрацыі «пакаяння» і нязгоды з «экстрэмізмам» пачынаюць дадаваць практыкі прымусу ваказвання сваёй згоды з палітыкай рэжыму.

Агляд
На выпадак, калі сабраліся па пашпарт на радзіму: за што затрымліваюць беларусаў, якія вярнуліся з-за мяжы
2023.09.19 17:49

Улады робяць захады па стварэнні новага «прыгоннага права» – асабістага падпарадкавання некаторых сацыяльна-прафесійных груп.

Па-першае, гэта прадстаўнікі сілавых органаў і дзяржслужачыя. Улады распрацоўваюць розныя падыходы дзеля таго, каб не проста забяспечыць іх лаяльнасць, але і атрымаць дадатковыя інструменты для ціску на іх у выпадку магчымага непадпарадкавання.

Па-другое, гэта адукаваныя людзі, занятыя ці ў сельскай гаспадарцы, ці ў прэзідэнцкай вертыкалі. Падчас чарговага выступу Лукашэнка загадаў забараніць ім звальняцца ці пераводзіцца на іншую працу без дазволу старшыні райвыканкаму.

Да гэтых груп трэба дадаць агулам тых, хто мае намер – нават патэнцыйна – з’ехаць з краіны ці наўпрост перасекчы яе межы. Нагодамі для такіх падазрэнняў можа стаць інфармацыя аб замове апастыля на дакументы, падача дакументаў на візу ці атрыманне «карты паляка». Як наступства, людзі трапляюць пад пільную ўвагу кампетэнтных органаў. У адных выпадках такімі органамі становяцца адміністрацыі прадпрыемстваў (для прафілактычных размоў), у другіх – ваенкаматы (для позваў у армію), у трэціх – міліцыя ці КДБ (на размовы і кантроль).

Аналітыка
Помста за нелюбоў да Лукашэнкі. Навошта эмігрантаў пазбаўляюць пашпартоў і даверанасцяў
2023.09.06 19:13

Па-ранейшаму любыя праявы таго, што выходзіць па-за межы савецка-расійскага гістарычнага і культурнага дыскурсу, прыхільнікі рэжыму разглядаюць як пагрозу. Галоўным ворагам у такой логіцы аказваюцца ўсе праявы беларушчыны.

Цягам лета рэпрэсіўны ціск у гэтым рэчышчы быў скіраваны перш за ўсё на бібліятэкі, архівы і музеі. Першым загадана прыбіраць з паліц працы Алексіевіч, Быкава, Геніюш, Някляева, Арсенневай (кнігі апошніх трох, як і частка творчасці Дуніна-Марцінкевіча, прызнаныя «экстрэмісцкімі»); а да электронных бібліятэк доступ абмяжоўваецца. У другіх адбываецца ўзмоцненая «чыстка кадраў» ад нелаяльных уладзе працаўнікоў. З трэцімі здараюцца скандалы, калі праўладныя актывісты там знаходзяць хоць нешта, што ўтрымлівае «Пагоню», спалучэнне бел-чырвона-белых колераў альбо згадкі пра паўстанне 1863 году.

Увогуле паўстанне 1863-64 гадоў і яго правадыр Кастусь Каліноўскі з’яўляюцца ледзь не самымі адмоўнымі тэмамі ў гісторыі ХІХ стагоддзя. Цяпер згадкі пра іх пільна адсочваюцца і знікаюць: на гістфаку БДУ знішчылі пано з выявай Каліноўскага; пад Баранавічамі знішчылі паштовую станцыю, у якой быў штаб паўстанцаў-каліноўцаў; у Гродне знік памятны знак у гонар паўстанцаў, а з бібліятэчнай сістэмы Гродна выдалілі біяграфію Каліноўскага. Мэта гэтых захадаў улады – вынішчэнне ці прынамсі прыхаванне любой інфармацыі, якая праблематызуе «братэрскі» характар беларуска-расейскіх стасункаў. Замест гэтага рэжым працягвае прасоўваць ідэі «рускага свету».

Каментар
Сяргей Будкін: Канцэпцыя развіцця нацыянальнай культурнай прасторы – сюррэалістычны твор
2023.09.20 08:52

Саша Гоман belsat.eu

Стужка навінаў