Два буйныя беларускія медыя плануюць стварыць новы незалежны тэлеканал


Як стала вядома «Белсату» з уласных крыніцаў, «Еўрарадыё» і «Malanka Media» ствараюць тэлебачанне з працоўнаю назваю «Belarus today». Мы папрасілі заснавальніка «Malanka Media» Паўла Марыніча распавесці пра новы праект.

Фота мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: Shutterstock

Павел Марыніч кажа, што ў беларускім медыяполі на сённяшні дзень не стае відэа- і тэлепраектаў, што і сталася нагодаю для ідэі стварыць яшчэ адзін тэлеканал.

«Адзіны незалежны тэлепраект сёння – гэта польскі праект «Белсат», польскага ўраду. А беларускага такога, які быў бы заснаваны беларусамі, няма», – кажа кіраўнік «Маланкі».

Размяшчацца новы тэлеканал будзе не ў Беларусі. Пакуль – падкрэслівае спадар Марыніч. Але гэта не перашкодзіць яму быць незалежным і беларускім, бо «гэта не будзе дзяржаўны канал, ён не будзе належаць ні да якой дзяржавы».

Пра дэталі будучага тэлеканалу Павел Марыніч на цяперашнім этапе распавядаць адмовіўся, бо нічога канкрэтнага яшчэ няма, праект пакуль, кажа ён, існуе толькі на ўзроўні планаў і абмеркаванняў.

«Не магу нічога распавесці, бо яшчэ нічога не зроблена. І калі і ёсць нейкія планы, то яны яшчэ абмяркоўваюцца. Гэта нашая мара – усё, што магу сказаць. І вялікае жаданне зрабіць грамадскае тэлебачанне. Такое, як «Суспільне» ва Украіне», – зазначыў медыяменеджар.

Пэўны час таму Павел Марыніч абвяшчаў планы стварыць беларускае інфармагенцтва. Праца над ім ідзе, запэўнівае кіраўнік «Malanka Media».

«Мы робім яго. Але гэта не нешта, што ў адну хвіліну робіцца, гэта праца, якая доўгі час робіцца. Нічога не бывае адразу. Каб мець інфармагенцтва, патрэбныя журналісты ўнутры краіны, патрэбная база», – кажа спадар Павел.

Hавiны
«Зборышча суцэльных крымінальнікаў». Хто робіць праект «Malanka Media»
2021.08.21 08:30

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў