Парк высокіх тэхналогіяў у паведамленні з нагоды свайго 18-годдзя «пахваліўся», што IT-галіна фармуе каля 4% ВУП Беларусі. Летась было 5,3%.
«Сёння рэзідэнты ПВТ фармуюць каля 4% ВУП Беларусі і траціну ўсяго экспарту паслугаў краіны», – гаворыцца ў паведамленні Парка высокіх тэхналогіяў з нагоды ягонага 18-годдзя.
«За гады свайго існавання Парк высокіх тэхналогіяў стаўся спрыяльнай экасістэмаю і калыскаю для таленавітых адмыслоўцаў і інавацыйных кампаніяў», – сцвярджаюць у ПВТ.
Там таксама заявілі, што маюць актыўную супрацу з замежнымі партнёрамі і інвестарамі, а рэзідэнты ПВТ штогод бяруць удзел «у дзясятках выставаў у Беларусі і за мяжою». «Гэта дазваляе прыцягваць замежныя інвестыцыі ў беларускую IT-сферу і ўмацоўваць пазіцыі краіны на сусветнай арэне высокіх тэхналогіяў», – гаворыцца ў прэс-рэлізе.
Тым часам статыстыка сведчыць, што доля IT у ВУП Беларусі зніжаецца другі год запар: у 2019 годзе было 5,2%, у 2020-м – 6,2%, у 2021-м – 6,5%, а ў 2022-м – 5,3%.
Эканамісты кажуць, што стагнацыя ў гэтай галіне адбіваецца на вонкавым гандлі Беларусі. Ужо два месяцы краіна імпартуе болей, чымся прадае за мяжу. Раней сальда вонкавага гандлю заставалася дадатным дзякуючы значнаму экспарту паслугаў, аднак гэты артыкул прыбыткаў скарачаецца – і найперш з увагі на змяншэнне экспарту IT-сферы.
З 2020 года не спыняецца рэлакацыя праграмістаў і сыход з Беларусі IT-кампаніяў, пра гэта ПВТ у віншавальным паведамленні не згадвае.
Сяргей Крот belsat.eu