Расейцы бягуць у Беларусь: наколькі вольныя гатэлі і колькі каштуюць нумары. А ў іншых краінах?


Адным з накірункаў уцёкаў мужчынаў з Расеі ад мабілізацыі на вайну з Украінай стала Беларусь, якая служыць свайго кшталту перавалачным пунктам на вылет у іншыя краіны. Карэспандэнты «Белсату» ўжо пісалі пра рост попыту на пасодневую арэнду кватэраў і вялікія чэргі на чыгуначным вакзале і ў аэрапорце, а цяпер вырашылі праверыць, як сітуацыя з гатэлямі.

Гасцініца «Беларусь». Менск, Беларусь. 25 траўня 2022 года.
Фота: Белсат

У Менску мы патэлефанавалі ў не самыя танныя гатэлі – «Беларусь» на Нямізе і «Менск» каля плошчы Незалежнасці. Але ў абодвух выпадкаў вольных нумароў на вечар з пятніцы 23 верасня на суботу 24-га не было зусім. Ні на адну асобу, ні на больш.

«На сёння, на жаль, распрададзена ўсё», – заявілі ў «Менску».

У «Беларусі» вольныя нумары з’явяцца толькі ў нядзелю 25-га. Аднамясцовы за содні будзе каштаваць 152 рублі (каля 60 долараў) без сняданку за содні. А вось у «Менску» аналагічныя варыянты абяцаюць з’явіцца ўжо ў суботу, 24 верасня. І абыдуцца яны ў 184 рублі (72 долары).

Патэлефанавалі мы і ў гасцініцы гарадоў, якія з’яўляюцца цэнтрамі вобласцяў, што мяжуюць з Расеяй. І вось там сітуацыя з нумарамі ў гатэлях лепшая, чым у сталіцы. Магчыма, што жыхары Пскоўшчыны, Смаленшчыны і Браншчыны не вельмі імкнуцца праз Беларусь выехаць у іншыя краіны.

Hавiны
Менск як перавалачны пункт: куды хлынуць расейцы пасля аб’яўлення частковай мабілізацыі?
2022.09.21 14:32

Гэтак, у гасцініцы «Віцебск» нумар на аднаго чалавека на сёння ёсць і каштуе 52 рублі (20 долараў). Праўда, прызнаюцца ў гатэлі, «нумароў мала».

Ёсць нумары і ў гасцініцах «Магілёў» і «Гомель». У Гомлі нумар на адну асобу абыдзецца ў 50 рублёў (каля 20 долараў), у Магілёве – у 70 (27 долараў).

Так што нумары ў гатэлях для тых, хто не хоча быць дасланым на фронт, пакуль ёсць. Праўда, перадусім не ў Менску.

А што ў іншых краінах?

Таксама вельмі шмат паведамленняў пра масавую міграцыю расейскіх мужчынаў прыходзіць і з іншых краінаў, куды наземным транспартам яшчэ пускаюць уладальнікаў чырвонага пашпарту. Напрыклад, у Грузію, Манголію і Фінляндыю. Прапановы адтуль мы пашукалі на сайце booking.com, які ад сёлета больш не працуе ў Беларусі.

Найменшы выбар начлегу на адну асобу ў ноч з 23 на 24 верасня сайт прапануе ў Манголіі – толькі 17 варыянтаў танней за 50 долараў. Праўда, ёсць і тыя, якія каштуюць толькі 7 долараў.

Фінляндыя пакуль мае 76 варыянтаў коштам да 50 долараў. Самая танная ноч абыдзецца ў 24 долары.

А вось у Грузіі варыянтаў на адну ноч на адну асобу з коштам да 50 долараў больш як тысяча. Некаторыя з іх, калі не падманвае booking.com, каштуюць толькі 2 долары. Так што, маючы якія-ніякія запасы, там можна жыць даволі працяглы час.

Hавiны
Расейцы ў Беларусі скупляюць валюту, сімкі і шукаюць кватэры. А іх адсочвае міліцыя
2022.09.22 16:31

Прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін выступіў са зваротам да грамадзянаў краіны і аб’явіў аб частковай мабілізацыі. «Для абароны нашай радзімы і цэласнасці лічу неабходным падтрымаць частковую мабілізацыю», – заявіў ён раніцай 21 верасня. Пасля гэтага самым папулярным запытам у пошукавых сістэмах «Google» і «Яндекс» стаў «як выехаць з Расеі», а на межах і ў аэрапортах утварыліся чэргі.

Пра вялікую колькасць прыезджых з Расеі паведамляюць, напрыклад, беларускія арэндадаўцы.

«Нехта хоча зняць кватэру на месяц, нехта на тыдзень. Я мяркую, што гэта час, за які людзі спадзяюцца набыць квіткі, каб паляцець у іншыя краіны. Часцей за ўсё гэта сем’і з дзецьмі, радзей бываюць самотныя мужчыны. Зразумець, што гэта менавіта расейцы, не складана. Па-першае, яны няправільна прамаўляюць назвы нашых вядомых вуліц, а па-другое, гэта адразу чуваць па гаворцы», – кажа адзін з арэндадаўцаў.

Пры гэтым госці з Расеі спрабуюць знізіць цану, хоць часам бяруць кватэры і за большы кошт, чым хацелі ўласнікі.

Тым часам беларускія сілавікі ўжо атрымалі вуснае распараджэнне ідэнтыфікаваць расейцаў, якія прыехалі схавацца ад мабілізацыі. Таксама і ў аэрапорце Менску, дзе істотна вырас попыт на квіткі, міліцыя пачала правяраць мужчынаў з расейскімі пашпартамі.

Hавiны
Вылецець з Менску на поўдзень робіцца праблематычна – істотна вырас попыт
2022.09.22 21:03

Макар Мыш belsat.eu

Стужка навінаў