20-гадовая кіраўніца зэльвенскага камітэту БРСМ учыніла суіцыд


Выданне «Зеркало» паведаміла пра самагубства першай сакратаркі Зэльвенскага раённага камітэту БРСМ Веранікі Палубок. Паводле неафіцыйнай версіі, прычынаю стаўся канфлікт на працы.

Вераніка Палубок.
Фота: «Зеркало» / zerkalo.io

Вераніка Палубок знікла 21 жніўня, калі паехала ў горад Масты. Там ейны аўтамабіль знайшлі. Дзе знаходзілася сама дзяўчына, вядома не было.

Сёння пошукава-ратавальны атрад «Анёл» паведаміў, што яе знайшлі мёртвай. Афіцыйнай інфармацыі пра здарэнне няма.

Сяброўка спадарыні Веранікі распавяла выданню «Зеркало», што перад смерцю дзяўчына напісала бацьку, развіталася і папрасіла нікога не вінаваціць ды не шукаць яе.

«Ходзяць чуткі, але гэта не дакладная інфармацыя, што ў яе былі сур’ёзныя праблемы на працы», – сказала крыніца.

Іншая суразмоўца журналістаў таксама назвала гэтую версію:

«Яна раней працавала ў школе, але яе адтуль выцягнулі ў БРСМ. Хацела звольніцца, але не давалі. Гавораць, прычынай суіцыду і стала работа. Паводле знаёмых, яна не давала ёй рады. Вераніка вельмі спакойная, ніякіх праблемаў з псіхікаю ў яе не было».

Вераніка Палубок нарадзілася ў Мастоўскім раёне. У 2021 годзе скончыла Ваўкавыскі каледж, дзе вучыла нямецкую мову. Тады ж пайшла працаваць настаўніцаю ў школу ў Дзярэчыне Зэльвенскага раёну і паступіла на завочнае ў Менскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт. У леташнім ліпені яна ўзначаліла аддзяленне БРСМ у Зэльве.

Абноўлена
Жыхары Мастоў паведамляюць пра суіцыд намесніка старшыні райвыканкаму
2023.07.15 18:32

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў