Сакратар Савету бяспекі Расеі Мікалай Патрушаў на сустрэчы з калегамі з Шанхайскай арганізацыі супрацы раскрытыкаваў іх за ўдзел у супольных вайсковых вучэннях з ЗША. Пра гэта паведамляюць «Аргументы и факты».
Незадаволенасць Масквы выклікалі вучэнні «Рэгіянальная супраца – 2022», што праходзілі ў Таджыкістане пры ўдзеле прадстаўнікоў ЗША, Казахстану, Кыргызстану, Узбекістану, Манголіі і Пакістану.
«Хацеў бы нагадаць партнёрам, што падобныя падзеі патрэбныя амерыканцам перадусім для вывучэння патэнцыйнага тэатру ваенных дзеянняў, удакладнення каардынатаў перспектыўных цэляў і карэктавання лічбавых мапаў для высокадакладнай зброі. Вельмі спадзяюся, што ўсе краіны – сябры ШАС і цяпер усведамляюць, якія надзвычай высокія рызыкі для нашай бяспекі ўяўляюць гэтыя амерыканскія ініцыятывы», – сказаў Патрушаў.
Паводле яго, ЗША не пакідаюць спробаў дамовіцца з суседзямі Афганістану пра стварэнне там антытэрарыстычнай інфраструктуры.
У ШАС уваходзяць Індыя, Казахстан, Кітай, Кыргызстан, Пакістан, Расея, Таджыкістан, Узбекістан. Беларусь, Афганістан, Іран і Манголія – назіральнікі пры арганізацыі.
Якуб Хруст belsat.eu