Былы палітвязень Валянцін Лабачоў заявіў «Белсату», што Віктар Бабарыка знаходзіцца ў цяжкім стане, і таму не ўзяў удзел у судовым працэсе свайго сына Эдуарда. Паводле нашага суразмоўцы, зняволены цяпер у турэмным шпіталі пад Менскам: «Гэта закрытая ўстанова, адтуль інфармацыя фактычна ніяк прасачыцца не можа».
Былы палітвязень Валянцін Лабачоў кажа, што атрымаў звесткі пра стан Віктара Бабарыкі ад сваякоў іншых палітзняволеных, якія ездзілі ў наваполацкую калонію на доўгатэрміновае спатканне:
«Палітвязні распавядалі сваякам пра тое, што вядома, якія ходзяць чуткі. Стан цяжкі, прабіта лёгкае, хутчэй за ўсё, ён перанёс інсульт».
Лабачоў канстатаваў, што аніякіх падрабязнасцяў не мае, бо інфармацыя пра Бабарыку старанна хаваецца.
«Хутчэй за ўсё, ён знаходзіцца ў рэспубліканскім шпіталі для зняволеных у Калядзічах пад Менскам. У наваполацкай лякарні трымаць не могуць, таму што інфармацыя прасочваецца, а там закрытая ўстанова, адтуль інфармацыя фактычна ніяк прасачыцца не можа», – адзначыў суразмоўца «Белсату».
Адзінае, што можна сцвярджаць з упэўненасцю: у калоніі Бабарыкі няма.
«Яго нават і трымаць там асабліва няма дзе, бо ён патрабуе догляду. У медчастцы – таксама, там асабліва няма ніякіх дактароў. Палітвязні б ведалі, што ён там, гэтага не схаваеш», – сказаў Лабачоў.
Праз тое, што Віктара Бабарыку не прывезлі на суд над сваім сынам Эдуардам, актывіст робіць выснову, што палітвязень у цяжкім стане:
«Бабарыка быў заяўлены сведкам у справе свайго сына, нават пракурор выклікаў, але яго не было. Значыцца, ягоны стан вельмі кепскі. Нават Марыю Калеснікаву паказвалі праўладныя каналы, калі пра яе не было інфармацыі. Напэўна, улады не ведаюць, што рабіць цяпер».
Лабачоў таксама звярнуўся да грамадзяніна Лукашэнкі з заклікам распаўсюдзіць звесткі пра стан Бабарыкі:
«Хацеў бы звярнуцца да грамадзяніна Лукашэнкі, каб ён адказаў на пытанне, дзе Бабарыка, што з ім. Калі спадар Лукашэнка не можа паказаць Віктара Бабарыку, значыцца, ён трус, а як трус можа называць сябе айцом беларускага народу?»
Інфармацыя пра шпіталізацыю Бабарыкі з’явілася 26 красавіка. Паведамлялася, што ён з слядамі збіцця і пнеўматораксам трапіў у наваполацкую лякарню. Праз нейкі час палітзняволенага адтуль вывезлі, а куды – невядома. Пасля выцеку звестак пра Бабарыку наваполацкія дактары зазналі рэпрэсіі: чатыры лекары атрымалі арышт, адзін – штраф, пазней іх усіх звольнілі.
Звесткі пра тое, што палітвязень знаходзіцца ў Калядзічах, з’яўляліся і раней, аднак дакладна не вядома, ці ўжо працуе там шпіталь для зняволеных, які мелі пабудаваць на тэрыторыі новага СІЗА.