Блогер Кабанаў: у Віктара Бабарыкі ў выніку збіцця можа быць зламанае рабро і прабіта лёгкае


Прэтэндэнта на пасаду прэзідэнта Беларусіна выбарах 2020 года, палітвязня Віктара Бабарыку маглі моцна пакалечыць у калоніі, сказаў у эфіры «Студыі «Белсат» блогер Аляксандр Кабанаў са спасылкай на свае крыніцы.

Віктар Бабарыка.
Фота: viktar_babaryka / Instagram

Паводле Кабанава, да збіцця Бабарыкі маглі быць датычныя супрацоўнікі калоніі, бо ў той час экс-банкіра трымалі ў штрафным ізалятары, і магчымасці сустракацца з іншымі вязнямі ў яго не было.

Знаёмыя дактары казалі Кабанаву, што ў Бабарыкі прабітае лёгкае. Гэта значыць, былі зламаныя рэбры, і гэтую інфармацыю пацвердзілі крыніцы з калоніі.

«Іншыя крыніцы з калоніі мне сказалі, што яго збілі, што зламаная рабрына, якая трапіла ў лёгкае. Самае важнае: на думку тых, хто знаходзіцца там, дадзена каманда зверху па максімуме ўзмацніць жорсткасць рэжыму ўтрымання такіх знакавых фігур, пачаць жорстка з імі абыходзіцца. З чым гэта звязана? Не ведаю, але на маю думку, улада не хоча, каб людзі даведваліся, што адбываецца ў калоніях, і вось на іх яна паказвае», – кажа Кабанаў.

Пра Віктара Бабарыку нічога не вядома ўжо больш за месяц. Увечары 26 красавіка стала вядома, што ён быў дастаўлены ў шпіталь з Наваполацкай папраўчай калоніі № 1. Гэта адбылося ўначы на 25 красавіка. Паведамленне выклікала вялікі міжнародны рэзананс. Аднак нягледзячы на шматлікія заклікі да ўладаў паказаць, у якім стане палітвязень, гэтага зроблена не было.

12 траўня праваабаронцам стала вядома, што Віктар Бабарыка больш не значыцца ў складзе свайго атраду ў ПК-1 у Наваполацку, дзе палітвязень адбываў пакаранне.

13 траўня былы палітвязень Валянцін Лабачоў распавёў, што Бабарыку перавялі ў лякарню ў Калядзічы.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў