Віталь Алейнік пра вяртанне інвестараў у Беларусь: «Гэта ўжо, прабачце, не адмываць абасраных кароваў»


Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі зняпраўдзіла інфармацыю, што вытворца цягнікоў «Stadler» нібыта сыходзіць з нашай краіны, пра што раней паведамляў міністр транспарту Літвы. Пра гэтыя заявы, а таксама інвестыцыі ў прадпрыемствы ў жывым эфіры «Белсат» распавёў эканаміст Віталь Алейнік.

Цалкам размову глядзіце ў нашым відэа:

«У фінансавых колах таксама ёсць інфармацыя пра тое, што аб’ёмы вытворчасці кампаніі “Stadler” са швейцарскім капіталам значна скараціліся. Канешне, можна дыскутаваць, ці гэта з’яўляецца спыненнем вытворчасці, ці не, але факт застаецца фактам, што мы ўжо дастаткова рэгулярна з вамі абмяркоўваем: з Беларусі сыходзяць замежныя кампаніі. Гэта была і кампанія “Синэво”, як мы памятаем гэтую скандальную гісторыю, і памятаем гісторыю з кампаніяй “Олві” (“Лідскае піва”), зараз гэта гісторыя з кампаніяй “Stadler”».

Эксперт нагадвае, што яшчэ ў 2011 годзе на візіт заснавальніка гэтай кампаніі Спулера са Швейцарыі ўскладаліся вялікія надзеі, бо менавіта Беларусь магла стацца вялікім рэгіянальным хабам для вытворчасці топавых цягнікоў, сучасных топавых сродкаў мабільнасці, так званым калідорам для краінаў СНД. Але зараз акурат Літва, не Беларусь, падпісвае кантракт на 200 мільёнаў еўра на замову ў абыход нашай краіны. Віталь Алейнік адзначае:

«За апошнія гады кампанія “Stadler” сталася адной з нямногіх, якая магла б яшчэ прыцягваць замежныя грошы. І мы ведаем, што той жа Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця ўклаў дзясяткі мільёнаў у межах сваёй праграмы развіцця інфраструктуры. І зараз зразумела, што ён цалкам скараціў сваю праграму, таму інвеставаць у вытворчасць у Беларусь не прыходзіцца».

Цягнік «Stadler».
Фота: Беларуская Чыгунка

Што датычыць заяваў Лукашэнкі пра тое, што над інвестарамі з Захаду проста трэба працаваць і фактычна вялікіх праблемаў няма, эканаміст падкрэслівае:

«Гэта нонсэнс, які дэкларуецца на афіцыйным узроўні. А з іншага боку мы бачым, што адбываецца ў самой краіне: інвестары прынамсі імкнуцца хоць неяк захаваць свае грошы, якія яны ўклалі. Той жа “Stadler” не можа, канешне, падняцца і вывесці свае заводы, таму што гэтага кампаніі проста не дазволяць, гэта будуць страчаныя грошы, кампанія павінная будзе некаторыя свае замовы скончыць».

Замяшчэнне інвестыцый, паводле эканаміста, сапраўды мае быць, што можна прасачыць і на ўзроўні афіцыйнай статыстыкі, калі звярнуць увагу на апошнія абнаўленні ад Міністэрства эканомікі. За студзень-сакавік гэтага года інвестыцыі скараціліся амаль на 8% у параўнанні з тым жа перыядам мінулага года. Што, на думку Віталя Алейніка, сведчыць пра тое, што заходнія інвестары папросту не рызыкуюць ісці ў Беларусь.

«Мы бачым, што тыя планы, нейкія загады, якія аддаюцца, каб на месцах спрабавалі распрацоўваць нейкія фінансавыя планы, таксама гучаць вельмі сімвалічна. Таму што, па-першае, у Беларусі цяпер амаль няма спецыялістаў, якія могуць распрацоўваць фінансавыя мадэлі, якія маглі б стацца чыннікам прыцягнення інвестыцый. Гэта ўжо, прабачце, не адмываць абасраных кароваў, гэта больш важкая справа. А па-другое, нават калі б такую мадэль зрабілі, проста каб прачытаць яе заходнімі інвестарамі, я сабе не магу такога ўявіць», – падкрэслівае эксперт.

Марыя Голдстэйн belsat.eu

Стужка навінаў