Супольнасць чыгуначнікаў зняпраўдзіла інфармацыю аб сыходзе з Беларусі кампаніі «Stadler»


Міністр транспарту і камунікацыі Літвы Марыус Скуодзіс заявіў 22 чэрвеня, што кампанія «Stadler» сышла з Беларусі «або знаходзіцца ў працэсе сыходу і больш не займаецца выпускам сваёй прадукцыі». Але Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі зняпраўдзіла гэтую інфармацыю, заявіўшы, што казаць пра закрыццё вытворчасці «Stadler» у Беларусі заўчасна.

«На сёння, згодна з інсайдарскай інфармацыяй, планаў па скарачэнні штату супрацоўнікаў і згортванні вытворчасці ў агляднай перспектыве ў заводу «Stadler» няма», – паведамляе Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі.

Паводле атрыманых чыгуначнікамі звестак, на заводзе маюцца вакансіі, на якія ўладкоўваюць працаўнікоў адпаведнай кваліфікацыі. А ўзровень заробкаў на прадпрыемстве – дастаткова высокі. Зараз «Stadler» ажыццяўляе ў Беларусі праект па вытворчасці рухомага складу для Казахстану і Азербайджану. Працягваецца сэрвіснае абслугоўванне абсталявання электрацягнікоў, закупленых для Беларускай чыгункі.

«У сувязі з гэтым можна сцвярджаць, што завод па вытворчасці электрацягнікоў у Фаніпалі ў бліжэйшы час працягне сваё функцыянаванне, нягледзячы на звесткі, якія распаўсюджваюцца ў інфармацыйных сетках, пра яго спыненне», – прыходзіць да высновы Супольнасць беларускіх чыгуначнікаў.

Швейцарская кампанія «Stadler» не рабіла заяваў аб сыходзе з беларускага рынку. Пачынаючы з 2014 года філіял кампаніі працаваў у горадзе Фаніпаль Дзяржынскага раёну. Там адбываецца зборка рухомых саставаў, вагонаў метро, трамваяў і спальных вагонаў.

Hавiны
Пад санкцыі ЕЗ трапілі кіраўнікі Беларускай чыгункі і Дзяржкамітэту ваеннай прамысловасці
2023.06.23 17:30

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў