Шарэнду-Панасюк – у СІЗА № 1, Наталлю Дуліну – у калонію. Хроніка рэпрэсіяў у Беларусі за 23 чэрвеня


Лукашэнкаўскі рэжым не спыняе рэпрэсіяў супраць беларускага народу. Затрыманні, суды і здзекі з палітвязняў працягваюцца. 23 чэрвеня стала вядома, што Паліну Шарэнду-Панасюк, якая павінна была ў жніўні выйсці на волю, кінулі на Валадарку.

Паліна Шарэнда-Панасюк.
Крыніца: spring96.org

У траўні 2023 года Паліна Шарэнда-Панасюк падала афіцыйны зварот аб выхадзе з беларускага грамадзянства. Гэтым выказала пратэст супраць катаванняў. У пятніцу 23 чэрвеня стала вядома, што палітзняволеную перавялі ў СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага ў Менску. Супраць яе зноў завялі крымінальную справу «за непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі».

Справу палітзняволенай журналісткі Ларысы Шчыраковай перадалі ў суд. Ёй выставілі абвінавачанне паводле арт. 369–1 КК («Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь»), ч.1 і ч.2 арт. 361–4 КК («Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці і тое ж дзеянне, якое ажыццяўляецца паўторна»). Нібыта Шчыракова размяшчала ў сеціве, у тым ліку на дэструктыўных рэсурсах, матэрыялы, якія дыскрэдытавалі Рэспубліку Беларусь. І быццам бы захоўвала і перадавала інфармацыю для «Вясны» і «Белсату».

Hавiны
Палітзняволеную Ларысу Шчыракову будуць судзіць за працу з «Вясной» і «Белсатам»
2023.06.23 09:56

Праваабаронцы паведамілі таксама, што былую дацэнтку кафедры італьянскай мовы МДЛУ Наталлю Дуліну перавялі ў гомельскую жаночую калонію. Палітзняволеная Наталля Дуліна была асуджаная да трох з паловай гадоў калоніі паводле арт. 342 КК («Актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак») і ч. 1 арт. 361-4 («Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»). Судзілі яе ў закрытым рэжыме.

Наталля Дуліна падчас акцыі ў падтрымку студэнтаў і выкладчыкаў.
Фота: Белсат

Стала таксама вядома, што палітзняволенага «рэйкавага партызана» Дзяніса Дзікуна, які адбывае 23-гадовы тэрмін у калоніі № 9 у Горках, змясцілі ў штрафны ізалятар (ШІЗА). А супраць палітвязня Алега Яфрэменкі завялі ўжо трэцюю крымінальную справу – паводле ч. 1 арт. 411 КК («Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы»). Алега прысудзілі спачатку да чатырох гадоў калоніі, потым дадалі яшчэ год. Калі адбудзецца новы суд, пакуль невядома.

У судзе Барысаўскага раёну пачалі разбіраць справу 20-гадовага Міхаіла Анціпава. Паводле следчых, хлопец сарваў у аграгарадку Лошніца чатыры дзяржаўныя сцягі. Праваабаронцы паведамляюць, што Анціпаў – грамадзянін замежнай дзяржавы, але больш за 10 гадоў жыве ў Беларусі.

Над былой супрацоўніцай пракуратуры Фрунзенскага раёну Менску Наталляй Лашч суд адбыўся яшчэ ў сакавіку. Але толькі сёння праваабаронцы паведамілі пра ягоны вынік: 6 гадоў калоніі агульнага рэжыму. Юрыстка праходзіла ў справе «Чорнай кнігі Беларусі». Вырак агучыў ёй так званы суддзя Анатоль Дабрадзей.

Hавiны
Шэсць гадоў калоніі прысудзілі былой супрацоўніцы пракуратуры Наталлі Лашч
2023.06.23 15:35

МУС дадаў у пятніцу ў свой так званы «спіс экстрэмістаў» 66 чалавек. У ім цяпер палітвязні Анджэй Пачобут, Павел Белавус, Уладзімір Булаўскі ды іншыя.

Праваабаронцы паведамілі таксама пра затрыманне ў Горадні Антона Белаволава. Яго схапілі за каментар у «Тэлеграме».

Каментар
«Ягоны стан вельмі кепскі». Былы палітвязень заклікаў паказаць Віктара Бабарыку
2023.06.23 17:06

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў