Пад санкцыі ЕЗ трапілі кіраўнікі Беларускай чыгункі і Дзяржкамітэту ваеннай прамысловасці


Афіцыйны часопіс ЕЗ апублікаваў поўны спіс фізічных і юрыдычных асобаў, на якія накладзеныя санкцыі ў межах 11 пакету. У санкцыйным спісе фігуруюць некалькі грамадзян Беларусі. Гэта старшыня Дзяржкамваенпраму Дзмітрый Пантус і начальнік Беларускай чыгункі Уладзімір Марозаў.

Сцяг Еўразвязу. Брусель, Бельгія. 21 чэрвеня 2022 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

У дакуменце тлумачыцца, што Дзмітрый Пантус на сваёй пасадзе кіраўніка Дзяржаўнага камітэту ваеннай прамысловасці аказвае вайсковую падтрымку Расеі ў яе агрэсіі супраць Украіны. Камітэт, якім кіруе Пантус, забяспечвае вытворчасць зброі на падпарадкаваных яму прадпрыемствах для арміі РФ.

Кіраўнік Беларускай чыгункі Уладзімір Марозаў трапіў у санкцыйны спіс, бо падтрымлівае транспартаванне вайсковага персаналу і грузаў.

Большасць тых, хто трапіў у спіс 11 пакету санкцыяў ЕЗ – грамадзяне Расейскай Федэрацыі. Еўразвяз наклаў персанальныя санкцыі на начальніка Галоўнага штабу сухапутных войскаў РФ Аляксандра Лапіна, палітолага Сяргея Караганава. У спіс трапілі бізнесмены, ваенныя карэспандэнты, рэгіянальныя і федэральныя чыноўнікі, у тым ліку датычныя да дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей.

ЕЗ пашырыў таксама пералік падсанкцыйных прадпрыемстваў ваенна-прамысловага комплексу Расеі. Санкцыі ўведзеныя супраць «ПВК Вагнэр Цэнтр», 53-й зенітна-ракетнай брыгады, 20-й гвардзейскай арміі, Фонду падтрымання і абароны правоў суайчыннікаў, якія пражываюць за мяжой ды іншымі.

11-ы пакет эканамічных і індывідуальных санкцыяў супраць Расеі ЕЗ прыняла 23 чэрвеня. Яны накіраваныя на ўзмацненне ўжо існых санкцыяў і на барацьбу з іх абыходам, «каб яшчэ больш падарваць ваенную машыну Пуціна і ягоныя даходы».

Hавiны
Еўразвяз прыняў 11-ы пакет санкцыяў супраць Расеі
2023.06.23 12:48

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў