23 чэрвеня МУС РБ дадала ў так званы «спіс экстрэмістаў» яшчэ 66 чалавек. Цяпер у ім 2967 прозвішчаў, паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна».
Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі абнавіла ў пятніцу 23 чэрвеня «пералік грамадзян, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці».
У яго трапілі ў тым ліку палітзняволеныя журналіст Анджэй Пачобут, заснавальніка Symbal.bу Павел Белавус, арт-менеджар Уладзімір Булаўскі, евангельскі вернік Віталь Прынеслік і ягоная жонка Лізавета Прынеслік, адвакат Віталь Брагінец, дзіцячы трэнер па футболе Алег Швайко ды іншыя.
У «спісе экстрэмістаў» МУС знаходзіцца цяпер 2967 чалавек.
На 23 чэрвеня, паводле праваабарончага цэнтру «Вясна», у Беларусі былі прызнаныя палітвязнямі 1496 чалавек. Ініцыятыва Dissidentby налічвае 1740 чалавек, якія знаходзяцца за кратамі ў Беларусі з палітычных прычын.
Зміцер Міраш belsat.eu