Экіпаж батыскафа «Тытан», які знік 18 чэрвеня, прызналі загінулым


Увечары 22 чэрвеня Берагавая ахова ЗША прызнала экіпаж батыскафа «Тытан», які адправіўся на месца крушэння лайнера «Тытанік», загінулым, паведамляе тэлеканал «Sky News».

Батыскаф кампаніі «OceanGate Expeditions».
Фота: «OceanGate»

Сувязь з батыскафам «Тытан» знікла ў нядзелю, 18 чэрвеня, увесь гэты час вяліся пошукі. Караблі з ратавальнай місіяй накіравалі ў месца здарэння ЗША, Францыя, Вялікая Брытанія, Канада. Аднак Берагавая ахова ЗША 22 чэрвеня прызнала экіпаж батыскафа «Тытан» загінулым. У кампаніі – аператары «Тытана» «OceanGate Expeditions» таксама заявілі, што лічаць усіх пяцярых чальцоў экіпажу памерлымі. У тым ліку ў батыскафе быў дырэктар самой кампаніі-аператара, 61-гадовы Стоктан Раш.

Смерць магла наступіць у выніку ціску вады яшчэ ў нядзелю, 18 чэрвеня. Парэшткі людзей пакуль не знайшлі.

Адшукалі толькі пяць частак батыскафа, але пошукі асноўнай часткі судна працягваюцца.

«Па выніках кансультацыі з экспертамі з аб’яднанага камандавання, абломкі адпавядаюць часткам баракамеры батыскафа. Ад імя Берагавой аховы ЗША і ўсяго абʼяднанага камандавання я выказваю найглыбейшыя спачуванні семʼям [загінулых. – Заўв. belsat.eu]», – заявіў прадстаўнік Берагавой аховы ЗША Джон Могер.

Паводле ягоных словаў, чальцоў экіпажу прызналі загінулымі ад ціску вады. Батыскаф з людзьмі сціснула, як алюмініевую бляшанку, за 487 метраў ад месца крушэння «Тытаніка». Такую выснову зрабілі на падставе абломкаў батыскафа.

На гэты момант, як лічаць у Берагавой ахове ЗША, немагчыма прадказаць, ці ўдасца знайсці парэшткі загінулых з увагі на асаблівасці дна акіяну.

Год таму адзін з заснавальнікаў кампаніі «OceanGate» Стоктан Раш паказваў на відэа нутро свайго апарата. Ён выраблены з вугляроднага валакна і тытану. Унутры крыху месца для пяцярых чалавек, без абсталявання для сну або ежы. Кіраванне батыскафам ажыццяўлялася пры дапамозе пульта.

Hавiны
У батыскафе «Тытан», што згубіўся ў Атлантычным акіяне, мог скончыцца кісларод
2023.06.22 17:35

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў