Сустрэча з Уладзімірам Арловым у Вільні ўсё ж адбылася. Фотарэпартаж


У Вільні 22 сакавіка адбылася сустрэча з пісьменнікам Уладзімірам Арловым. Цікавасць да імпрэзы была звязаная не толькі з творчасцю пісьменніка, але і са скандалам, які яму папярэднічаў.

Сустрэча з беларускім пісьменнікам Уладзімірам Арловым у Вільні, Літва. 23 сакавіка 2024 года.
Фота: Белсат

Першапачаткова сустрэча мусіла адбыцца ў Цэнтры беларускай культуры і супольнасці ў Вільні, але пасля хвалі крытыкі з боку літоўскіх актывістаў была адмененая. Літоўскі блогер Жыльвінас Світоюс назваў Уладзіміра Арлова «галоўным ідэолагам ліцвінізму», ягоны допіс у Facebook атрымаў шмат увагі ў літоўскім грамадстве, сярод каментароў трапляліся нават пагрозы на адрас пісьменніка.

Блогер Жыльвінас Світоюс на сустрэчы з беларускім пісьменнікам Уладзімірам Арловым у Вільні, Літва. 23 сакавіка 2024 года.
Фота: Белсат

Пазней арганізатары паведамілі пра іншае месца спаткання: сустрэча адбылася ў віленскім замку. На ёй прысутнічалі прыблізна 50 чалавек. Акрамя прыхільнікаў творчасці пісьменніка ў зале было шмат журналістаў і літоўскіх актывістаў, прыйшоў на сустрэчу і Жыльвінас Світоюс. Таксама прысутнічалі маладзёны спартовага выгляду, якія, імаверна, сачылі за парадкам на імпрэзе. Уладзімір Арлоў быў заўважна ўсхваляваны такой увагаю.

Фота: Белсат

Свой выступ пісьменнік пачаў са словаў пра Літву:

«Са студэнцкіх гадоў я люблю Літву. Мяне шмат перакладалі на літоўскую мову, я ганаруся, што супрацоўнічаю з літоўскімі гісторыкамі. Шматвяковая гісторыя Літвы і Беларусі – наш велізарны скарб, і яе ўсведамленне – гэта магутная зброя ў літоўскім і беларускім супрацьстаянні з ідэалогіяй “русского мира”».

У пачатку сустрэчы адчувалася некаторае напружанне, звязанае з пераносам месца сустрэчы і абвінавачаннямі на адрас Уладзіміра Арлова напярэдадні. Паступова атмасфера ў зале станавілася ўсё больш расслабленай. Удзельнікі з зацікаўленасцю слухалі аповед Уладзіміра Арлова пра гісторыю Беларусі, свята Дзень Волі і ягоныя кнігі. Таксама паэт чытаў свае вершы. Музычную частку вельмі ўдала забяспечыў сын Уладзіміра Арлова – Раман.

Малады літовец выйшаў да мікрафона і праз перакладчыцу задаў пытанне пра тэкст адной з кніг Уладзіміра Арлова на сустрэчы з беларускім пісьменнікам і паэтам Уладзімірам Арловым у Вільні, Літва. 23 сакавіка 2024 года.
Фота: Белсат

Лагодную атмасферу паспрабавалі парушыць падчас пытанняў: блогеры і журналісты заўважна актывізаваліся, калі пісьменнік пагадзіўся адказаць на тыя з іх, якія датычыліся тэмы імпрэзы – Дня Волі.

Фота: Белсат

Малады літовец выйшаў да мікрафона і праз перакладчыцу задаў пытанне пра тэкст адной з кніг Уладзіміра Арлова: «У 1387 годзе Вільня была першым беларускім горадам, які прыняў Магдэбургскае права. Чаму вы лічыце, што Вільня была беларускім горадам і ўвогуле якая Беларусь у чатырнаццатым стагоддзі?»

На гэтае пытанне пажадаў даць адказ прысутны на сустрэчы літоўскі гісторык Русціс Камунтавічус, але пасля яго выказаўся і Уладзімір Арлоў: «Меўся на ўвазе горад Вялікага Княства Літоўскага, тады наш агульны горад – і беларускі, і літоўскі. Гэта агульнавядома. Ніколі я не ставіў пад сумнеў, чый горад Вільня.

Літоўскі гісторык Русціс Камунтавічус на сустрэчы з беларускім пісьменнікам Уладзімірам Арловым у Вільні, Літва. 23 сакавіка 2024 года.
Фота: Белсат

Блогер Жыльвінас Світоюс на ўкраінскай мове задаў два пытанні: чаму Уладзімір Арлоў думае, што Літву трэба адасобіць ад ВКЛ, і чаму некаторыя беларускія палітыкі называюць Літву Летувой, але не дачакаўшыся адказу, пакінуў залу, выгукнуўшы нешта на развітанне.

Іншы літоўскі блогер, узяўшы слова, апавёў пра знаёмага беларуса, які яму нібы даводзіў, што Вільня – беларускі горад, нехта згадаў таксама надпіс на беларускай мове «Вільня наша», які з’явіўся на ўязным знаку Вільні якраз за дзень да імпрэзы.

Фота: Белсат

Скончылася сустрэча на тым, што адзін з літоўскіх удзельнікаў папрасіў спадара Арлова быць дакладным у фармулёўках і перадаць гэтую просьбу іншым беларускім гісторыкам, бо інакш такімі фармулёўкамі вельмі проста маніпуляваць.

З нядаўняга часу некаторыя літоўскія палітыкі і блогеры робяць скандальныя заявы наконт беларусаў, якія жывуць у Літве, абвінавачваюць іх у «ліцвінізме» і прэтэнзіях на гісторыю Літвы. Аднак Дэпартамент дзяржаўнай бяспекі (ДДБ) Літвы зрабіў заяву, што не бачыць у краіне групаў беларусаў, якія б прапагандавалі «ліцвінізм».

belsat.eu

Стужка навінаў