На ўкраінскім кірунку Беларусі сфармавалі новы зенітна-ракетны полк


У Беларусі сфармавалі зенітна-ракетны полк. Ён месціцца ў Лунінцы. 23 сакавіка полк наведае міністр абароны РБ Віктар Хрэнін. Пра гэта паведамляе прэсавая служба Міністэрства абароны.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Зенітна-ракетны комплекс С-300.
Фота: Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь / Telegram / modmilby

23 сакавіка стала вядома, што на паўднёвым кірунку Беларусі стварылі новы зенітна-ракетны полк. Новая вайсковая частка месціцца ў Лунінцы. Полк сёння наведае міністр абароны генерал-лейтэнант Віктар Хрэнін.

«Пры фармаванні палка асаблівая ўвага надавалася стварэнню сучаснай вайсковай інфраструктуры ды вучэбна-матэрыяльнай базы, абсталяванню камфартабельных месцаў размяшчэння асабовага складу, пытанням сацыяльнага забеспячэння вайскоўцаў ды іхных сямейнікаў», – гаворыцца ў паведамленні.

Плануецца, што міністр урачыста ўручыць ключы ад кватэраў вайскоўцам, якія прыбылі ў Лунінец для праходжання службы.

«Белсат» паведамляў 11 лютага пра выдаткаванне сродкаў памерам Br 76,8 млн для рэканструкцыі казармы і пункту рамонту ды тэхнічнага абслугоўвання ў Лунінцы. Тады ж паведамлялі пра планы размясціць на гэтай базе зенітна-ракетную частку.

Лунінец месціцца ва ўсходняй частцы Берасцейскай вобласці бліжэй да Гомельскай вобласці і мае стратэгічнае значэнне для забеспячэння абароны ў кірунку Украіны. На поўдні Беларусі таксама ствараюць Паўднёвае аператыўнае камандаванне (ПАК) УС РБ, у дадатак да ўжо існых Заходняга (ЗАК) і Паўночна-Заходняга (ПЗАК). У звязку з гэтым будуюць новы вайсковы палігон і магчымае стварэнне яшчэ некалькіх новых вайсковых частак.

21 студзеня на аэрадроме ў Лунінцы праводзіў нараду з вайсковым кіраўніцтвам Аляксандр Лукашэнка, пасля на тэрыторыі аэрадрому пачаліся будаўнічыя працы.

Hавiны
Пад Лунінцом пачалі разбудоўваць вайсковы аэрадром. Валяць радыеактыўны лес
2022.08.18 19:53

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў