Мэта Кітаю – не застацца сам-насам з Захадам


22 сакавіка завяршыўся афіцыйны візіт Сі Цзінь Піна ў Маскву. Ён працягваўся няпоўныя тры дні, цягам якіх прайшлі сустрэчы лідараў КНР і Расеі ў фармаце тэт-а-тэт, сустрэча Сі Цзінь Піна з расейскім прэм’ерам Міхаілам Мішусціным, а таксама паседжанні дэлегацыяў у вузкім і пашыраным фарматах. Вынікі візіту і яго значэнне для ўзаемаадносінаў дзвюх краінаў мы абмеркавалі з палітолагам Розай Турарбекавай.

Сі Цзінь Пін і Уладзімір Пуцін падчас афіцыйнага візіту кітайскага лідара ў расейскую сталіцу. 21 сакавіка 2023 года.
Фота: SPUTNIK / Reuters / Forum

Фармат тэт-а-тэт

Сі Цзінь Пін прыляцеў у Маскву 20 сакавіка. З часу абрання на пасаду старшыні КНР у 2013 годзе гэта быў ягоны дзявяты візіт у Расейскую Федэрацыю. У той жа дзень адбылася ягоная сустрэча з Уладзімірам Пуціным. Усё прайшло згодна з дыпламатычным пратаколам: бакі абмяняліся заявамі аб дружбе і супрацы ды анансавалі падпісанне вялікай колькасці дакументаў. Як адзначыў у размове з «Белсатам» кітаіст Аляксей Чыгадаеў, на гэтую сустрэчу з вялікімі надзеямі глядзелі ў першую чаргу прадстаўнікі правых нацыяналістычных сілаў у Расеі. Яны чакалі заяваў кіраўніка Кітаю аб поўным падтрыманні дзеянняў Крамля на міжнароднай арэне і, у прыватнасці, у вайне супраць Украіны. Аднак нічога падобнага ў першы дзень не прагучала.

Больш разгорнуты аналіз сустрэчы Сі Цзінь Піна з Уладзімірам Пуціным у фармаце тэт-а-тэт можна знайсці тут.

Дакументы аб дружбе і супрацы

Падчас сустрэчы 22 сакавіка Сі Цзінь Пін запрасіў Уладзіміра Пуціна на трэці міжнародны форум «Адзін пояс – адзін шлях», а таксама запрасіў прэмʼер-міністра Расеі Міхаіла Мішусціна прыехаць у Кітай для таго, каб расеец «як мага хутчэй» пазнаёміўся з новым кіраўніком кітайскага ўраду Лі Цянам.

Са словаў самога Пуціна, перамовы прайшлі ў «цёплай, таварыскай і канструктыўнай атмасферы». Усяго падчас сустрэчы было падпісана 14 дакументаў, сярод іх заява аб паглыбленні стратэгічнага партнёрства паміж Расеяй і Кітаем і заява аб плане развіцця ключавых кірункаў расейска-кітайскай эканамічнай супрацы да 2030 года. У апошнім дакуменце былі сфармаваныя 8 асноўных кірункаў, сярод якіх развіццё ўзаемазлучанай лагістычнай сістэмы, гарантаванне энергетычнай бяспекі, развіццё гандлю (у тым ліку электроннага) і гэтак далей.

Кітайскі бок таксама высока ацаніў вынікі візіту, заявіўшы, што дзве краіны стабільна прасоўваюць дзелавую супрацу. Сярод іншага асабліва было падкрэсленае жаданне Кітаю і Расеі ўрэгуляваць «украінскае пытанне» шляхам мірных перамоваў. У той жа час прэс-сакратар прэзідэнта Расеі Дзмітрый Пяскоў адзначыў, што Захад даў візіту негатыўную ацэнку: «Што тычыцца рэакцыі краінаў калектыўнага Захаду, тое, што амаль ува ўсіх пытаннях гэтая рэакцыя носіць недружалюбны характар, ні для каго не сакрэт, не ёсць выключэннем асвятленне і гэтага візіту», – адзначыў Пяскоў.

На гэтую ж тэму выказаўся і Аляксандр Лукашэнка, выступаючы 22 сакавіка ў мемарыяльным комплексе «Хатынь»: «Нічога лепшага для нас, для Расеі, для Кітаю яны не зрабілі, як тое, што абʼядналі нас… Яны зразумелі, што яны зрабілі ўсё, каб абʼяднаць магутную рэсурсавую, касмічную, ядравую дзяржаву Расею і такую ж магутную, з чалавечым рэсурсам, ядравую краіну, накіраваную ў будучыню (і ўжо, лічыце, першую краіну), – Кітай. Таму і шалеюць», – адзначыў ён.

Рэакцыя Кіева

Уважліва сачылі за хадою візіту і ва Украіне. 22 сакавіка, на фоне сустрэчы кіраўнікоў Кітаю і Расеі, у Кіеве пачаўся незапланаваны візіт прэмʼер-міністра Японіі Фуміё Кісіды. З часоў Другой сусветнай вайны гэта быў першы прыезд кіраўніка японскага ўраду ў краіну ў стане канфлікту. Падчас брыфінгу Уладзімір Зяленскі заявіў, што Украіна прапанавала Кітаю далучыцца да ўкраінскай формулы міру.

«Кітаю мы і публічна, і праз дыпламатычныя каналы перадалі нашую формулу міру і запрашэнне ўдзельнічаць у гэтай формуле. Мы запрашаем да дыялогу і чакаем адказу», – адзначыў прэзідэнт Украіны.

Мэты візіту

На фоне зробленых заяваў і падпісаных дакументаў мы паспрабавалі ўлавіць самую сутнасць і вызначыць разам з палітолагам Розай Турарбекавай асноўныя вынікі гэтага візіту. У першую чаргу яна звярнула ўвагу на мэты, якія стаяць перад Кітаем, бо канфлікт паміж Расеяй і Захадам, які ўзмацняецца, нясе для Кітаю як небяспекі, так і магчымасці:

«Узмацненне гэтага канфлікту цягне за сабой аслабленне Расеі, гэта відавочна. Таму што Расея не перамагае, яна саступае на палях бітваў. І ва ўмовах, калі надаецца ўсё больш маштабная дапамога з боку краінаў – чальцоў NATO, відавочна, што Расея будзе слабець яшчэ больш».

Падчас візіту Сі Цзінь Піна ў Маскву падпісалі 4 дакументы. 21 сакавіка 2023 года.
Фота: Уладзімір Астапковіч «РИА Новости» / kremlin.ru

Таму, на думку палітолага, Кітай стаіць перад своеасаблівай дылемай: з аднаго боку, гэты канфлікт адцягвае ўвагу Захаду ад Кітаю, а з другога, параза Расеі прывядзе да таго, што Кітай апынецца сам-насам з Захадам, а гэта для яго «геапалітычны кашмар».

У сувязі з гэтым Кітай вядзе вельмі складаную гульню – для яго важна, каб гэты канфлікт не разгараўся з яшчэ большаю сілаю, бо цалкам відавочна, што стратэгічная перавага цяпер не на баку Расеі. Акурат таму, на думку Розы Турарбекавай, мірны план, прапанаваны Кітаем, носіць так званы гібрыдны характар: ён дэкларатыўны і супярэчлівы, у ім не прадугледжваецца аднаўленне тэрытарыяльнай цэласці Украіны (хоць гэта і прапісана ў ім фармальна). «Гэта такая прыхаваная мэта была ў Кітаю», – падкрэсліла палітолаг.

Роза Турарбекава адзначыла, што «Кітай у пэўным сэнсе запэўніў Расею ў сваім падтрыманні», але не для таго, каб Расея перамагла ў вайне, а каб яна ў ёй не саступіла, бо параза Пуціна будзе прэлюдыяй да праблемаў самога Сі Цзінь Піна.

Акрамя таго, палітолаг кажа, што гэты візіт быў адказам на тое прыніжэнне, якое Кітай перажыў падчас прылёту на Тайвань спікеркі Палаты прадстаўнікоў ЗША Нэнсі Пэлоўсі. Бо нягледзячы на ўсе пагрозы, якія сыпаліся з боку ўладаў Кітаю, «яны нічога не маглі з гэтым зрабіць… Яна [Пэлоўсі. – Заўв. belsat.eu] прыляцела, выказала падтрыманне Тайваню і паляцела».

«Увогуле і ў цэлым фармуецца канфліктная сітуацыя ў міжнародных адносінах – вось галоўны вынік гэтага візіту. Не мірны план. Мірны план не ёсць асноўным вынікам», – адзначыла Роза Турарбекава.

Аб падпісаных дакументах

Гаворачы пра эканамічныя вынікі сустрэчы кітайскага і расейскага лідараў, палітолаг адзначыла: «Расея для Кітаю не ёсць прыярытэтным гандлёва-эканамічным партнёрам. Для гэтага дастаткова паглядзець на структуру кітайскага экспарту». З гэтай структуры відавочна, што асноўную ролю ў ёй граюць еўрапейскія краіны і Злучаныя Штаты. На думку эксперткі, Кітай разглядае Расею ў якасці «перспектыўнага гандлёва-эканамічнага партнёра, але не прыярытэтнага». Бо расейскі рынак не зможа замяніць сабою ні паўночнаамерыканскага, ні еўрапейскага.

Фота мае ілюстрацыйны характар. Масква, Расея. 20 сакавіка 2023 года.
Фота: Bai Xueqi / Xinhua News Agency / Forum

У той жа час Расея для Кітаю ёсць выдатнай крыніцай сыравінных рэсурсаў, таксама, на думку палітолага, Кітаю цікавая вайскова-тэхнічная супраца з Расеяй.

«З пункту гледжання кітайскіх стратэгаў, Расея ўяўляе цікавасць у першую чаргу як вайсковая дзяржава, у якой стратэгічны ядравы патэнцыял амаль роўны амерыканскаму», – кажа палітолаг.

Кітай заплаціць за гэты візіт

Роза Турарбекава ўпэўненая, што пасля пэўнай паўзы Сі Цзінь Пін, безумоўна, патэлефануе Зяленскаму. Абумоўлена гэта галоўным чынам тою складанаю гульнёю, якую вядзе Кітай. Ён яшчэ не страціў сувязі з рэчаіснасцю і разумее сваю залежнасць, у тым ліку тэхналагічную, ад Захаду. Таму званок, хутчэй за ўсё, адбудзецца. Нягледзячы на даволі агульныя каментары амерыканскага боку, кажа палітолаг, за імі, хутчэй за ўсё, адбудуцца рэальныя дзеянні.

На думку Розы Турарбекавай, Кітаю давядзецца заплаціць пэўную цану за гэты візіт. Якою будзе гэтая цана? Хутчэй за ўсё, гэта будуць тэхналагічныя санкцыі: скарачэнне і спыненне супрацы ў сферы навукі і тэхналогіяў. Па-другое, рассакрэчванне матэрыялаў аб COVID-19 у звязку з лабараторыяй ва Ўу-Хані. Палітолаг упэўненая, што падпісанне прэзідэнтам ЗША Джо Байдэнам закону аб рассакрэчванні звестак аб паходжанні COVID-19 ёсць адным з крокаў ЗША ў адказ на візіт Сі Цзінь Піна ў Маскву, з якога, хутчэй за ўсё, будзе зразумела, што крыніцаю каронавіруса было не стыхійнае заражэнне, а ўцечка віруса з біялабараторыі, размешчанай у кітайскім горадзе.

Раман Шавель /ММ belsat.eu

Стужка навінаў