Згадваем імёны беларусаў, загінулых ва Украіне з 24 лютага 2022 года па розныя бакі


Нягледзячы на тое, што беларускія войскі беспасярэдне не бяруць удзелу ў ваенных дзеяннях на тэрыторыі Украіны, грамадзяне Беларусі таксама гінуць на гэтай жудаснай вайне – прычым з абодвух бакоў. Сабралі звесткі пра беларусаў, якія загінулі ва Украіне, пачынаючы з 24 лютага 2022 года.

Марш памяці загінулых за Украіну беларусаў адбыўся ў Кіеве. Беларусы разам з украінцамі і беларускімі ваярамі з палка Кастуся Каліноўскага прайшліся пад бел-чырвона-белыя сцягі да народнага мемарыялу беларусу Міхасю Жызнеўскаму, які загінуў у 2014 годзе падчас Еўрамайдану. Кіеў, Украіна. 26 студзеня 2023 года.
Фота: Белсат

Загінулі за Украіну

З пачаткам расейскага поўнамаштабнага ўварвання шматлікія беларусы палічылі сваім абавязкам далучыцца да ліку добраахвотнікаў, каб са зброяй у руках абараняць незалежнасць Украіны і змагацца за свабоду Беларусі. На вялікі жаль, шмат хто заплаціў за гэта найвышэйшую цану.

Колькасць загінулых ідзе на дзясяткі. І выглядае на тое, што ўсталяваць дакладны лік робіцца ўсё больш складана.

Гэтак, у канцы лістапада 2023 года падчас канферэнцыі «Шлях да волі» Святлана Ціханоўская адзначыла, што з 2014 года ва Украіне загінулі прынамсі 40 беларускіх добраахвотнікаў.

Згодна з Вікіпедыяй, толькі з 24 лютага 2022 года колькасць загінулых дасягае 39 чалавек (без уліку тых, хто загінуў з 2014-га).

Паводле звестак палка Каліноўскага (на канец лістапада 2023-га), з 24 лютага 2022 года загінулі 20 добраахвотнікаў палка, яшчэ 20 чалавек былі забітыя ў перыяд з 2014 да 24 лютага 2022-га.

Але менавіта сёння вельмі важна, каб імёны герояў, якія аддалі свае жыцці за свабоду, не былі забытыя і каб у будучыні мы з гонарам маглі называць іх, аддаючы належную пашану.

Ілля Хрэнаў на пазыўны Ліцвін. Ілля быў першым добраахвотнікам, які загінуў за Украіну пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання. Здарылася гэта 3 сакавіка 2022-га. 27-гадовы беларус ужо меў досвед баявых дзеянняў: у 2014-м ён цягам года ваяваў на Данбасе. Ізноў стаў у шыхт з першага дня вайны ў 2022-м. Быў байцом беларускай роты батальёну «Азоў». Падчас баёў за Бучу быў цяжка паранены, яму паспелі зрабіць аперацыю, але не ўратавалі. Іллю было 27 гадоў.

Ілля Хрэнаў з пазыўным Ліцвін. Крыніца: Зеркало

Аляксей Скобля на пазыўны Тур. Паходзіў з Менску, у 2015-м паехаў ваяваць на Данбас, дзе далучыўся да тактычнай групы «Беларусь». Пасля працягнуў службу ва ўкраінскім войску, атрымаў украінскае грамадзянства, пасля 24 лютага 2022 года далучыўся да батальёну Кастуся Каліноўскага, быў камандзірам групы, браў удзел у абароне Кіева. Загінуў 13 сакавіка, прыкрываючы адыход сваіх жаўнераў. Атрымаў званне Героя Украіны. Аляксею быў 31 год.

Дзмітрый Апанасовіч на пазыўны Тэрор. Хлопец паходзіў са Смаргоні. Вестка пра пачатак вайны напаткала яго падчас рэйсу ў Рыгу (ён працаваў кіроўцам фуры). Дзмітрый вярнуўся і выправіўся добраахвотнікам у Кіеў. Падчас цяжкіх баёў каля Ірпіня быў цяжка паранены: адзін з аскепкаў снарада трапіў у акоп, у якім быў Тэрор. Дактарам не ўдалося ўратаваць ягонага жыцця. 26 сакавіка Дзмітрыя Апанасовіча не стала.

Зміцер Рубашэўскі на пазыўны Ганс. Хлопец паходзіў з Берасця, ваяваць за Украіну прыехаў у 2015-м. Адзначыўся ў шматлікіх баях на ўсходзе Украіны і быў узнагароджаны званнем Народнага Героя Украіны за абарону шахты Бутаўка, быў тройчы паранены, у траўні 2019-га ў баях страціў вока. Загінуў 12 красавіка падчас выканання баявога задання на Луганшчыне, паспеўшы перад гэтым знішчыць камандзіра расейскай батальённай тактычнай групы. Змітру было 30 гадоў.

Канстанцін Дзюбайла на пазыўны Фенікс. Паходзіў з Магілёва, стаўся добраахвотнікам у 2014 годзе. Спачатку быў у шэрагах «Правага сектару», пасля падпісаў кантракт з ЗСУ. Меў падзяку ад прэзідэнта Украіны. Загінуў 24 красавіка 2022-га падчас артылерыйскага абстрэлу ў баі паміж Мар’інкай і Дакучаеўскім Данецкай вобласці. Канстанціну было 34 гады.

Яўген Логінаў на пазыўны Мальдэр. Нарадзіўся ў Беларусі, але яшчэ ў дзяцінстве пераехаў з бацькамі ў Мікалаеў. Абараняў Марыупаль і завод «Азоўсталь». Загінуў 5 траўня 2022 года падчас страляніны з ворагам, куля трапіла ў сонную артэрыю. Гісторыю Яўгена расказаў баец палка «Азоў» Руслан з пазыўным Давід.

Павел Суслаў на пазыўны Волат. У Беларусі служыў у частцы 3214 ва Уруччы (Менск). Пасля паехаў ваяваць на Данбас, дзе далучыўся да 1-й штурмавой роты «Правага сектару». З 2018-га паводле кантракту служыў у ЗСУ. Загінуў 16 траўня 2023 года, падарваўшыся на міне. У гонар Паўла назвалі адзін з батальёнаў палка Кастуся Каліноўскага.

Іван Марчук на пазыўны Брэст. Нарадзінец Берасця. У 19 гадоў уступіў у Французскі замежны батальён, з 2015-га ваяваў на Данбасе. У 2022 годзе далучыўся да палка Каліноўскага, дзе быў камандзірам батальёну. Загінуў у баі каля Лісічанску, прыкрываючы адыход сваёй групы, 26 чэрвеня 2022 года.

Іван Брэст Марчук.
Фота: Паўлюк Шапецька / commons.wikimedia.org

Васіль Парфянкоў на пазыўны Сябро. Быў актыўным удзельнікам палітычнага жыцця ў Беларусі: сябра Беларускай партыі свабоды, абаронца Курапатаў у 2002-м. За пратэсты ў 2010-м быў засуджаны на 4 гады зняволення. У 2014-м з’ехаў ва Украіну, з 2015-га прыйшоў добраахвотнікам на фронт. З пачаткам поўнамаштабнага ўварвання далучыўся да палка Каліноўскага. Загінуў каля Лісічанску 26 чэрвеня 2022 года.

Васіль Грудовік на пазыўны Атам. Нарадзінец Пінску. Браў актыўны ўдзел у пратэстах у 2020-м, ад пераследу сілавікоў з’ехаў ва Украіну, пасля  – у Польшчу. З пачаткам вайны далучыўся да палка Каліноўскага. Загінуў каля Лісічанску 26 чэрвеня 2022 года.

Вадзім Шатроў на пазыўны Папік. Нарадзіўся ў Воршы, больш як 20 гадоў жыў ва Украіне. Быў шматдзетным бацькам. Пасля пачатку вайны далучыўся да палка Каліноўскага, батальён «Волат». Загінуў каля Лісічанску 26 чэрвеня 2022 года. Вадзіму было 44 гады.

Алег Панамароў на пазыўныя Кот і Хмуры. Нарадзінец Украіны, Алег Панамароў вырас на радзіме маці – Магілёўшчыне, меў беларускае грамадзянства. Ваяваў з 2014-га ў складзе батальёнаў «Шахтарск» і «Карпацкая сеч». З 2022-га служыў у батальёне «Айдар». Загінуў 7 ліпеня 2022 года ў Данецкай вобласці.

Андрэй Краўчанка на пазыўны Зубр. Беларус паводле нацыянальнасці, які доўгі час пражыў ва Украіне. Удзельнік Рэвалюцыі годнасці і антытэрарыстычнай аперацыі на ўсходзе Украіны. З’яўляўся байцом добраахвотніцкага батальёна АУН. Загінуў падчас выканання баявога задання 23 жніўня 2022 года.

Баец з пазыўным Тэд. Імя не раскрываецца дзеля бяспекі. Служыў кіроўцам у батальёне «Тэрор», што раней быў часткаю палка Каліноўскага.

Аляксей Вешчавайлаў на пазыўны Жнец. Паводле нацыянальнасці быў эрзя (адзін з фіна-ўгорскіх народаў Паволжа), жыў у Гомлі. Абараняў Украіну з 2016 года, па вяртанні ў 2019-м у Беларусь быў арыштаваны і абвінавачаны ў найміцтве, адбыў пакаранне ў выглядзе 2 гадоў пазбаўлення волі. У 2021-м вярнуўся ва Украіну. З 2022-га – баец палка «Пагоня», служыў у Інтэрнацыянальным легіёне тэрытарыяльнай абароны Украіны. Загінуў 26 верасня 2022 года каля Бахмуту.

Міхась Шавельскі на пазыўны Юнгер. Быў адлічаны за пратэсты з Гарадзенскага дзяржаўнага ўніверсітэту ў 2020 годзе. З’ехаў у Польшчу. У 2022-м прыехаў добраахвотнікам ва Украіну, быў парамедыкам у батальёне «Тэрор». Загінуў 11 кастрычніка 2022 года, ратуючы параненага. Міхасю быў 21 год.

Аляксей Аўдзеенка на пазыўны Якуб. Жыў ва Украіне з 2016 года. Стаўся добраахвотнікам тактычнай групы «Беларусь» і неўзабаве падпісаў кантракт з ЗСУ. Загінуў 4 снежня 2022 года каля Бахмуту.

Эдуард Лобаў. Актывіст «Маладога фронту», пазней стаўся сустаршынём арганізацыі. Напярэдадні выбараў 2010-га быў затрыманы і асуджаны на 4 гады калоніі. Вызваліўся ў 2014-м і праз палітычны пераслед быў вымушаны з’ехаць ва Украіну. Ваяваў з лета 2015-га ў складзе тактычнай групы «Беларусь» на ўсходзе Украіны. Загінуў каля Вуглядару 26 студзеня 2023 года. Пасмяротна ўзнагароджаны ордэнам «За мужнасць» 3-й ступені.

Эдуард Лобаў.
Фота: Эдуард Лобаў / Вконтакте

Данііл Ляшук на пазыўны Маджахед. Нарадзіўся ў Берасці. Прыехаў ва Украіну ў 2014 годзе і далучыўся да ўкраінскага батальёну «Тарнада». Пазней быў асуджаны ва Украіне за марадзёрства, выкраданні і катаванні. У 2021-м выйшаў на волю, а пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну зноў пайшоў на фронт, стаўся камандзірам групы «Vendetta», зазнаў раненне і зноў вярнуўся на фронт. Загінуў 1 красавіка 2023 года ў баях каля Бахмуту. Яму было 27 гадоў. Пасмяротна ўзнагароджаны ордэнам «За мужнасць» 3-й ступені.

Міраслаў Лазоўскі на пазыўны Мыш. Нарадзінец Менску. У 1990-я ўваходзіў у Беларускае згуртаванне вайскоўцаў, пазней стаўся адным з заснавальнікаў «Белага легіёну». Пасля выбараў 2020 года з’ехаў ва Украіну. У пачатку поўнамаштабнай вайны далучыўся да палка Каліноўскага. Загінуў 16 траўня 2023 года ў баях каля Бахмуту.

Гісторыі
Якім быў Міраслаў Лазоўскі – і як ваяр «Белага легіёну» кусаў яго за падпаху
2023.06.02 15:25

Баец з пазыўным Мінск. Імя і прозвішча байца не называюцца з прычынаў бяспекі. Вядома, што да вайны некаторы час працаваў журналістам, займаўся тайскім боксам, здымаўся ў кіно, пісаў вершы. Ва Украіне ваяваў у шэрагах ІІ Інтэрнацыянальнага легіёну. Загінуў 5 жніўня 2023 года ў Данецкай вобласці.

Баец з пазыўным Жвір. Як і баец Мінск, Жвір ваяваў у шэрагах ІІ Інтэрнацыянальнага легіёну. Вядома, што з’ехаў з Беларусі, уцякаючы ад рэпрэсіяў, дапамагаў беларускім уцекачам, а пасля далучыўся да ЗСУ. Загінуў 5 жніўня 2023 года ў Данецкай вобласці.

Баец з пазыўным Бахус. Хлопец служыў у палку Каліноўскага. Загінуў 7 кастрычніка 2023 года каля Бахмуту. Яго пахавалі на алеі Славы ва ўкраінскай Каламыі 21 кастрычніка 2023 года. Вядома таксама, што ў гэты ж дзень загінуў яшчэ адзін баец палка Каліноўскага, чые імя і прозвішча не называюцца.

Павел Горбач на пазыўны Борт. У Беларусі быў чальцом фан-групы менскага «Дынама». З 2012 да 2015 года працаваў паводле кантракту ва Узброеных сілах Беларусі. Браў актыўны ўдзел у пратэстах 2020 года, пасля чаго быў вымушаны выехаць з краіны. Пайшоў на вайну добраахвотнікам, браў удзел у абароне Ірпіня. Стаўся камандзірам выведкі батальёну «Тэрор», аднак апошнім часам ваяваў у іншым падраздзяленні. Падрабязнасці гібелі беларуса невядомыя. Звесткі пра смерць з’явіліся ў канцы кастрычніка 2023-га. Паўлу быў 31 год.

Гэта далёка не ўсе ваяры, якія загінулі, абараняючы Украіну. Імёны і прозвішчы некаторых наўмысна не раскрываюцца з пытанняў бяспекі. Гэтак, вядома, што 28 ліпеня 2022 года загінуў адзін з байцоў батальёну «Волат» палка Каліноўскага падчас аперацыі для вызвалення ўкраінскага сяла ад расейскіх захопнікаў. Яшчэ два каліноўцы загінулі 3 кастрычніка ў Запарожскай вобласці і 7 лістапада 2022-га.

Чацвярых ваяроў «Волата» не стала 16 траўня 2023 года каля Бахмуту разам з Міраславам Лазоўскім. Тры ваяры батальёну «Ліцвін» і адзін батальёну «Волат» загінулі 31 ліпеня.

Яшчэ два беларускія добраахвотнікі загінулі ў другой палове студзеня 2024 года.

Загінулі за «русский мир»

Але ваююць беларусы не толькі на баку Украіны, некаторыя нашыя суайчыннікі бяруць удзел у баях і з другога боку. Вядома, што ў перыяд з 2014 да 2021 года на ўсходзе Украіны ў складзе вайсковых фармаванняў непрызнаных ЛДНР бралі ўдзел сотні беларусаў. У 2019-м іхную колькасць ацэньвалі прыблізна на 500 чалавек. Згодна са звесткамі ў кнізе «Беларускі Данбас», супраць Украіны з 2014 да 2020 года маглі ваяваць 700–750 беларусаў. У базу звестак баевікоў, створаную супольна КДБ і МУС, апублікаваную ініцыятываю «ByPol», былі залучаныя 140 прозвішчаў.

Дакладнай колькасці нашых суайчыннікаў, якія загінулі за «русский мир», знайсці нідзе не ўдалося, таму мы пастараліся сабраць імёны, вядомыя на гэты момант.

Раман Гровіч. Паходзіў з Кобрына, нарадзіўся ў 1974 годзе. У 1995-м скончыў Сызранскую вышэйшую авіяцыйную вучэльню. Быў камандзірам верталётнага звяна, служыў у званні маёра. Загінуў у першы ж дзень вайны, 24 лютага 2022 года, ягоны верталёт быў збіты над Кіеўскім вадасховішчам.

Мікалай Маркаў. 67-гадовы лётчык, служыў у прыватнай вайсковай кампаніі, лётаў Су-25. Самалёт Маркава быў збіты над Папаснаю Луганскай вобласці 12 траўня 2022 года. Пахаваны ў Лідзе.

Уладзіслаў Чарноў. Нарадзінец Магілёўскай вобласці, сям’я пераехала ў Тамбоўскую вобласць Расеі, калі Уладзіславу было два гады. Служыў у расейскім войску паводле кантракту. Загінуў 28 сакавіка. Узнагароджаны пасмяротна расейскім ордэнам за мужнасць.

Ілля Курналёў на пазыўны Беларус. Нарадзіўся ў 2000 годзе ў Ганцавічах Берасцейскай вобласці, потым сям’я пераехала ў Данецк. Загінуў 30 сакавіка 2022 года. Абставіны гібелі невядомыя.

Допіс пра гібель Іллі Курналёва. Скрыншот: МЕМОРИАЛ ГЕРОЕВ ДНР | ЛНР / Вконтакте

Пётр Лузанаў на пазыўны Пятровіч. Паходзіў з Мазыра, вучыўся ў Вайсковай акадэміі ў Менску. Верагодна, ваяваў на Данбасе ў 2014–2015 гадах. Камандзір роты фармаванняў непрызнанай ДНР. Загінуў 24 сакавіка 2022-га. Яму было 33 гады.

Васіль Курловіч. Нарадзінец Ваўкавыску. Служыў намеснікам камандзіра агнямётнага ўзводу, меў званне старэйшага сяржанта. Служыў у вайсковых падраздзяленнях непрызнанай ЛНР. Меў пяць судзімасцяў за захоўванне наркотыкаў. Загінуў у сакавіку 2022-га. Яму было 48 гадоў.

Павел Макараў. Нарадзіўся ў Менску. Ваяваў у складзе выведнай роты парашутна-дэсантнага палка. Служыў у расейскай арміі паводле кантракту. Загінуў 19 красавіка 2022 года. Паўла пахавалі ў Кастраме. Яму было 35 гадоў.

Павел Яўглеўскі на пазыўны Кадэт. Нарадзіўся ў Лідзе ў 1971 годзе, скончыў сувораўскую вучэльню ў Менску. Ваяваў на Данбасе з 2014-га, камандаваў 4-м батальёнам 105-га палка самаабвешчанай ДНР, меў званне маёра. Загінуў у красавіку 2022 года падчас атакі на пазіцыі палка «Азоў» у Марыупалі.

Андрэй Бабко. Нарадзіўся ў Беларусі, вучыўся ў школе ў Цверы, пасля – у сувораўскай вучэльні. Ва Украіне служыў у складзе танкавага выведнага батальёну ў званні старэйшага лейтэнанта. Дата гібелі невядомая. Развіталіся з ім 11 чэрвеня 2022-га ў Цверы.

Аляксандр Шыянаў на пазыўны Рыкс. Быў паходным атаманам Вялікага брацтва казацкіх войскаў і ваяваў у складзе атраду «Дон». Загінуў 30 чэрвеня 2022 года.

Іван Ігнаценка. Нарадзіўся ў Гомлі ў 1991 годзе. Пасля заканчэння Балтыйскага вайскова-марскога інстытуту ў Калінінградзе служыў на Паўночным флоце. Ваяваў з траўня 2022-га, прыйшоў на вайну добраахвотнікам, служыў намеснікам камандзіра роты ў вайскова-палітычнай працы. Загінуў 16 жніўня 2022 года. Пасмяротна ўзнагароджаны ордэнам Мужнасці.

Аляксей Цішкевіч. Паводле непацверджанай інфармацыі, трапіў у вагнэраўскія найміты з калоніі, дзе мусіў адбываць пакаранне (15 гадоў) паводле наркатычнага артыкулу. Быў двойчы пад судом у Беларусі за крадзяжы. Загінуў каля Бахмуту 26 лістапада 2022 года.

Віталь Загнеткін на пазыўны Шчур. Да вайны жыў у Барысаўскім раёне Менскай вобласці. У баявых дзеяннях ва Украіне браў удзел у складзе ПВК Вагнэра. Загінуў 18 лютага 2023 года каля Бахмуту, падарваўшыся на міне.

Вячаслаў Моніч. Нарадзіўся ў Пінску. Служыў у 9-м упраўленні дэпартаменту аператыўнай інфармацыі 5-й службы ФСБ Расеі. Загінуў 25 сакавіка 2023-га ў веку 48 гадоў.

Нарадзінцы Беларусі Павел Макараў і Вячаслаў Моніч, якія загінулі ва Украіне. Крыніца: poternet.site

Аляксандр Міхайлаў. Паводле непацверджаных звестак, мог паходзіць з Берасця. Ваяваў у складзе ПВК Вагнэра. Загінуў 5 чэрвеня 2023 года.

Яраслаў Асташкоў. Паходзіць з Акцябрскага Гомельскай вобласці. Пасля заканчэння школы ў Беларусі паступіў у Разанскую вышэйшую паветрана-дэсантную камандную вучэльню. Загінуў 29 чэрвеня 2023 года.

Ігар Валачылаў. Нарадзіўся на Аршаншчыне ў 1973 годзе. У 1996-м скончыў Стаўрапольскую вышэйшую авіяцыйную інжынерную вучэльню, з 2015-га служыў у вайсковым цэнтры на аэрадроме ў Іванаўскай вобласці Расеі. Меў званне капітана. Выконваў «баявыя задачы» на вайне Расеі ва Украіне. Быў бортмеханікам самалёта Іл-22, які збілі вагнэраўцы падчас свайго мяцяжу.

Сяргей Ланавенка. Нарадзінец Асіповічаў, былы дэсантнік, удзельнік пікетаў на падтрыманне «русского мира». Ваяваў у раёне Аўдзееўкі з канца лютага 2022 года ў складзе «народнай міліцыі ДНР». Загінуў 6 жніўня 2023 года ў веку 47 гадоў.

Сяргей Ланавенка. Здымак з відэа: Алена Курхінен / YouTube

Дзяніс Лазараў. У дакументах, апублікаваных украінскім журналістам Андрэем Цапліенкам, было пазначана, што Лазараў нарадзіўся 25 верасня 1976 года ў Гомлі. Вайсковы білет афіцэра запасу на ягонае імя быў выдадзены 27 снежня 2022 года ваенкаматам Менскага раёну. Службу ў войску Беларусі Лазараў праходзіў з 1995 да 2004 года. Загінуў каля Крынак, ваюючы на баку Расеі. Дакладная дата гібелі невядомая (верагодна, канец 2023 – пачатак 2024 года).

На вялікі жаль, гэтая вайна яшчэ не скончылася. І вельмі прыкра, што яна сталася чарговаю вайною, падчас якой беларусы ваююць з абодвух бакоў.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў