Распачаты прыём заявак на прэмію імя Міхала Анемпадыстава за найлепшы дызайн кніжнай вокладкі


Прэмія заснаваная ў 2019 годзе ў памяць мастака, паэта, фатографа, дызайнера, публіцыста і культуролага Міхала Анемпадыстава. Сёлета адбудзецца ўручэнне дзвюх прэміяў: за вокладку кнігі, выдадзенай у 2022 годзе, і за вокладку кнігі, што выйшла ў свет у 2023 годзе

Ілюстрацыя прадстаўленая рэдакцыі

«Сёлета, распачынаючы новы сезон, мы робім гэта ў дзень памяці Міхала Анемпадыстава, хаця і дагэтуль непамысна гаварыць пра яго ў мінулым часе. Абіраючы сімвалічныя даты для прэміі, мы намагаемся ўшанаваць як асобу і даробак Міхала, так і важную для ягонага жыцця сферу – вокладку беларускай кнігі, што выжывае цяпер насуперак усім абставінам. Візуал не менш (зрэшты, і не больш) важны за слова – у апошнія гады адной з мішэнню рэпрэсій сталі выявы і колеры, якія працягваюць гаварыць, калі словы ўжо (ці яшчэ) маўчаць. Кніга, першае ўражанне пра якую дае вокладка, сёння ў цэнтры нашай увагі», – распавяла старшыня Беларускага ПЭН- цэнтру Таццяна Нядбай.

Ацэньвацца будзе не толькі дызайн і паліграфічнае выкананне вокладкі, але і іх адпаведнасць зместу кнігі. Таму ў журы прэміі ўвойдуць творцы, якія працуюць і з візуальнымі вобразамі, і са словам.

Да ўдзелу ў конкурсе запрашаюцца беларускія дызайнеры, якія стварылі вокладкі да папяровых кніг, што выйшлі ў 2022 і 2023 годзе і адпавядаюць хаця б аднаму з наступных крытэрыяў:

  • кніга выдадзеная ў беларускім выдавецтве;
  • напісаная беларускім аўтарам;
  • напісаная па-беларуску;
  • распавядае пра Беларусь ці беларускую культуру.

Каб падаць вокладку на конкурс, трэба да 6 лютага запоўніць форму. Прапанаваць кнігу на конкурс могуць самі дызайнеры, пісьменнікі, сябры журы, аргкамітэт прэміі, выдавецтвы і наогул любы чытач.

Прэмію атрымае аўтар або каманда аўтараў вокладкі. Сёлета адбудуцца дзве цырымоніі: увесну будзе абвешчаны пераможца прэміі за кнігі, выдадзеныя ў 2022 годзе; увосень, на фестывалі «Бардаўская восень», абвесцяць найлепшую вокладку сярод кніг, выдадзеных у 2023-м.

Абноўлена
У Беларусі выбралі найлепшую вокладку кнігі за год
2021.04.29 20:32

Тэлеканал «Белсат» – генеральны партнёр прэміі.

Міхал Анемпадыстаў працаваў у жанрах графікі, ілюстрацыі, фатаграфіі. Як дызайнер ён ствараў плакаты, паштоўкі, лагатыпы, вокладкі для музычных альбомаў і нават этыкеткі для спіртовых напояў. На пачатку 1990-х ілюстрацыі Міхала Анемпадыстава вызначалі запамінальны стыль часопісу «Бярозка», дзе ён быў мастацкім рэдактарам. У 2011 годзе мастак праілюстраваў кнігу Сяргея Вітушкі «Дзінь-дзілінь: пара гуляць у казкі». Вокладкі, створаныя Міхалам Анемпадыставым, упрыгожваюць пераклады Збігнева Гэрбэрта і Чэслава Мілаша, кнігі Андрэя Хадановіча, Таццяны Нядбай, Сяргея Харэўскага, Наталкі Бабінай ды іншых беларускіх аўтараў.

belsat.eu

Стужка навінаў