Білеты на чарговую прэм’еру тэатральнай групы «Купалаўцы» – спектакль паводле раману Віктара Марціновіча «Сфагнум», былі раскупленыя ў Варшаве за некалькі гадзінаў. Рэжысёр спектаклю Аляксандр Гарцуеў расказаў нам напярэдадні паказу, якімі рэчывамі прыправіў «парадаксальны тэкст Марціновіча», дзе ў Варшаве здабылі сапраўдную паліцэйскую дубінку і чаму гэтая прэмʼера магла не адбыцца…
«Белсат»: Аляксандр Фёдаравіч, які настрой перад стартам?
– Як банальна кажуць у такіх выпадках, баявы!
– Цяжка даўся «Сфагнум»?
– Я скажу так: нязвыкла. Я раблю ўжо другі праект у Польшчы. Першы быў «Гусі-людзі-лебедзі» паводле раману Альгерда Бахарэвіча «Сабакі Еўропы». І вось другі праект, які робіцца ў рэжыме, як я кажу, «брэменскія музыкі». Гэта калі не маем базы, і тэхнічныя праблемы кладуцца на нашыя плечы, а не на тэхнічныя службы. Калі атрымліваем пляцоўку, на якой будзем граць, за два дні да прэм’еры. Да 21 снежня на ёй нават не рэпетавалі. Я толькі прыехаў паглядзець, ці пасуе. Пасуе. Але там тэатр, там штодзень ідуць спектаклі. Усё, што яны маглі – і мы ім вельмі ўдзячныя! – гэта даць нам яе на два дні. А трэба ж і святло выставіць, і шмат рознай працы зрабіць.
Я 42 гады працаваў у тэатры і трошкі да такога не прывык. Але ўсё нармальна, усё будзе добра.
– Але ж, пэўна, маецца ў гэтым нейкі пазітыў?
– Пазітыў у тым, што не спадзяешся «на дзядзю», які ўсё падрыхтуе, а толькі на сябе і сваіх калегаў – прафесіяналаў, якія ведаюць, як трэба рабіць тэатр. Я проста не ўдзельнічаў раней у гэтай плыні андэграўндавых тэатраў, якія і ў Беларусі былі. Не буду казаць, што гэта самадзейнасць, – не самадзейнасць, а плынь самастойных тэатраў без дзяржаўнага забеспячэння. Я стала працаваў толькі ў тэатры Янкі Купалы і, апошнія 10 гадоў, у РТБД. Абодва дзяржаўныя. І прывык да гэтай стабільнай сістэмы, калі шмат розных службаў, і кожная робіць сваю працу. Але гэта цяпер няважна. І без гэтага можна пражыць.
– У 2013 годзе раман Віктара Марціновіча «Сфагнум» нарабіў галасу. Адны былі ў захапленні, іншыя ганьбілі. Падкрэслівалі яго неадназначнасць і супярэчлівасць. А «Сфагнум» біў рэкорды продажаў і пампаванняў. Чаму вырашылі вярнуцца да гэтага твору?
– Я яшчэ раней рабіў спектакль паводле твору Віктара Марціновіча – спектакль «Карʼера доктара Раўса» пра Францішка Скарыну. Асабіста ведаю Марціновіча. І, як мне здаецца, раскусіў ягоны прынцып творчасці, якая напачатку была для мяне таямніцай. Гэта парадаксальнасць, усёабдымная парадаксальнасць. Праз гэты парадокс узнікаюць даволі цікавыя рэчы. Цяпер ужо добра разумею аўтара, ягоную фантасмагорыю, якая мяжуе з рэальнасцю і праз гэта нараджае нейкі іншы свет – і не рэалізм, і не фантастыку – нешта іншае.
А самае галоўнае, ягоная літаратура – тэатральная. Ён падказвае тэатральныя хады сваімі творамі. Іх добра граць, іх добра ставіць. Гэта цікава. Цікава тым, хто гэта робіць, і цікава тым, хто гэта глядзіць.
Мне гэтая супярэчлівасць Марціновіча вельмі падабаецца. Неадназначнасць і супярэчлівасць.
І яшчэ ў яго шмат самаіроніі. І шмат іроніі. І пра беларускі народ, і пра нашую рэчаіснасць. І няма пафасу, няма дурнога пафасу, які я вельмі не люблю.
– Гэты трагічны 2022 год заканчваеце камедыяй?
– Не сказаў бы, што гэта паўнавартасная камедыя. Яна не проста рагатальная камедыя, дзе смешна і больш нічога. Тут смех праз слёзы, смех з сябе. Хутчэй – трагікамедыя. Ну, але я назваў яе так: «бандыцкая камедыя».
Але, паўтаруся, там вельмі шмат трагічнага, праз гэты абсурд, які там існуе. Шмат пераасэнсавання таго, што адбываецца ў краіне. Не, не наўпрост. Гэта не дэкларатыўны палітычны тэатр, які я не люблю. Тут – мастацкае разуменне той рэчаіснасці, таго сфагнуму, у якім мы ўсе жывем. «Уся краіна – сфагнум». Ці то балота, ці то не, людзі там жывуць, на людзей не падобныя, нейкія героі жывуць, якія падумалі, што яны супергероі, а насамрэч – звычайныя прыдуркі. Неяк так.
– Якога тэатральнага рэчыва вы дадалі ў «Сфагнум» Марціновіча, каб атрымаўся «Сфагнум» Гарцуева?
– Добрае пытанне. Звычайна рэжысёр – праваднік ідэяў і думак аўтара, але, мабыць, не зусім. Ён дадае, гэта праўда…
Можа быць, трошкі слёз дадаў, салёных, беларускіх, можа быць, трошкі злосці. Калі гэта можна назваць рэчывам, канечне (смяецца).
– Ух, злосці ў нас цяпер хоць адбаўляй…
– Разумею. Гэта праўда. Але і без яе ніяк не можам абысціся – так жывем.
– Будзе смешна і балюча, так? У адным з інтэрвʼю ў 2020 годзе вы казалі, што беларусы не надта гумарыстычная нацыя. Але і ў цяперашняй сітуацыі трэба спрабаваць смяяцца?
– Так. Але насамрэч мы маем гумар свайго чыну і роду. Ён вельмі падобны на ірландскі – з адценнем чарнаты. Не італьянскі, ад жывата, і не французскі, тонкі, а – ірландскі, народжаны сярод балот, туманаў, гразі ды імхоў. Такі і беларускі.
– Па-мойму, у фінале раману герой атрымлівае ад мясцовага міліцыянта дубцом у пах і трапляе ў службовыя «Жыгулі»…
– Ну, герой у спектаклі таксама будзе атрымліваць. Хоць я трошкі перарабіў Марціновіча. Ён атрымлівае ад галоўнага міліцыянта – ад Выхахулева. Калі той разумее, што ўсё прайграў, нават грошы згубіў – з гэтай злосці пачынае збіваць. Беларусы такія – няўдачнікі: ні бандыты грошы не паднялі, ні міліцыянты – усё паміж пальцаў праскочыла.
Цікава, што ў Варшаве можна паехаць на рынак і купіць сапраўдную паліцэйскую дубінку і сапраўдныя паліцэйскія кайданкі. Тут усё гэта ёсць, так што і ў нас будзе. У Менску такога не купіш.
– Колькі рыхтаваўся спектакль?
– Гледзячы адкуль лічыць. Калі казаць пра рэпетыцыі, то пачалі з сярэдзіны кастрычніка. З паўзамі, пераездамі і перапынкамі. Таму што людзей цяжка сабраць. З Беларусі ўжо нікога не займалі. Збіралі людзей, якія жывуць у Любліне, Беластоку, у Нямеччыне адна акторка жыве, астатнія ў Варшаве. Гэта складана. Рэпетавалі ў Варшаве, у музеі Вольнай Беларусі, у падвале. Два месяцы… Але скажам так: усё за месяц было зроблена.
А калі казаць пра напісанне інсцэнізацыі, пераробліванне літаратурнага фармату ў тэатральны, то гэта вялікая праца, але гэта было даўно.
– Некалькі апошніх пастановак вы рабілі якраз на падставе літаратурных твораў. Чаму?
– Цяпер ёсць беларуская драматургія, але, напэўна, я яе не тое што не разумею, але мне не хапае нейкага фармату. Пʼесы быццам і цікавыя, але – на 40 чалавек, маю на ўвазе гледачоў. Такі моладзевы фармат. Мне гэта не вельмі цікава. Я люблю рабіць палотны. І ў празаічнай літаратуры я такія рэчы знаходжу. А ў драматургіі – не надта.
Таму даводзіцца – і я ўжо насабачыўся – рабіць інсцэнізацыі з раманаў і аповесцяў, так склалася. Пачаў рабіць гэтак яшчэ з Алеся Адамовіча («Не мой») і колькі гадоў гэтым займаюся. Бо пʼесаў мне – менавіта мне – бракуе.
– Білетаў ужо няма. Дзе можна будзе паглядзець спектакль пасля прэмʼеры?
– Мяркую, што ў студзені будзем граць у Варшаве, але не ведаю, дзе менавіта, можа, у тым жа тэатры. У Варшаве цяжка пляцоўку сабе адбіць. Маем планы граць і ў Вільні. Таксама – у Беластоку і Любліне. Будзем апавяшчаць. Але пакуль што гэта толькі планы, а тут на доўгі час наперад не заплануеш.
Я наагул жыву адным днём. Усё даволі спантанна адбываецца. Кожны праект – пад пытанне фінансавання, якое стаіць заўжды вельмі востра. Напрыклад, на пачатку кастрычніка ў нас насамрэч не было грошай на гэты спектакль. Потым зʼявіліся, цалкам нечакана: тыя людзі, якія адмовілі, праз два тыдні вырашылі ўсё ж даць грошы. Тое самае было і з «Гусямі». Усё гэта складана.
– Чаго чакаць пасля «Сфагнуму»?
– Задумы ёсць, але я не буду іх агучваць. Тут няма такога, што здаеш у міністэрства план і можаш казаць пра будучыню, бо ведаеш, што дакладна будзеш гэта рабіць. А тут можна зараз нагаварыць – і ўсяго гэтага не будзе. Ёсць, скажам так, свае ўнутраныя планы, але – не для прэсы. Шмат складнікаў, якія могуць перашкодзіць ажыццяўленню.
– Ці ёсць надзея, што ў купалаўцаў у Варшаве зʼявіцца свая сцэна – свой тэатр?
– Праца ідзе ў гэтым кірунку, вядуцца перамовы. Але я скажу так: больш за ўсё купалаўцы спадзяюцца, што ў 2023 годзе яны будуць граць у горадзе Менску. І гэта сапраўдныя надзеі. І без гэтага цяпер немагчыма жыць.
– Ваш «Сфагнум» – гэта спроба вярнуцца ў Беларусь?
– Уся нашая дзейнасць – гэта спроба вярнуцца ў Беларусь. Усё нашае жыццё тут – гэта спроба захаваць калектыў на высокім узроўні. Дзеля таго, каб вярнуцца ў Беларусь.
– Чаго звычайна зычаць рэжысёрам перад прэмʼерай?
– Гэтага лепш не друкаваць, што мы кажам у вузкіх колах перад прэмʼерай (смяецца). Зычце мне захаваць сілу духа і волі, каб вытрымаў гэты іспыт на прафесійнасць у такіх, больш складаных, умовах.
– Тады – сілы духу вам і таго самага, што не для друку! Дзякуем за інтэрвʼю.
Прэмʼера «Сфагнуму» адбудзецца 22 снежня на сцэне «Przodownik» (ul. Olesińska 21) Драматычнага тэатру Варшавы (пачатак – а 19:00). У спектаклі граюць Сяргей Чуб, Мікалай Стонька, Аляксандр Зелянко, Аляксандр Казела, Алег Гарбуз, Міхась Зуй, Зоя Белахвосцік, Аляксандр Гарцуеў, Валянціна Гарцуева, Кацярына Яворская, Ігар Сігоў. Усе ахвотныя могуць пабачыць спектакль «Сфагнум» падчас онлайн-трансляцыі на YouTube-канале купалаўцаў.
Пастаноўка была ажыццёўленая дзякуючы падтрыманню Тэатральнага інстытуту імя Збігнева Рашэўскага, Драматычнага тэатру Варшавы, фонду «Тутака», Музею вольнай Беларусі і фінансавай дапамозе Стабілізацыйнага фонду. Фінансава падтрымаць тэатральную групу «Купалаўцы» можа кожны.
Зміцер Міраш belsat.eu