Траўматолаг Аляксей Носаў: «Каб зменшыць чэргі на эндапратэзаванне, трэба змяніць сістэму аховы здароўя»


Чарга на эндапратэзаванне ў Беларусі складае ўжо амаль 11 500 чалавек. Дзяржава абяцае вырашыць праблему з дапамогай кітайскіх пратэзаў. Ці дапаможа гэта і як можна зменшыць тэрмін чакання на замену сустава, які цяпер можа расцягнуцца аж на 4 гады? Мы запыталіся ў беларускага артапеда-траўматолага Аляксея Носава, які цяпер працуе ў лякарні ў іспанскім горадзе Валенсія.

Аляксей Носаў. Фота са старонкі ў Facebook

«Чарга тармазіцца за кошт доўгага знаходжання ў лякарні пасля аперацыі»

Чэргі на эндапратэзаванне ў Беларусі былі заўсёды, аднак цяперашняя – у 11 500 чалавек – занадта вялікая, кажа лекар:

«Можаце ўявіць сабе любы населены пункт на мапе ў 11 тысяч чалавек насельніцтва, каб зразумець колькі чалавек чакаюць чаргі».

Паводле Аляксея Носава, чэргі на замену тазгасцегнавага суставу ёсць і ў Іспаніі, дзе лекар цяпер працуе, аднак там праблема вырашаецца – праз скарачэнне тэрміну знаходжання чалавека ў шпіталі ў пасляаперацыйны перыяд. Калі ж такі спосаб цяпер увесці ў Беларусі, няпроста прыйдзецца найперш дашпітальнаму звяну, зазначае траўматолаг, бо яно да гэтага не гатовае.

«У Іспаніі да гэтага ўсё прыстасавана – на 2-5 дзень людзі выпісваюцца дамоў на пасляаперацыйны дагляд у дашпітальным звяне. Яны ходзяць на перавязкі і ў выпадку нейкіх ускладненняў ёсць адпаведныя кансультацыі, – кажа лекар. – У Беларусі ж чарга тармазіцца і за кошт таго, што на пасляшпітальным этапе людзі вельмі доўга знаходзяцца ў лякарні і займаюць койкамесцы, што не дазваляе ўзяць іншых людзей».

Агляд
«Гэта чарговы падман!» Як клінікі парадкуюць чэргі на эндапратэзаванне, каб выканаць загад Лукашэнкі
2023.09.04 19:18

Гэтую праблему цяпер вырашыць не атрымаецца, бо патрэбная рэструктурызацыя ўсёй сістэмы аховы здароўя, мяркуе спадар Аляксей.

«Хоць сістэма аховы здароўя можа перабудавацца даволі хутка, больш за тое, мы гэтую перабудову ўжо прапісалі з калегамі. І я шчыра веру, што калі да ўлады ў Беларусі прыйдуць дэмакратычныя сілы, магчыма, пытанне вырашыцца, бо знойдзеная вельмі добрая схема, якая ўжо працуе ў свеце, у якой спалучаюцца і сацыяльная, і страхавая, і платная медыцына. Такая схема працуе ў Іспаніі. Тут ёсць пэўныя недапрацоўкі, але яны ўлічаныя, мадыфікаваныя і пакуль атрымалася вельмі добра. Таму перабудаваць ахову здароўя будзе нескладана», – кажа лекар.

«Паскораныя курсы перападрыхтоўкі не ўратуюць – будуць інваліднасці, паўторныя аперацыі»

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: freepik.com

Яшчэ адзін фактар, які ўплывае на доўгае чаканне аперацыі ў Беларусі – колькасць спецыялізаваных цэнтраў, якія робяць эндапратэзаванне. У Іспаніі такія аперацыі праводзяць у любым раённым шпіталі, бо гэта не складанае ўмяшальніцтва, зазначае траўматолаг. У Беларусі ж лекараў становіцца ўсё менш, у тым ліку траўматолагаў – праз рэпрэсіі і малыя заробкі медыкі выязджаюць з краіны. І ў гэтай сітуацыі не дапамогуць кароткатэрміновыя курсы перападрыхтоўкі, якія цяпер плануецца праводзіць у Беларусі, лічыць Аляксей Носаў.

«Акрамя падрыхтоўкі яшчэ патрэбныя практыка і напрацоўка. Трэба напрацаваць досвед, бо могуць быць розныя ўскладненні, і калі ў цябе няма пэўнага навыку працы, яны ў любым выпадку ўсплывуць. У выніку пацярпіць якасць, будуць інваліднасці, паўторныя аперацыі. Таму паскораныя курсы не ўратуюць», – кажа лекар.

Гісторыі
Чарга крычала: Навошта нас падманулі? Як выконваюць загад Лукашэнкі праапераваць усіх, хто стаіць у чарзе на эндапратэзы
2023.08.25 19:25

Каб павялічыць колькасць даступных пратэзаў, беларускія ўлады збіраюцца закупляць іх у Кітаі, а ў індустрыяльным парку «Вялікі камень» плануецца наладзіць беларуска-кітайскую вытворчасць пратэзаў.

«Тут пытанне да якасці, – кажа траўматолаг. – Пратэз мусіць праслужыць прыблізна 20 гадоў – такую гарантыю даюць нямецкія спецыялісты. Пратэз не мусіць выклікаць адрынання і металозу атачаючых тканін. То бок, ён павінен функцыянаваць і не выклікаць ускладненні. Але мы тут, у Іспаніі, не карыстаемся кітайскімі пратэзамі, таму я не магу судзіць пра іх якасць. І калі там будзе кепская якасць, колькасць не дапаможа».

Чарга на эндапратэзаванне – праблема не толькі аховы здароўя, а ўсёй дзяржаўнай сістэмы

Агулам жа, мяркуе Аляксей Носаў, вялізныя чэргі на эндапратэзаванне ў Беларусі – гэта пытанне не толькі сістэмы аховы здароўя. Праблема – комплексная.

«Гэта праблема самой сістэмы, якая няправільна ажыццяўляе кіраўніцтва, кепска наладжвае працу і ўзаемадзеянне паміж суб’ектамі ўнутры краіны. Адпаведна, з гэтага ўсё і ідзе. Паўмераў тут не атрымаецца, трэба змяняць сістэму. Ну і больш за тое, ізалявана змяніць сістэму ахову здароўя таксама не атрымаецца. Патрэбныя змяненні ў эканоміцы, у падатковым кодэксе, у працоўным, пенсійным – шмат у чым патрэбныя змяненні», – рэзюмуе медык.

Паводле дырэктара РНПЦ траўматалогіі і артапедыі і галоўнага пазаштатнага траўматолага-артапеда Мінздароўя Міхаіла Герасіменкі, па стане на 1 лістапада 2023 года ў лісце чакання на замену тазасцегнаваога суставу ў Беларусі знаходзяцца 11 485 чалавек. Колькасць тых, хто чакае замены каленнага суставу, медык не ўдакладніў.

За 10 месяцаў 2023 года ў Беларусі зрабілі 7 098 аперацыяў па замене тазасцегнавога суставу і 2 216 – па замене каленнага.

Hавiны
У Магілёве судзяць двух дактароў паводле «справы артапедаў»
2023.09.23 16:55

Каб вырашыць праблему чэргаў, у Беларусі пашыраецца сетка лякарняў, дзе будуць праводзіць замену суставаў, зазначыў дырэктар РНПЦ. Пратэзаванне тазасцегнавога сустава праводзяць у 45 клініках, каленнага – у 16. Акрамя таго, лекараў з усёй Беларусі вучаць рабіць такія аперацыі ў рэгіянальных клініках і на базе РНПЦ траўматалогіі і артапедыі.

У красавіку 2022 года ў Беларусі прайшлі масавыя затрыманні лекараў-траўматолагаў. Паводле ўладаў, выявілася, што 35 лекараў былі замяшаныя ў карупцыйнай схеме – нібыта «прасоўвалі» імпартныя пратэзы сярод «чаргавікоў» замест айчынных і атрымлівалі за гэта ўзнагароду ад фірмаў-пастаўшчыкоў. Лекараў у выніку вызвалілі, аднак шмат каго з іх панізілі ў пасадах і накіравалі працаваць у іншыя клінікі.

Каментар
Беларускім стаматолагам урэжуць цэны. Але яны звыклі «працаваць у стане катастрофы»
2023.11.21 17:27

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў