«Малочная справа»: затрыманы памочнік Лукашэнкі па Віцебскай вобласці Ігар Брыло


Яшчэ нядаўна міністр сельскай гаспадаркі, а потым – інспектар па Віцебскай вобласці Ігар Брыло апынуўся ў СІЗА КДБ па «Малочнай справе». Прычына – у адносінах са Скітавым, піша «Наша Ніва».

Былы міністр сельскай гаспадаркі, інспектар па Віцебскай вобласці Ігар Брыло.
Фота: president.gov.b

Паводле крыніц выдання, Ігар Брыло знік з працоўнага месца ў кампаніі спартыўнага выгляду мужчын некалькі дзён таму, і з таго часу на працоўным месцы не з’яўляўся. Выданне сцвярджае, што чыноўнік затрыманы Камітэтам дзяржаўнай бяспекі па «Малочнай справе». Яе цэнтральным фігурантам, нагадаем, стаў генеральны дырэктар магілёўскага ААТ «Бабушкіна крынка» Генадзь Скітаў.

51-гадовы Ігар Брыло нарадзіўся ў Барысаве, як і Скітаў. Яго кар’ера пачыналася там. У сталіцу яго забралі з пазіцыі намесніка старшыні Барысаўскага райвыканкама па сельскай гаспадарцы. Барысаўскі раён значны як па колькасці буйных сельгаспрадпрыемстваў, так і сваімі перапрацоўчымі вытворчасцямі.

Калі Скітаў кіраваў Барысаўскім мясакамбінатам, Брыло быў ягоным падначаленым. Ëн працаваў там ветэрынарам пасля заканчэння Віцебскай ветэрынарнай акадэміі. Гэтая інфармацыя пацвярджаецца выпіскамі з баз «Белпола».

З гэтай пазіцыі Брыло атрымаў павышэнне ў галоўныя ветэрынары раёна (2004–2006), потым – у райвыканкам (2011–2013), потым – у Міністэрства сельскай гаспадаркі першым намеснікам (2013–2021). У лютым 2022-га ён стаў міністрам сельскай гаспадаркі.

На пасадзе міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Ігар Брыло прабыў трохі больш за год. У ліпені 2023 года яго прызначылі памочнікам Лукашэнкі па Віцебскай вобласці.

Увесь гэты час Брыло захоўваў сяброўскія адносіны са сваім былым начальнікам Скітавым.

Агляд
Пасля «наезду» на малочнікаў узяліся даіць маршрутнікаў. Што вядома аб гучных справах?
2023.11.16 08:10

У КДБ заявілі, што аператыўная распрацоўка Скітава вялася з 2020 года, калі Брыло ўжо займаў кіраўнічыя пазіцыі ў Мінсельгасхарчы. Таму цяпер можна зразумець, у чым могуць абвінавачваць былога міністра сельскай гаспадаркі: у падыгрыванні карупцыйным схемам праз рэгуляванне ці нерэгуляванне індыкатыўных цэнаў (індыкатыўныя цэны ў Беларусі – гэта мінімальныя цэны, па якіх мясная і малочная прадукцыя могуць прадавацца на экспарт, за мяжу; вызначае іх міністэрства).

Па «Малочнай справе» затрымана 26 чалавек, з іх 15 арыштавана. А зараблялі яны, па версіі КДБ, мільёны долараў праз Расею. Сярод фігурантаў справы таксама Генадзь Скітаў, які быў дырэктарам «Бабушкінай Крынкі» з 2019 года. Паведамляецца, што ён ствараў больш выгадныя ўмовы для сеткі кампаній свойго знаёмага Сіруця. І Сіруць манапалізаваў экспарт «Бабушкінай Крынкі».

Hавiны
«Свецяцца і члены ўрада». Удзельнікі «справы малочнікаў» атрымлівалі $10 млн у год – КДБ
2023.11.14 20:22

СП, belsat.eu

Стужка навінаў