Літва робіць больш жорсткімі правілы ўезду іншаземцаў і праверыць беларускіх і расейскіх бізнес-мігрантаў


У Літве робяць больш жорсткімі правілы ўезду, узмацняюць кантроль за іншаземцамі  і правераць бізнесменаў з Беларусі і Расеі, а таксама звернуць увагу на грамадзянаў Літвы, якія набываюць грамадзянства названых краінаў. Аб гэтым паведамляе літоўскае Міністэрства ўнутраных справаў.

Міністарка ўнутраных справаў Літвы Агне Білатайце. Фота прэс-службы МУС Літоўскай Рэспублікі / vrm.lrv.lt

Паведамляецца, што МУС змяняе прававое рэгуляванне, каб «перадухіліць уезд у краіну грамадзянаў варожых Літве замежных дзяржаваў, якія могуць уяўляць пагрозу нацыянальнай бяспецы і грамадскаму парадку».

«Узмацняючы жорсткасць прававога рэгулявання працэдураў правярання іміграцыі і грамадзянства, мы павінны абараніць дзяржаву ад асобаў, якія могуць уяўляць пагрозу нацыянальнай бяспецы», – адзначыла міністарка ўнутраных справаў Агне Білатайце.

Міністарка падпісала папраўкі да загадаў, якія змяняюць парадак выдачы дакументаў замежнікам, якія жадаюць жыць у Літве.

Папраўкі вызначаюць абноўленыя патрабаванні да падавання дадатковых дакументаў або інфармацыі «для пэўных катэгорыяў іншаземцаў», якія звяртаюцца па візу, від на жыхарства ў Літоўскай Рэспубліцы або картку віду на жыхарства для чальца сямʼі грамадзяніна Еўрапейскага Звязу.

«Непаданне запытанай інфармацыі або паданне ілжывых звестак дапаможа Дэпартаменту міграцыі больш эфектыўна ацэньваць рызыку незаконнай міграцыі і прымаць рашэнні аб выдачы або ануляванні дакументаў», – адзначаецца ў паведамленні.

Акрамя таго, запланаваныя іншыя захады, з дапамогай якіх літоўскі МУС у супрацы з іншымі дзяржаўнымі ўстановамі і органамі будзе ўзмацняць «кантроль за побытам іншаземцаў у Літоўскай Рэспубліцы».

Пры гэтым асаблівая ўвага будзе скіраваная на бізнесменаў з Беларусі і Расеі.

Агне Білатайце даручыла літоўскаму Дэпартаменту міграцыі праверыць наяўнасць у Літве замежнікаў, «якія прыбылі з Беларусі, асабліва грамадзянаў Расейскай Федэрацыі (у тым ліку якія маюць падвойнае грамадзянства), паводле схемы пераводу бізнесу».

Таксама, «беручы да ўвагі бягучую сітуацыю і пагрозы», Дэпартамент міграцыі абавязаны надаць «асаблівую ўвагу працэдурам страты грамадзянства Літоўскай Рэспублікі ў выпадках, калі грамадзянін Літоўскай Рэспублікі атрымлівае грамадзянства Рэспублікі Беларусь ці Расейскай Федэрацыі».

Паводле МУС Літвы, неабходна пашырыць «часовыя абмежаванні, вызначаныя Законам аб надзвычайным становішчы», і МУС спадзяецца, што Сойм гэтыя прапановы ўхваліць. Гэта дазволіць «абмежаваць выдачу або змяненне дакументаў, якія даюць права на побыт у Літоўскай Рэспубліцы іншаземцам, ануляваць ужо выдадзеныя дакументы, абмежаваць наданне пэўных паслуг такім іншаземцам або заключэнне ўгодаў, а таксама разгледзець пытанне аб набыцці гэтымі замежнікамі грамадзянства Літоўскай Рэспублікі», – падсумавана ў паведамленні МУС.

Hавiны
Прэзідэнт Літвы папрасіў NATO надаць больш увагі «беларускаму фактару» ў вайне Расеі супраць Украіны
2022.11.21 15:11

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў