Парламенцкая асамблея Рады Еўропы падтрымала ўступленне Украіны ў NATO


Парламенцкая асамблея Рады Еўропы прыняла рэзалюцыю пад назвай «Палітычныя наступствы агрэсіі Расейскай Федэрацыі супраць Украіны», у якой сярод іншага поўнасцю падтрымала мірны план Зяленскага, заклікала да стварэння міжнароднага трыбуналу над Расейскай Федэрацыяй, а таксама прызнала Расею вінаватай у ваенным злачынстве экацыду ў выніку падрыву Кахоўскай ГЭС.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: euneighbours.eu

Народная дэпутатка ад партыі «Слуга народу» і кіраўніца ўкраінскай дэлегацыі Марыя Мезенцава ў сябе ў сацсетках пералічвае 13 пунктаў гэтай рэзалюцыі:

  • уступленне Украіны ў NATO;
  • працяг і павелічэнне грамадзянскай і вайсковай дапамогі, у прыватнасці шляхам рээкспарту ўласных тавараў;
  • фармаванне стратэгічнай еўрапейскай эканамічнай аўтаноміі ад нафты і газу з Расеі, якія выкарыстоўваюцца ў якасці асноўнага інструменту шантажу Еўропы;
  • стварэнне стратэгічнай эканамічнай аўтаноміі ад расейскіх газу і нафты, якімі Масква імкнецца пашырыць імперыялістычную геапалітычную мэту;
  • захады для папярэджання перапродажу расейскіх карысных выкапняў у Еўропу праз трэція краіны;
  • пашырэнне спісу асобаў з РФ, Беларусі і іншых дзяржаў, на якіх могуць быць накладзеныя санкцыі;
  • увядзенне асноўных катэгорыяў для асаблівага назірання за спробамі ўхілення агрэсара ад абмежаванняў;
  • стварэнне гарманізаванага механізму з мэтай маніторынгу выканання санкцыяў і адсочвання парушэнняў, у тым ліку перапродаж тавараў з дапамогай трэціх краінаў;
  • стварэнне публічнага рэестру кампаніяў і асобаў, якія працуюць на карысць Расеі, у тым ліку дапамагаюць ёй абыходзіць санкцыі;
  • прызнанне ПВК Вагнэра, Атраду Кадырава і іншых фармаванняў, якія ваююць супраць Украіны, тэрарыстычнымі групоўкамі;
  • прызнанне расейскага рэжыму такім, што кіруецца небяспечнай ідэалогіяй рашызму, якая складаецца з сотняў прыкладаў ваенных злачынстваў і наўпрост прапагандуе генацыд;
  • заснаванне галіны навукі для вывучэння расейскай каланіяльнай палітыкі і варожых практык РФ, накіраваных на вядзенне імперыялістычнай палітыкі;
  • прызнанне РФ вінаватай у ваенным злачынстве экацыду ў выніку падрыву Кахоўскай ГЭС у імкненні прыпыніць контрнаступленне.

Нагадаем, мірны план быў прадстаўлены ўкраінскім прэзідэнтам на саміце Вялікай дваццаткі ў лістападзе 2022 года. Ён складаецца з 10 пунктаў і сярод іншага ўключае ў сябе вывад расейскіх войскаў з тэрыторыі Украіны і кампенсацыю стратаў.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў