Як бабруец, звольнены з «Белшыны» пасля арышту, змагаўся за аднаўленне на працы


35-гадовы Сяргей Мардушкоў 11 гадоў прапрацаваў на «Белшыне». Сёлета 25 сакавіка мужчына павесіў на сваё акно бел-чырвона-белы сцяг. На наступны дзень Сяргея забралі проста з працы супрацоўнікі ў цывільным. Суд пакараў белшынаўца 15-дзённым арыштам за незаконнае пікетаванне. Пасля вызвалення з бабруйцам разарвалі кантракт за прагулы. Сяргей палічыў сваё звальненне незаконным і звярнуўся ў суд.

Сяргей Мардушкоў каля суда. Бабруйск, 21 чэрвеня.
Фота: Белсат

«Пікетаванне» сцягам на акне і галадоўка ў ізалятары

У сваім пазове Сяргей Мардушкоў прасіў прызнаць звальненне паводле п. 7 арт.42 Працоўнага кодэксу (за прагулы) незаконным, аднавіць яго на працы, выплаціць заробак за вымушаны прагул і 500 рублёў маральнай кампенсацыі.

21 чэрвеня адбылося канчатковае паседжанне. Справу Мардушкова супраць «Белшыны» разглядала ў судзе Бабруйскага раёну і г. Бабруйска Таццяна Шчагельская. Завод рэпрэзентавалі спецыялістка па кадрах Таццяна Радзевіч і юрысконсульт Лілія Пятрова.

Мардушкоў патлумачыў на судзе, што лічыць сваё звальненне незаконным, бо ў яго «не было намеру адсутнічаць на працоўным месцы», ён не змог з’явіцца на працу, паколькі быў «узяты пад варту і адбываў адміністратыўны арышт».

Сяргея затрымалі 26 сакавіка на працоўным месцы. Па мужчыну прыйшлі двое супрацоўнікаў міліцыі ў цывільным і сказалі, што забіраюць яго на размову. «Размова» скончылася складаннем пратаколу паводле арт. 24.23 КаАП («Парушэнне парадку арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў») і ізалятарам часовага ўтрымання. На наступны дзень быў суд, які пакараў Сяргея 15 соднямі арышту. Мужчыну абвінавацілі ў незаконным пікетаванні шляхам вывешвання бел-чырвона-белага сцяга на акно ўласнай кватэры.

У ізалятары Сяргей разам з яшчэ пяццю бабруйцамі, затрыманымі ў Дзень волі, абвесціў галадоўку праз невыносныя ўмовы. Усіх шасцярых кінулі ў карцар, бо мужчыны нібыта адмаўляліся прыбірацца ў камеры. Для галадоўнікаў не прымалі ваду.

Загад аб звальненні падпісаў генеральны дырэктар

Пасля вызвалення Мардушкоў пайшоў на працу, падаў начальніку даведку з ІЧУ пра адбыццё арышту з 26 сакавіка да 7 красавіка. 14 красавіка мужчыну папрасілі напісаць тлумачэнне пра прычыну адсутнасці на працоўным месцы, а 30 красавіка звольнілі за прагулы. Загад аб звальненні падпісаў генеральны дырэктар ААТ «Белшына».

Сяргей Мардушкоў працаваў лагістам у бюро арганізоўванні перавозак. На «Белшыну» бабруец прыйшоў адразу пасля навучання. Апошні раз кантракт з мужчынам перазаключаўся ў 2020 годзе на максімальны тэрмін – 5 гадоў, да 2025 года. Начальнікі розных падраздзяленняў транспартнага ўпраўлення, якія выступалі на судзе сведкамі, казалі пра Сяргея як пра добрага працаўніка, да якога не было прэтэнзіяў. Палітычную пазіцыю, паводле сведкаў, пазоўнік ніколі на працоўным месцы не выказваў.

Сяргей Мардушкоў у судзе. Бабруйск, 21 чэрвеня.
Фота: Белсат

«Я ніяк не мог асацыяваць Мардушкова з удзелам у падобным мерапрыемстве, – казаў на судзе Уладзімір Храмцоў, які на момант затрымання Сяргея быў начальнікам транспартнага ўпраўлення. – Мы ніколі не абмяркоўвалі палітыкі, ён нікога не агітаваў».

Адміністратыўны арышт – не паважная прычына для адсутнасці на працы

Прадстаўнікі «Белшыны» назвалі звальненне Мардушкова цалкам законным.

«Ён доўгі час адсутнічаў на працы. А ў заканадаўстве няма канкрэтызацыі таго, якія прычыны адсутнасці можна лічыць паважнымі, а якія – не. Права ацэнкі даецца наймальніку», – сказала на судзе спецыялістка па кадрах Таццяна Радзевіч.

Кадравіца распавядала, што была створаная адмысловая камісія, якая запрасіла пастанову суда, вывучыла ўсе акалічнасці справы і прыйшла да высновы, што Мардушкоў адсутнічаў на працоўным месцы без паважных прычынаў.

«25 сакавіка пазоўнік у парушэнне Закону аб масавых мерапрыемствах па сваім адрасе вывесіў на акно бел-чырвона-белы сцяг, тым самым заклікаючы да ўдзелу ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве, – казала спецыялістка па кадрах. – Працаўнік мусіў разумець, якія наступствы могуць быць, тым больш што на працоўных месцах неаднаразова праводзілася праца па тлумачэнні недапушчэння парушэння заканадаўства».

«Тлумачальнай працы з падначаленымі не праводзіў, бо я не ў дзіцячым садку працую»

Пасля згоды афіцыйнага прафсаюзу, сябрам якога быў пазоўнік, Сяргея звольнілі.

Сведка Прохар Крук, начальнік бюро аўтамабільных перавозак, непасрэдны начальнік Мардушкова, падкрэсліў, што Сяргей «характарызаваўся са станоўчага боку, не меў парушэнняў, на працу не спазняўся».

На пытанне пракурора, ці Крук тлумачыў сваім падначаленым недапушчальнасць парушэння заканадаўства, сведка адказаў, што такой працы не праводзіў, бо гэта не ўваходзіць у ягоныя службовыя абавязкі.

– А самі вы ведаеце пра тое, што недапушчальна парушаць закон? – пыталася далей пракурор.

– Так, вядома, – адказваў Крук.

– Чаму тады не даводзілі гэта да сваіх падначаленых?

– Яны самі – пісьменныя людзі, я не ў дзіцячым садку працую, – адказваў начальнік бюро перавозак.

Калі ты не згодны з палітыкай дзяржавы, ты не можаш працаваць на дзяржпрадпрыемстве

На судзе выступаў намеснік гендырэктара «Белшыны» па камерцыйных пытаннях Яўген Мікулінскі. Ён распавёў, што як да працаўніка да Мардушкова ў яго прэтэнзіяў не было, але арышт за вывешванне бел-чырвона-белага сцяга ён не лічыць паважнай прычынай для адсутнасці на працы.

«Працуючы на дзяржаўным прадпрыемстве, ты паказваеш, што салідарны з пазіцыяй дзяржавы, – казаў Мікулінскі. – Калі не згодны, рабі высновы і выказвай сваё меркаванне недзе ў іншым месцы».

Суддзя прапанавала бакам заключыць міравое пагадненне. Мардушкоў сказаў, што згодны, але калі звальненне будзе на згоду бакоў. Прадстаўнікі «Белшыны» на гэта адказалі, што такі варыянт быў прапанаваны пазоўніку раней, але ён не пагадзіўся, у выніку наймальнік прыняў рашэнне аб звальненні паводле артыкулу. Мардушкоў зазначыў, што не памятае, каб яму прапаноўвалі сысці па згодзе бакоў.

Суддзя прыняла рашэнне адмовіць у пазове Мардушкову ў поўным аб’ёме.

Сяргея не здзівіў такі вынік. Мужчына не вельмі спадзяваўся на перамогу. Абскарджваць рашэнне суда бабруец не збіраецца – не бачыць сэнсу. Бліжэйшым часам ён плануе шукаць новую працу.

Ганна Ганчар, belsat.eu

Стужка навінаў