Вайна ва Украіне. Падсумоўваем асноўныя падзеі на вечар 22 траўня


«Белсат» падводзіць вынікі 453-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі на вечар 22 траўня чытайце ў нашым аглядзе.

Разбурэнні ў Бахмуце. Фота прэс-службы 93-й асобнай механізаванай брыгады / Reuters / Forum

За апошнія содні вайны Узброеныя сілы РФ нанеслі па тэрыторыі Украіны 6 ракетных і 52 авіяцыйныя ўдары, а таксама здзейснілі 65 абстрэлаў з рэактыўных сістэмаў залпавага агню.

У Генеральным штабе Збройных сілаў Украіны падкрэсліваюць, што для ўдараў па Лімане, Славянску і Касцянтынаўцы расейскія войскі выкарыстоўвалі комплексы С-300, якія не ёсць высокадакладнаю зброяй.

Наземныя аперацыі войскаў РФ былі засяроджаныя на купянскім, ліманскім, бахмуцкім, аўдзееўскім і мар’інскім кірунках у Харкаўскай, Луганскай і Данецкай вобласцях. Цягам содняў на вышэйзгаданых кірунках адбыліся 37 баявых сутыкненняў. Пры гэтым інтэнсіўнасць баявых дзеянняў істотна адрознівалася ў залежнасці ад канкрэтнага ўчастку фронту.

Валынскі і палескі кірункі (украінска-беларускае памежжа)

На мяжы з Беларуссю сітуацыя застаецца нязменнаю: фармавання наступальных груповак на тэрыторыі краіны не зафіксавана.

Сіверскі і слабажанскі кірункі (украінска-расейскае памежжа)

Удзень 22 траўня дыверсійна-выведная група з тэрыторыі Украіны перайшла мяжу з РФ з боку памежнага пераходу «Грайваран» (Белгародская вобласць).

Паводле прарасейскіх крыніцаў, у выніку баёў ДВГ заняла Казінку і Глотава, а таксама ўвайшла ў сяло Гара-Падол, дзе цяпер працягваюцца баі каля мясцовага дому культуры. Беспасярэдне за гэтым паселішчам месціцца раённы цэнтр, горад Грайваран.

У гэты ж час у легіёне «Свабода Расеі», які ўзяў на сябе адказнасць за вылазку, заявілі пра захоп сяла Гара-Падол і пачатак штурму райцэнтру Грайваран. Баі ў горадзе пацвярджаюць і прарасейскія крыніцы.

Паводле папярэдняй інфармацыі, пры мінанні мяжы дыверсійна-выведная група налічвала два танкі, адзін БТР і 9 бранятанкавай машынаў.

Таксама ёсць паведамленні пра заход яшчэ адной ДВГ у іншую памежную мясцовасць у Белгародскай вобласці – вёску Дронаўка.

Улады рэгіёну ўвялі план «Эдэльвейс». Аб’яўлены агульны збор работнікаў ува ўсіх аддзяленнях паліцыі.

Таксама гучаць паведамленні пра эвакуацыю цывільнага насельніцтва з памежных мясцовасцяў.

Дарадца кіраўніка Офісу прэзідэнта Украіны Міхайла Падаляк заявіў, што Кіеў не мае беспасярэдняга дачынення да падзеяў у Белгародскай вобласці.

Купянскі кірунак (паўночна-ўсходняя частка Харкаўскай вобласці і паўночны захад Луганскай)

Паводле Генштабу ЗСУ, на купянскім кірунку расейскія войскі чарговы раз правялі наступальныя дзеянні каля Масютаўкі, намагаючыся палепшыць сваё тактычнае становішча, але поспеху не мелі.

Аналітыкі праекту «Deepstate» заўважаюць, што ў ваколіцы мясцовасці прыбыло падраздзяленне наймітаў і былых вязняў «Шторм-z». Таксама адзначаюць павелічэнне выкарыстання выведнай авіяцыі.

Ліманскі кірунак (паўднёвы захад Луганскай вобласці і поўнач Данецкай)

Украінскае камандаванне паведамляе пра няўдалыя наступальныя дзеянні праціўніка каля Івана-Дар’еўкі. Адначасова з гэтым працягваюцца абстрэлы ўздоўж усёй лініі сутыкнення.

Бахмуцкі кірунак (аднайменны раённы цэнтр і ягоныя ваколіцы)

Намесніца Міністра абароны Украіны Ганна Маляр заявіла, што ЗСУ працягваюць кантраляваць пэўныя аб’екты і прыватны сектар у раёне «Самалёт» на паўднёвым захадзе Бахмуту.

У гэты ж час на поўначы і поўдні ад райцэнтру працягваюцца баі за галоўныя вышыні.

Расейскія сілы чарговы раз контратакавалі каля Іванаўскага, але былі адкінутыя сіламі абароны на старыя пазіцыі.

Аўдзееўскі кірунак (на поўначы ад Данецку)

Паводле ўкраінскага камандавання, войскі РФ наступалі ў бок Аўдзееўскі і Первамайскага, але поспеху не дасягнулі.

«Deepstate» паведамляе, што ЗСУ ўдалося вярнуць частку раней страчаных пазіцыяў каля Краснагораўкі.

У гэты ж час крыніца фіксуе павелічэнне колькасці жывой сілы праціўніка па лініі баявога сутыкнення, а таксама абсталяванне расейцамі дадатковых фартыфікацыйных пабудоваў каля Данецку.

Мар’інскі кірунак (на захадзе ад Данецку)

Як і ў папярэднія дні, расейцы штурмавалі ўкраінскія пазіцыі ў Мар’інцы, а таксама намагаліся абысці горад з флангаў. Пакуль ЗСУ ўдаецца стрымліваць праціўніка.

Шахцёрскі кірунак (паўднёвы ўчастак фронту ў Данецкай вобласці)

На поўдні ад Данецку расейцы не праводзілі наземных аперацыяў, аддаўшы перавагу нанясенню артылерыйскіх удараў.

Запарожскі кірунак (лінія фронту ў аднайменным рэгіёне)

У Запарожскай вобласці войскі РФ таксама засяродзіліся на вядзенні абароны. «Deepstate» фіксуе павелічэнне колькасці фартыфікацыйных пабудоваў каля Бярдзянску, Мэлітопалю, Камянкі і Джанкою.

Херсонскі кірунак (лінія фронту ў аднайменным рэгіёне і на Кінбурнскай касе ў Мікалаеўскай вобласці)

Уздоўж Дняпра працягваюцца артылерыйскія дуэлі. Пра наземныя аперацыі ніводнага з бакоў канфлікту не паведамляецца.

Паводле Генштабу ЗСУ, за апошнія содні вайны сілы абароны краіны знішчылі каля 720 расейскіх вайскоўцаў, пасля чаго агульныя беззваротныя страты РФ дасягнулі 203 880 чалавек.

Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.

ТМ belsat.eu 

Стужка навінаў