Былога прадстаўніка ААН у Беларусі абвінавачваюць у сексуальных дамаганнях


Высокапастаўлены выканаўчы дырэктар Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў у Ціхаакіянскім рэгіёне Санака Самарасінха часова сышоў са сваёй пасады пасля таго, як супраць яго былі атрыманыя скаргі на «нездавальняльныя паводзіны», паведамляе «RNZ Pacific». Да 2018 года ён быў кіраўніком офісу ААН у Беларусі.

Санака Самарасінха. 
Фота: Sanaka Samarasinha / Facebook

Пастаянны каардынатар ААН на Фіджы, Саламонавых выспах, Тонга, Тувалу і Вануату заявіў, што 56-гадовы Санака Самарасінха цяпер у «адміністрацыйным адпачынку з поўным захаваннем сродкаў».

«Арганізацыя атрымала скаргі на магчымыя нездавальняльныя паводзіны, звязаныя з Самарасінхам, і гэтае пытанне цяпер разглядаецца і ўспрымаецца вельмі сур’ёзна», – заявілі ў офісе ААН.

Таксама там дадалі, што «ўсе правы на належную прававую працэдуру будуць выконвацца. Улічваючы патрабаванні канфідэнцыйнасці, ніякая іншая інфармацыя аб працэсе не можа быць прадстаўленая».

Паведамляецца, што электронныя прылады Самарасінхі былі канфіскаваныя, яму таксама загадалі пакінуць краіну. Тэрмін паўнамоцтваў Самарасінхі ў якасці каардынатара-рэзідэнта заканчваецца ў гэтым годзе, і ягоны пераемнік ужо выбраны і будзе прадстаўлены ўраду.

Выданне «Asia Pacific Report» са спасылкай на «RNZ Pacific» паведамляе пра скаргі на Самарасінху, у якіх гаворыцца аб сексуальных дамаганнях. Адзін з заяўнікаў сцвярджаў, што Самарасінха папрасіў яго выдаліць усе электронныя паведамленні паміж імі, сцвярджаючы, што гэта падарвала працэс расследавання. Адна са скаргаў на Самарасінху заключаецца ў тым, што ў лютым на афіцыйнай дыпламатычнай падзеі, якая адбылася ў Вярхоўнай камісіі Новай Зеландыі ў Суве, ён у нецвярозым стане здзейсніў сексуальныя дамаганні супраць заяўніка.

«RNZ Pacific» заяўляе, што Самарасінха глыбока занепакоены надзвычай сур’ёзнымі і разбуральнымі абвінавачваннямі.

«Хоць я вельмі хачу адказаць больш поўна, правілы ААН забараняюць мне рабіць гэта як супрацоўніку. Таму, калі ласка, звяжыцеся з офісам ААН», – сказаў ён.

Паводле інфармацыі Reform.by, аналагічныя паводзіны міжнароднага чыноўніка адзначаліся падчас ягонай працы ў Беларусі, аднак мясцовы персанал не адважваўся апублікаваць факты. Самарасінха займаў пасаду пастаяннага каардынатара ААН / пастаяннага прадстаўніка ПРААН у Беларусі з 2015 да 2018 года.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў