«Ён часта пісаў, а тут не было ніякай інфармацыі». Што вядома пра абставіны смерці палітвязня Вітольда Ашурка


Вітольд Ашурак.
Фота: Facebook / Рух «За Свабоду»

Увечары 21 траўня стала вядома, што ў Шклоўскай калоніі ў веку 50-і гадоў памёр палітвязень, каардынатар Руху «За свабоду» Вітольд Ашурак. Але сваякі дагэтуль амаль нічога не ведаюць пра абставіны і прычыны смерці, датэлефанаванацца да следчых у іх не атрымліваецца.

«Інфармацыі нуль»

«Нічога не вядома. За выходныя мы нічога не даведаемся. Брат тэлефанаваў у магілёўскі Следчы камітэт, яму далі толькі стацыянарныя нумары следчых – яны не адказваюць. А субота і нядзеля – у іх выходныя. Так што, я думаю, да панядзелка мы ўвогуле нічога не даведаемся», – паведаміла «Белсату» жонка палітвязня Вольга.

Афіцыйная прычына смерці – спыненне сэрца. Але, кажа жонка, «сэрца ў яго было здаровае абсалютна». Разам з тым, адзначае яна, у яго быў трамбафлебіт, таксама ў каранціне ён мог заразіцца на каронавірус.

«Але гэта дадумкі, інфармацыі нуль», – падкрэсліла жонка Вітольда Ашурка.

Апошні ліст палітвязень напісаў ёй з брыгады каранціну 30 красавіка.

«Ад таго часу ніводнага лісту не было. Вользе Быкоўскай ён яшчэ адзін ліст даслаў – і ўсё, больш лістоў ад яго са Шклоўскай калоніі не было. А ён часта пісаў. Раз у дзесяць дзён стабільна ад яго быў ліст. А тут не было ніякай інфармацыі», – падкрэсліла Вольга Ашурак.

Ліста Вітольда Ашурка з вязніцы.
Фота: чытачы «Белсату»

Адзначым, што ў лісце са Шклоўскай калоніі, які 16 траўня апублікавала прэс-служба Руху «За свабоду», Вітольд Ашурак паведамляў, што палітвязняў у калоніі пазначаюць жоўтымі біркамі.

«Адміністрацыя выдала загад мець жоўты колер бірак на адзенні, і таму палітычных можна адрозніць здалёк», – пісаў Вітольд.

«Кожны з нас прыходзіць да Беларусі сваім адмысловым шляхам»

Вітольду Ашурку было 50 гадоў. Як пісаў ён у сваіх лістах, «наша сям’я, як і ўвесь беларускі народ, прайшла праз полымя і пекла». Гэтак, было бежанства ў 1915-1921 гадах у Самары, расстрэл аднаго дзеда, Альфрэда, у 1940 годзе савецкімі войскамі ў Катыні, а затым удзел другога, Мірона, у Другой сусветнай вайне на баку СССР у 1944-1945 гадах. Перажыла ягоная сям’я ў 1940-х таксама голад і калектывізацыю.

Hавiны
5 гадоў калоніі: у Лідзе вынеслі прысуд вядомаму актывісту Вітольду Ашурку
2021.01.18 12:40

У палітыцы Вітольд быў больш за 10 гадоў. Упершыню яго затрымалі падчас Плошчы-2010. Пасля гэтага ён уступіў у Партыю БНФ, стаў сябрам Сойму партыі ды Гарадзенскім абласным каардынатарам Руху «За свабоду».

«Кожны з нас прыходзіць да Беларусі сваім адмысловым шляхам – хто праз гісторыю нашай гераічнай Айчыны, хто праз рэлігію, хто праз асэнсаванне свайго асабістага месца пад сонцам, хто праз турму, хто праз дотык да нашай зямлі… Але ў рэшце рэшт мы ўсе прыходзім да Беларусі. Ёсць у гэтым нешта таямнічае, містычнае. Мы нібы спім да часу! А потым прыходзіць час, і мы расплюшчваем вочы…», – пісаў Вітольд з вязніцы.

Ліста Вітольда Ашурка з вязніцы.
Фота: чытачы @belsat

У грамадскай дзейнасці ён злавіў улады на забруджванні рэк Дзітва і Нёман (актывіст звяртаўся ў пракуратуру з патрабаваннем завесці крымінальную справу і знайсці вінаватых у забруджванні рэк летам 2019 года, калі ў іх злілі нечыстоты з тэрыторыі Лідскай ЖКГ), змагаўся супраць будаўніцтва другога цэху шклаваты ў Бярозаўцы (26 красавіка 2020 года ён выйшаў на адзіночны пікет да прахадной заводу «Нёман» з плакатам «Шклавата – наш Чарнобыль»), быў адным з ініцыятараў усталявання памятных знакаў у гонар паўстанцаў Кастуся Каліноўскага, праводзіў розныя акцыі ў Бярозаўцы, удзельнічаў у маршы на Дзень Волі, акцыі памяці паўстанцаў Каліноўскага, маршы недармаедаў супраць Дэкрэту № 3. Двойчы ў якасці кандыдата ў дэпутаты ўдзельнічаў у парламенцкіх выбарах.

Вітольд Ашурак вядомы таксама сваімі крэатыўнымі акцыямі. Так, 7 лістапада 2017 года актывіст усклаў да помніку Леніну ў Бярозаўцы вянок з чарапамі і надпісам «Гары ў пекле, кат». Ён тады патлумачыў журналістам, што зрабіў гэта, каб нагадаць пра мільёны людзей, якіх забілі бальшавікі. У снежні 2019 года Вітольд Ашурак ладзіў адзіночны пікет у Лідзе супраць інтэграцыі Беларусі і Расеі. Накінуўшы на плечы бел-чырвона-белы сцяг, ён трымаў у руках плакат з надпісам «Беларусь не Расея».

Вітольд Ашурак.
Фота: Facebook / Valer Byčkoūski

«Вясна абавязкова прыйдзе на нашу зямлю»

Актывіста затрымалі 9 жніўня 2020 года на некалькі дзён, а потым 19 верасня пакаралі 30-дзённым адміністратыўным арыштам за ўдзел у васьмі мітынгах. Ён адбываў пакаранне ў лідскім ізалятары. Аднак пасля содняў Ашурка не выпусцілі, працягваючы ўтрымліваць ужо паводле крымінальнай справы. Суд па справе зрабілі закрытым з-за «пагрозы дзяржаўнай бяспецы». Асуджанага прызналі палітычным зняволеным.

Hавiны
Суд па справе актывіста Ашурка зрабілі закрытым з-за «пагрозы дзяржаўнай бяспецы»
2020.12.28 19:07

18 студзеня 2021 года суддзя Лідскага раёну Максім Філатаў вынес прысуд: Вітольда Ашурка прызналі вінаватым паводле артыкулаў 342 ч. 1 («Удзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак») і 364 («Гвалт у дачыненні супрацоўніка міліцыі») КК. Яму прысудзілі 5 гадоў калоніі агульнага рэжыму і выплату 1000 рублёў на карысць пацярпелага міліцыянта.

«Я малюся за Вас і прашу ў Бога міласці! Упэўнены, што наш Бог не пакіне свой народ у бядзе! І вясна абавязкова прыйдзе на нашу зямлю!» – пісаў ён у лісце 14 красавіка.

«Я ўпэўнены, што маладыя перамогуць. І я ганаруся, што я разам з моладдзю!» – адзначаў Вітольд 3 лютага.

Ліста Вітольда Ашурка з вязніцы.
Фота: чытачы @belsat

Дата развітання з памерлым пакуль невядомая.

Hавiны
«Давесці справу да канца». Ціханоўская і Латушка пракаментавалі смерці ў калоніі Вітольда Ашурка
2021.05.22 09:37

МГ belsat.eu

Стужка навінаў