Відавочна, што беларусы ў сваёй большасці не падтрымліваюць вайны Расеі ва Украіне. Пра гэта падчас прэс-канферэнцыі 22 красавіка заявіла спецыяльная прадстаўніца ЗША па Беларусі Джулі Фішэр.
Дыпламатка падкрэсліла, што беларусы не хочуць, каб беларускія вайскоўцы бралі ўдзел у вайне, а расейскія – заставаліся ў Беларусі і нападалі на Украіну з яе тэрыторыі:
«Лукашэнка прадаў суверэнітэт Беларусі, каб заставацца ва ўладзе. Ён здаваў беларускі суверэнітэт 28 гадоў, і гэты працэс паскорыўся пасля фальсіфікацыі выбараў у 2020-м».
Паводле Джулі Фішэр, Беларусь, як і Украіна, стаіць перад выбарам, хто будзе вызначаць яе будучыню – уласны народ ці Уладзімір Пуцін, які не разглядае іх як незалежныя краіны. Але ў адрозненне ад Украіны Аляксандр Лукашэнка дае супрацьлеглы адказ.
«І гэта дадатковы выклік для народу Беларусі, бо Беларусь стала часткай гэтай вайны», – заявіла амбасадарка, падкрэсліўшы, што Лукашэнка дазволіў Расеі атакаваць Украіну са сваёй тэрыторыі.
Але, нягледзячы на тое, што Беларусь стала ўдзельніцаю вайны, Злучаныя Штаты адрозніваюць рэжым у Менску, які падтрымлівае канфлікт, і беларускі народ, які працягвае гэтаму супрацьстаяць. Пры гэтым Джулі Фішэр падкрэсліла «надзвычайную смеласць» тых беларусаў, хто працягвае публічна пратэставаць супраць вайны «ў настолькі аўтарытарным атачэнні».
«І гэта тая рэч, якую Пуцін і Лукашэнка не ўлічылі, калі пачалі гэтае ўварванне. Гэта стварае новыя імпульсы для беларускага дэмакратычнага руху, бо народ Беларусі катэгарычна супраць агрэсіі ў суседняй краіне», – адзначыла дыпламатка, дадаўшы, беларусы – на баку Украіны.
Амбасадарка заявіла, што ЗША працягваюць адсочваць рэпрэсіі ў Беларусі, у тым ліку ў дачыненні незалежных медыяў.
Каментуючы ліст Уладзіміра Макея да заходніх краінаў з прапановамі палепшыць стасункі, Джулі Фішэр адзначыла: Менск прызнаў, што пакутуе ад ізаляцыі, якую стварыў Лукашэнка. Але для паляпшэння стасункаў і зняцця санкцыяў неабходна зрабіць шэраг ключавых дзеянняў:
І, адзначыла Джулі Фішэр, улады Беларусі пакуль вельмі далёкія ад такога пошуку дыялогу. На гэты момант Беларусь ёсць суагрэсарам.
У сваю чаргу ЗША працягнуць падтрымліваць Святлану Ціханоўскую як лідарку беларускіх дэмакратычных сілаў.
ПС belsat.eu