ЕЗ не змог прыняць рашэнне аб пошлінах на зерне з Беларусі і Расеі


Удзельнікі саміту ЕЗ не прынялі практычных рашэнняў наконт прапановы Еўракамісіі ўвесці забаронныя тарыфы на аграрную прадукцыю Расеі і Беларусі, піша ТАСС.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Mirosław i Joanna Bucholc / Pixabay

«Еўракамісія агучыла сваю прапанову па тарыфах, якія прынялі да ведама дзяржавы ЕЗ. Гэтая тэма зараз будзе абмяркоўвацца ў Савеце ЕЗ [на ўзроўні міністраў]», – заявіла крыніца агенцтва.

Для прыняцця новага рашэння можа спатрэбіцца шмат часу – ад тыдня да некалькіх месяцаў, у залежнасці ад таго, як падзеляцца меркаванні членаў ЕЗ. Зрэшты, аднагалоснага рашэння не патрэбна, дастаткова большасці галасоў.

Тым часам у Беларусі паспяшылі заявіць, што ім усё адно: нібыта ўвазныя пошліны ад Еўразвязу на зерне не нашкодзяць беларускай эканоміцы. Аб гэтым раней расказалі ў Міністэрстве сельскай гаспадаркі і харчавання рэспублікі. У міністэрстве адзначылі, што Беларусь у прынцыпе не экспартуе зерне ў ЕЗ, а толькі прадукты перапрацоўкі. І ў малой колькасці.

«ЕЗ – гэта не наш асноўны рынак па прадукцыі перапрацоўкі», – растлумачылі сваю пазіцыю ў ведамстве.

Еўракамісія плануе ўвесці пошліны на зерне з Беларусі і Расеі. За кожную тону будзе налічвацца па 95 еўра. Таксама пошліны ў памеры 50 працэнтаў увядуць на насенне алейных культур і прадукты іх перапрацоўкі.

Гэтыя меры прывядуць да таго, што кошты на беларускае і расейскае зерне павялічацца мінімум на 50 %. З-за гэтага попыт на іх упадзе. Абмежаваць імпарт збожжавых з Беларусі і Расеі патрабавалі Польшча і краіны Балтыі.

Таксама кіраўнік Еўракамісіі Уршуля фон дэр Ляен заявіла, што ЕС не хоча, каб Беларусь і Расія атрымлівалі які-небудзь прыбытак ад аграрнага рынку ЕС.

«Гэта значыць, накладваючы тарыфы на зерне, мы падрываем яго [АПК Беларусі і Расеі] канкурэнтаздольнасць. Мы не хочам, каб расійскае зерне ўплывала на наш рынак», – заявіла фон дэр Ляен.

Пры гэтым захаваецца магчымасць транзіту збожжа праз ЕЗ, каб не падрываць харчовую бяспеку краін глабальнага Поўдня.

Hавiны
Беларусь можа страціць сотні мільёнаў еўраў ад збожжавых санкцыяў ЕЗ. Але ці гэта балюча?
2024.03.22 19:46

Ася Саковіч belsat.eu

Стужка навінаў