Хрэнін паабяцаў збіваць самалёты NATO, «калі ўжо зусім страчаныя тармазы»


Міністр абароны лукашэнкаўскага рэжыму Віктар Хрэнін у інтэрв’ю тэлеканалу «Россия-24» заявіў, што войскі Беларусі будуць збіваць авіяцыю суседніх краінаў, калі тая перасячэ дзяржаўныя межы.

Міністр абароны Беларусі Віктар Хрэнін на вучэннях. 31 ліпеня 2022 года.
Фота: Міністэрства абароны Беларусі

Міністр заявіў, што са жніўня 2023 года зафіксавана шэсць парушэнняў дзяржаўнай мяжы ў паветранай прасторы.

«Мы на ўсе парушэнні рэагуем. Калі трэба – узнімаецца наша баявая авіяцыя, прыводзяцца ў адпаведныя ступені гатоўнасці зенітна-ракетныя войскі. Калі ўжо зусім страчаныя тармазы з іх боку, вядома, мы будзем збіваць, цырымоніцца не будзем», – сказаў Віктар Хрэнін.

Паводле яго, пад выглядам вучэнняў NATO каля межаў Беларусі могуць стварацца ўдарныя групоўкі. Галоўная задача – «не праспаць» гэта, адзначыў міністр.

«Калі гэта сапраўды пачне перарастаць у стварэнне больш магутных груповак або яшчэ чагосьці, будзе рэакцыя ў адказ з нашага боку», – заявіў Хрэнін.

Таксама ён паведаміў, што Украіна засяродзіла на мяжы з Беларуссю ўдарную групоўку колькасцю 112–114 тыс. чалавек. Але пры гэтым, паводле яго, такая сітуацыя не патрабуе нарошчвання дадатковых ваенных сілаў.

Каментар
Лукашэнка спужаўся расколу элітаў і анансаваў атакі на Польшчу? Што значаць новыя выказванні
2024.02.20 19:38

Аляксандр Лукашэнка 20 лютага правёў «пашыраную нараду ў пытаннях бяспекі», на якой заявіў, што польская і амерыканская выведкі рыхтуюць буйнамаштабную правакацыю супраць грамадзянскага насельніцтва Польшчы, у якой абвінавацяць Расею і Беларусь. Яшчэ палітык накручваў грамадства пагрозаю Трэцяй сусветнай вайны і абвінаваціў апазіцыю ў супрацы з Захадам.

Міністр-каардынатар спецслужбаў Польшчы Томаш Семоняк назваў гэтыя сцвярджэнні Лукашэнкі «поўнай лухтой». Ён адзначыў, што такую правакацыю могуць здзейсніць падкантрольныя Пуціну і Лукашэнку спецслужбы, каб абвінаваціць у іх польскія ўлады.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў