Аляксандр Лукашэнка 20 лютага выступіў перад кіраўніцтвам дзяржаўных органаў сістэмы нацыянальнай бяспекі, агучыў пагрозы Польшчы (з боку польскай і амерыканскай выведак) і беларускім чыноўнікам (з боку польскай выведкі). «Белсат» спытаў у лідара НАУ і ў палітолага, што гэта значыць.
На выступе перад сілавікамі Аляксандр Лукашэнка засцерагаў: «нас зноў паспрабуюць расхістаць» у час выбараў у Палату прадстаўнікоў і фармавання «Усебеларускага сходу». Паводле яго, «беглыя і іхныя заходнія куратары» рыхтуюць ці то дзяржаўны пераварот і гвалтоўны захоп улады, ці то рэпетыцыю перавароту ў час прэзідэнцкіх выбараў 2025 года, ці то «інструменты мяккай сілы на выпадак правалу першых двух сцэнароў».
Сярод іншага ён агучыў пагрозы і Польшчы, і сваім жа чыноўнікам. Як перадае «БелТА», Лукашэнка казаў, што атрымаў аператыўную інфармацыю, нібыта польская і амерыканская выведкі рыхтуюць маштабную правакацыю супраць грамадзянскага насельніцтва Польшчы, у якой абвінавацяць Расею і Беларусь.
Палітычны аглядальнік радыё «Свабода» Валер Карбалевіч нагадвае «Белсату»: Лукашэнка рэгулярна выступае з канспіралагічнымі тэорыямі, вінаваціць Захад.
«Можна, канешне, будаваць розныя версіі, але самая простая і самая, як мне падаецца, бліжэйшая да рэальнасці версія – што за гэтымі словамі проста нічога не стаіць», – лічыць Карбалевіч.
Па словах Карбалевіча, Лукашэнка «дасягнуў такіх вышыняў, што даўно не адказвае за свае словы». Лукашэнка можа казаць любыя рэчы, не зважаючы на тое, як яны суадносяцца з рэальнасцю. На заявы пра пагрозы Польшчы можна не звяртаць увагу, лічыць палітычны аглядальнік. Лукашэнка спасылаецца на «закрытую інфармацыю», якую немагчыма ні пацвердзіць, ні абвергнуць, а гэта тыповая прыкмета канспіралогіі.
Тым больш, Польшча, як кажа Карбалевіч, гэта «экзістэнцыйны вораг Лукашэнкі». Галоўных ворагаў цяпер, з гледзішча Лукашэнкі, тры: Злучаныя Штаты, Польшча і Украіна. Казаць, што ЗША збіраецца напасці на Беларусь, цяжкавата, а Польшча – вось жа яна побач! Ды і нядаўна Лукашэнка распавядаў, што Польшча збіраецца захапіць заходнюю частку Беларусі, нібыта нават абмяркоўвала гэта з лідарамі апазіцыі абмен на заходнія землі Расеі…
Намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінету і кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка ж лічыць, што выказванні Лукашэнкі – гэта «на злодзеі шапка гарыць».
«Калі правакацыя і рыхтуецца, то менавіта Лукашэнка і рыхтуе гэтую правакацыю, – кажа Латушка «Белсату». – Яшчэ з 2020 года ён кажа заўсёды пра нейкія правакацыі з боку заходніх краінаў, а па сутнасці правакацыямі і іншым займаецца толькі сам рэжым Лукашэнкі».
Латушка нагадвае пра прымусовую пасадку самалёта «Rianair» дзеля захопу журналіста Рамана Пратасевіча, пра штучна створаны міграцыйны крызіс на межах дзяржаваў Еўразвязу, пра саўдзел у расейскай агрэсіі супраць Украіны. На думку палітыка, гэта «перакладванне з хворай галавы на здаровую».
«Па сутнасці ён так падкідвае саломку пад тое, што можа зрабіць нешта дрэннае, – разважае Латушка пра Лукашэнку. – Можна задацца таксама пытаннем: чыстасардэчнае прызнанне змяншае адказнасць?»
Разам з тым Лукашэнка заявіў, што Польшча спрабуе завербаваць высокапастаўленых беларускіх чыноўнікаў, каб імі замяніць Святлану Ціханоўскую і Паўла Латушку (якіх не называе па імёнах – толькі каверканымі мянушкамі). Па словах Лукашэнкі, Польшча будзе шукаць або ствараць новых лаяльных Захаду апазіцыйных дзеячаў у Беларусі, пры тым будзе ўжываць усе метады: ад подкупу і шантажу да пагрозаў чыноўнікам і іхным блізкім.
Што бы значыла гэтае выказванне? Ці вядзецца пра нейкіх людзей, з якімі ўжо трымаюць кантакт дэмакратычныя сілы?
Латушка лічыць, што Лукашэнка выказвае, па-першае, крыўду пра старое: абзывае людзей, як у дзіцячым садку. Па-другое, Лукашэнку несумнеўна дакладваюць пра дзеянні дэмакратычных сілаў – як лічыць лідар НАУ, Лукашэнку мог зачапіць даклад Камітэту дзяржаўнай бяспекі, што «яны спрабавалі чыноўнікаў перацягнуць на свой бок», а магла зачапіць проста сама праграма «Кадравага рэзерву».
«У разуменні гэтага чалавека няма ніякіх дэмакратычных сілаў, а ёсць толькі заходнія выведкі, якія хочуць яго знішчыць, адабраць у яго ўладу і гэтак далей, – кажа Латушка пра Лукашэнку. – Ён свой светапогляд транслюе і на ўсіх астатніх: не лічыць, што можа быць грамадскі рух, нейкія дзеянні людзей, гэта ж усё праз выведкі каардынуецца і вырашаецца.
Тым больш, гэта сведчыць, што ён баіцца расколу эліт. Латушка бачыць, што ўсё ж нейкія канфлікты, нейкія супярэчанні нарастаюць унутры сістэмы. А яму вельмі важна кантраляваць гэтую сістэму, даваць мэсэджы ў яе, што ён усё кантралюе, хай ніхто сабе нічога нават і не думае».
Суразмоўца нагадвае пра нядаўняе затрыманне ў межах «малочнай справы» памочніка Лукашэнкі па Віцебскай вобласці, колішняга міністра сельскай гаспадаркі Ігара Брыло. Латушка дапускае, што Брыло мог быць сярод тых, хто мог Лукашэнку супярэчыць, а Лукашэнка не любіць тых, хто нават спрабуе пярэчыць яму, разглядае іх як асабістую пагрозу.
Валер Карбалевіч не разумее сэнс выказвання Лукашэнкі: навошта мяняць Ціханоўскую і Латушку на чыноўнікаў з атачэння Лукашэнкі? Якім чынам яе замяніць? Калі б хацелі замяніць Лукашэнку кімсьці з ягоных чыноўнікаў, гэта б мела нейкі сэнс. Маўляў, гэта абсурд, які каментаваць цяжка. Але для Лукашэнкі гэта звычайна, калі ён кажа незразумела і намёкамі.
«Як вось тое, што ён расказвае, што апазіцыя нібыта рыхтуецца пад выбары ажыццявіць мяцеж, дзяржаўны пераварот… Ну, як гэта каментаваць, калі апазіцыя ўвогуле заявіла, што мы не ўдзельнічаем, і заклікала насельніцтва не прыходзіць на выбары?» – пытае Карбалевіч.
Але што магло быць падставай для такіх выказванняў, штуршком? Карбалевіч разважае: нарада жа, сабраліся вайскоўцы і людзі з пагонамі, трэба нагнятаць напружанасць, напужаць людзей і мабілізаваць іх на абарону.
Палітычны аглядальнік называе гэты выступ Лукашэнкі «апакаліптычным»: Лукашэнка разважаў, што «вось-вось вайна», «вайна непазбежная», «трэба рыхтавацца да вайны»… І каб пераканаць публіку ў гэтым, трэба казаць не пра абстрактныя пагрозы, а прыводзіць факты. Лукашэнка прывёў, толькі адкуль ён гэта ўзяў, не кажа – і не адказвае за свае словы.
Алесь Наваборскі belsat.eu