Zerkalo.io: затрыманы генеральны дырэктар БелАЗу


Zerkalo.io са спасылкай на інфармацыю ад некалькіх не звязаных паміж сабой крыніцаў паведамляе, што затрыманы генеральны дырэктар БелАЗу Сяргей Нікіфаровіч.

Гендырэктар БелАЗу Сяргей Нікіфаровіч.
Фота: belaz.by

Як распавялі крыніцы выдання, Сяргей Нікіфаровіч быў затрыманы ўвечары 15 снежня. Суразмоўцы журналістаў сцвярджаюць, што з таго часу топ-менеджар заводу застаецца ў СІЗА КДБ. Адная з магчымых прычынаў – карупцыя.

На заводзе актыўна абмяркоўваюць гэтую тэму, аднак ніякіх афіцыйных заяваў да гэтага часу не было.

Журналісты Zerkalo.io некалькі дзён спрабавалі звязацца з гендырэктарам. У панядзелак 18 снежня журналіст пад выглядам звычайнага беларуса патэлефанаваў у прыёмную Нікіфаровіча. Там заявілі, што яго на працоўным месцы няма, ён нібыта на нарадзе. У сераду, адказваючы на адкрытае пытанне, ці затрыманы Нікіфаровіч, сакратарка сказала, што ёй нічога пра гэта не вядома.

21 снежня пад выглядам прадстаўніка аднаго з расейскіх партнёраў прадпрыемства журналістка Zerkalo.io патэлефанавала ў ягоную прыёмную і паспрабавала прызначыць сустрэчу. «Да Новага года дакладна няма. Сяргей Алегавіч у адпачынку. Вось пасля і тэлефануйце, калі ласка», – заявіла сакратарка гендырэктара.

Сяргей Нікіфаровіч нарадзіўся ў 1979 годзе ў Жодзіна. БелАЗ ён узначаліў у верасні 2020 года.

Адзначым, што на сайце БелАЗу Сяргей Нікіфаровіч усё яшчэ пазначаны як генеральны дырэктар, хаця часцяком прадпрыемствы Беларусі прыбіраюць дадзеныя апальных топ-менеджараў неўзабаве пасля арышту.

Аналітыка
Ад малака да мяса. Што вядома пра гучныя карупцыйныя справы?
2023.11.30 17:01

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў