Каталікам тут не месца. У Смаргоні напалі на касцёл, пабілі фігуру Марыі і вырвалі крыж


У Смаргоні ўночы на 21 снежня адбыўся напад на касцёл Святога Міхала Арханёла. Вандал затрыманы, але святар просіць маліцца за яго. Пра гэта паведамляе выданне «Светлы шлях».

Пабітая скульптура Дзевы Марыі ў Смаргоні.
Фота: shliah.by

Як распавёў ксёндз Артур Ляшнеўскі, каля гадзіны ночы ён прачнуўся ад гучных крыкаў і грукаў у дзверы і вокны. Невядомы мужчына, нецэнзурна лаючыся, наносіў удары цяжкім прадметам па машынах святароў, а таксама разбіў фігуру Маці Божай і вырваў металічны крыж з рук Міхала Арханёла. Мужчына неаднаразова паўтараў, што Каталіцкая царква павінна адсюль «прыбірацца», і што ёй тут не месца.

Статуя Міхала Арханёла, у якога вырвалі крыж.
Фота: shliah.by

Святар выклікаў міліцыю. Нападніка затрымалі. Ім аказаўся мясцовы жыхар. За вандалізм пачатая крымінальная справа паводле частцы 1 артыкула 339 КК («Хуліганства»).

Пабіты пастамент скульптуры Дзевы Марыі ў Смаргоні.
Фота: shliah.by

Разбітую постаць Маці Божай і вырваны крыж ксяндзы перанеслі ў касцёл і змясцілі каля алтара. Святар просіць вернікаў маліцца за пакаянне чалавека, які дазволіў сабе вандалізм і блюзнерства.

Пабітыя машыны святароў у Смаргоні.
Фота: shliah.by

Некалькі месяцаў таму смаргонскі касцёл ужо падвяргаўся падобным нападкам: былі выкрадзеныя грошы з святыні і разбітая фігура Маці Божай, якая знаходзілася каля крыжа.

Адзначым, што напад адбыўся напярэдадні свята Божага Нараджэння, якое адзначаецца 25 снежня.

Hавiны
«Спадзяемся на вас, як на чараўніка». Парафіяне зачыненага Чырвонага касцёлу напісалі ліст Лукашэнку
2023.12.20 21:46

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў