Уладзімір Зяленскі ляціць у Вашынгтон, дзе сустрэнецца з Байдэнам


Прэзідэнты ЗША і Украіны плануюць сустрэцца ў Белым доме 21 снежня. Украінскі прэзідэнт Уладзімір Зяленскі ўпершыню з пачатку вайны пакіне краіну і прыляціць у Вашынгтон. Пра гэта паведамляе CNN са спасылкай на крыніцы ў амерыканскай адміністрацыі. Пазней гэтую інфармацыю пацвердзіў і сам украінскі лідар.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі і прэзідэнт ЗША Джо Байдэн падчас сустрэчы. 1 верасня 2021 года.
Фота: president.gov.ua

«Накіраваўся ў ЗША для ўзмацнення стойкасці і абараназдольнасці Украіны, у тым ліку з прэзідэнтам ЗША абмяркуем супрацу Украіны і ЗША. Таксама выступлю ў Кангрэсе і правяду шэраг двухбаковых сустрэчаў», – паведамляецца ў Twitter прэзідэнта Украіны.

Выданне паведамляла, што падчас візіту ў ЗША, не анансаванага раней з меркаванняў бяспекі, Уладзімір Зяленскі сустрэнецца з прэзідэнтам краіны Джо Байдэнам і з найвышэйшымі службовымі асобамі адміністрацыі. Таксама падчас перамоваў будзе абвешчана, што Украіна атрымае дадатковыя 1,8 млрд долараў у дадатак да новага пакету, які ўключае пастаўку ракетных сістэмаў «Patriot».

Увечары 21 снежня Зяленскі таксама мае выступіць з прамоваю на паседжанні Кангрэсу. Чакаецца, што кіраўнік Украіны падзякуе амерыканскім партнёрам за дапамогу, а таксама растлумачыць, чаму трэба яшчэ большае фінансаванне для далейшага супраціву Расеі.

Белы дом адмовіўся каментаваць патэнцыйны візіт, а таксама аб’явы пра новы пакет дапамогі Украіне. Акрамя таго, выданне адзначае, што спікерка Палаты прадстаўнікоў Нэнсі Пэлоўсі ў сваім лісце папрасіла ўсіх сябраў прысутнічаць на паседжанні ў сераду ўвечары.

Усю вайну, пачынаючы з 24 лютага, Уладзімір Зяленскі правёў ва Украіне і прымаў замежных палітыкаў у Кіеве або выступаў перад імі праз відэасувязь. Гэта будзе першая паездка ўкраінскага прэзідэнта за мяжу з пачатку вайны.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў