У менскім «Каскадзе» нехта раскідаў атруту. Пацярпелі галубы і хатнія гадаванцы


Жыхары кварталу «Каскад» у Менску знайшлі на ходніках дзіўныя сінія зярняты, як высветлілася, гэта атрута ад пацукоў. Ад яе пацярпелі галубы і хатнія гадаванцы, піша «Onliner». Падазраванага затрымалі. Паводле папярэдняй інфармацыі, інцыдэнт стаўся вынікам «галубінай вайны».

Атрута ў жылым квартале «Каскад» у Менску.
Фота: onliner.by

Невядомае рэчыва пачалі заўважаць на ходніках яшчэ некалькі тыдняў таму. На тэрыторыі выявілі мёртвых галубоў.

Сваю гісторыю распавяла жыхарка кварталу Вольга:

«13 лістапада я шпацыравала ў двары са сваім шчанюком. Раптам сабака знайшоў незразумелую сінюю кучку каля нашага дому. Такіх кучак там было адразу тры. Нягледзячы на тое, што я заўсёды хаджу са шчанюком на павадку, ён паспеў сваім хаплівым языком лізнуць змесціва».

Ветэрынары параілі як мага хутчэй выклікаць ваніты ў сабакі, і аказалася, што ён паспеў праглынуць колькі зярнят. У клініцы выпісалі лекі, якія знайшліся толькі ў Мар’інай Горцы. Агулам стан шчанюка нармалёвы, але спатрэбілася дадатковае лекаванне: пацярпела пячонка.

Іншая жыхарка паведаміла, што «знайшла гэтае сіняе плюгаўства на колах каляскі»: «Як змагла, адмыла, але я ў жаху, бо дзіця поўзае ўсюды, усё чапае, цягне ў рот. А каляска не ізаляваная, стаіць у перадпакоі».

Менская міліцыя пачала праверку, піша БелТА. Падазраванага затрымалі.

У адміністрацыі Фрунзенскага раёну Менску паведамілі, што тэрыторыю кварталу прыбралі, атруту знішчылі.

Паводле папярэдняй інфармацыі, інцыдэнт стаў вынікам «галубінай вайны»: адныя жыхары прыкормліваюць птушак, а іншым гэта не падабаецца. Імаверна, нехта пастанавіў пазбавіцца ад галубоў такім чынам.

Hавiны
У Менску сям’я атруцілася бледнымі паганкамі – усе ў рэанімацыі
2022.08.10 13:58

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў