Не толькі Бабарыка, Статкевіч і Ціханоўскі: пра мноства палітвязняў даўно няма звестак


Людзі знікаюць у беларускіх калоніях і турмах: сваякі шмат каго з палітычных вязняў сотнямі дзён нічога не чуюць пра зняволеных. «Белсат» згадвае тузін імёнаў зніклых у няволі (гэты спіс далёка не поўны) і нагадвае, што рабіць.

Зняволены
Здымак згенераваны нейрасеткаю. Зняволены. Выява: Dall-E / Bing.com

Пра палітычнага вязня Мікалая Статкевіча не было ніякіх звестак амаль трыста дзён. Толькі нядаўна праз чалавека, знаёмага з асобаю, якая сядзела са Статкевічам, стала вядома, што зняволенага пазбавілі правоў на спатканні, перадачы і тэлефанаванні (лісты ад яго таксама не даходзяць пасля 9 лютага), кідаюць у штрафны ізалятар і адзіночнае памяшканне камернага тыпу.

Крыху менш дзён нічога не чуваць пра палітычных вязняў Максіма Знака, Марыю Калеснікаву, Ігара Лосіка. Пра Віктара Бабарыку хіба вельмі ўскосныя і даўнія звесткі: чалавек, які размаўляў з відавочцам шпіталізацыі палітыка ў красавіку, ананімна расказаў у лістападзе, што Бабарыка выглядаў моцна збітым, з ім забаранялі кантактаваць. Апошнія весткі пра Сяргея Ціханоўскага былі 140 дзён таму.

Ды гэта далёка не поўны спіс тых палітычных вязняў, пра якіх працяглы час няма звестак. Магчыма, частку з іх пазбаўляюць права ліставання і спатканняў. Магчыма, сваякам пагражаюць, каб яны нікому не казалі, што маюць сувязь. А магчыма, людзей на доўгі час кідаюць у ШІЗА, а там пазбаўляюць права на ліставанне, тэлефанаванні і спатканні.

Чаму больш за паўгода нічога не было чуваць пра Паўла Вінаградава? Аказалася, шэсць месяцаў з сямі яго трымалі ў ШІЗА, а цяпер кінулі на два месяцы ў ПКТ.

ШІЗА – камера ў калоніі, куды адпраўляюць за парушэнне рэжыму (напрыклад, за няправільна засланы ложак). Змешчаным туды забараняюць спатканні, тэлефанаванні, ліставанне, не даюць пасцельных рэчаў, не водзяць на шпацыры, забараняюць курыць і гуляць у настольныя гульні ды гэтак далей. ПКТ фармальна мае мякчэйшыя ўмовы – мусяць выдаваць матрац, коўдру і бялізну, мусяць выводзіць на шпацыр, дазваляць ліставанне і карыстанне бібліятэкай (але не факт, што гэта выконваюць).

Hавiны
Хворага на анкалогію Рыгора Кастусёва чатыры разы кідалі ў ШІЗА, цяпер пасадзілі ў ПКТ
2023.11.19 09:32

Улады маюць свае наглядальныя камісіі, якія правяраюць калоніі. Гэтак, тыдзень таму такая камісія наведала глыбоцкую калонію № 13, дзе трымаюць Статкевіча, але з палітычным вязнем не пажадала сустрэцца.

У той жа калоніі трымаюць рэйкавага партызана Віталя Мельніка, якому пры затрыманні (або ўжо пасля яго) сілавікі прастрэлілі калені. Пра Мельніка не было навінаў з красавіка – апошняя навіна была якраз пра перавод у тую калонію. Як расказалі «Белсату» праваабаронцы, нядаўна стала вядома, што Мельніку 9 лістапада зрабілі аперацыю, дасталі з нагі метал – вазілі ў Менск, але ўжо вярнулі ў калонію.

Пра іншых рэйкавых партызанаў таксама даўно не было нічога чуваць. Гэтак, сваякі хвалююцца за Дзяніса Дзікуна, баяцца найгоршага, бо сувязь з ім перарвалася пасля таго, як ён паскардзіўся брату на кепскае самаадчуванне.

Мала чуваць і пра зняволеных анархістаў. Пра фігуранта «справы «Рэвалюцыйнага дзеяння» Аляксандра Францкевіча не было навінаў, пакуль не высветлілася, што яго перавядуць у іншую калонію, бо закрываюць Івацэвіцкую калонію № 5, дзе ўтрымліваюць вязня. Паводле звестак «Вясны», Францкевіча пасля прысуду перавялі ў калонію і пасадзілі на каранцін, потым – з канца сакавіка – трымалі ў ШІЗА агулам 160 дзён, а з верасня змясцілі ў ПКТ на паўгода. Праваабаронцы адзначаюць, што Францкевіч не мае адной ныркі, таму ўтрыманне ў ізалятары можа кепска адбіцца на ягоным здароўі.

Даўно нічога не чуваць пра каардынатара «Еўрапейскай Беларусі» Яўгена Афнагеля. Апошняя навіна пра яго была ў сярэдзіне лета: «Вясна» даведалася, што 87-гадовай маці не далі спаткацца з палітычным вязнем. Спачатку ў Дэпартаменце выканання пакаранняў казалі, што можна спаткацца, а потым у турме паведамілі, што нельга, бо ён у карцары.

Адначасова з Ціханоўскім – яшчэ да выбараў-2020 – затрымалі Аляксандра Арановіча. Яны з Ціханоўскім у няволі 2,5 года. Апошняя навіна пра Арановіча была ў ліпені – пра тое, што яго пераводзяць на турэмны рэжым. Фармальна пры гэтым рэжыме не забароненыя спатканні і перадачы, але зняволеных могуць без асаблівых на тое прычынаў пазбавіць гэтых правоў.

Разбор
Сувязь з палітвязнямі знікае – што рабіць сваякам? Парады «Dissidentby»
2023.04.27 21:43

Часта бывае, што спатканне з палітычнымі вязнямі пасля доўгай адсутнасці звестак прыносіць кепскія навіны. Напрыклад, сваякам Паліны Шарэнды-Панасюк у мінулым месяцы дазволілі спатканне ў Гомельскім СІЗА. І яны даведаліся, што ў жанчыны праблемы са здароўем, выглядае кепска і баіцца не дацягнуць да вызвалення. Пачулі таксама, што адміністрацыя СІЗА на ейных вачах парэзала ліст з пералікам лекаў, якія дазволена перадаць за краты.

Бывае і так, што сувязь тэарэтычна ёсць, ды зняволены застаецца самотны. Напрыклад, пра Ганну Кандраценку былыя палітычныя вязні казалі праваабаронцам: ёй вельмі цяжка, бо падтрымання ад родных амаль няма – у яе толькі маці-пенсіянерка, якая жыве за мінімальную пенсію. Да таго ж у Ганны псарыяз, а праца з сінтэпонам у калоніі толькі пагоршыла хваробу.

Што рабіць, калі пра палітычнага вязня даўно не было навінаў?

Сваякам – змагацца. Каардынатарка ініцыятывы «Dissidentby» Марына Касінерава раней казала «Белсату», што ў выпадку знікнення сувязі з вязнямі сваякі яшчэ могуць пазмагацца. Можна запісацца на прыём да начальніка калоніі. Можна пісаць звароты ў Генеральную пракуратуру і абласны Дэпартамент выканання пакаранняў з патрабаваннем зладзіць правяранне. Можна выправіць адваката, якога, паводле законаў, мусяць пускаць нават у ШІЗА. Можна прыцягваць увагу грамадскасці і звяртацца да праваабаронцаў – ёсць спосабы данесці інфармацыю бяспечна для сваякоў, якія застаюцца ў Беларусі. Можна шукаць тых, хто нядаўна вызваліўся з калоніяў, дзе трымаюць вязня.

Астатнім – пісаць лісты. Хоць не гарантавана, што іх перададуць зняволенаму, праваабаронцы і актывісты заклікаюць пісаць, слаць паштоўкі нават зусім незнаёмым людзям, нават з самымі банальнымі словамі падтрымання. Вось што раіць пісаць праваабарончы цэнтр «Вясна».

Паглядзець спіс палітычных вязняў ды іхныя адрасы можна на сайце «Вясны» – і не толькі. Ініцыятывы Dissidentby і Politzek.me маюць нават шырэйшыя спісы палітзняволеных, бо лічаць падыход іншых праваабаронцаў састарэлым: крытэры вызнання палітвязнем былі распрацаваныя больш за 10 гадоў таму, да беспрэцэдэнтных рэпрэсіяў па выбарах-2020.

«Dissidentby» прапануе дапамогу з адпраўленнем лістоў, дае опцыю дублявання ліста сваякам палітычнага вязня і абяцае захоўваць ліст да вызвалення вязня на выпадак, калі ліст не дойдзе за краты. А «Politzek.me» мае канструктар лістоў – падказваюць, пра што напісаць. Майстэрня паштовак салідарнасці перапісвае ад рукі і высылае лісты палітычным вязням, якія можна перадаць праз онлайн-форму.

Варта таксама ахвяраваць грошы палітзняволеным, іхным блізкім і былым вязням, якія маюць патрэбу ў рэабілітацыі. Напрыклад, фонд «BYSOL» мае агульны збор і мноства індывідуальных, групавых і тэматычных збораў. Гэтак, нядаўна «BYSOL» распачаў калядны збор на «невялікі цуд» для дзяцей палітычных вязняў.

Інтэрв’ю
Чаму рэжым Лукашэнкі хавае інфармацыю пра палітвязняў
2023.08.02 09:51

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў