Лукашэнка зладзіў сакрэтную нараду з сілавікамі


Да Лукашэнкі выклікалі сакратара Савету бяспекі, старшыню КДБ, міністра абароны і кіраўніка Галоўнага выведнага ўпраўлення, перадае БелТА. Нараду зладзілі напярэдадні саміту АДКБ, што адбудзецца ў Менску 23 лістапада.

Старшыня КДБ Іван Церцель і кіраўнік Галоўнага выведнага ўпраўлення Уладзімір Купрыянюк на нарадзе з Аляксандрам Лукашэнкам. 21 лістапада 2023 года.
Фота: БелТА

Дзяржаўныя крыніцы далі мала інфармацыі пра гэтую сустрэчу. Набліжаны да прэс-службы Аляксандра Лукашэнкі канал «Пул первого» напісаў: «Шмат падрабязнасцяў не чакаем, справаздача ў кабінеце і пад грыфам «Сакрэтна».

Да Лукашэнкі выклікалі сакратара Савету бяспекі Аляксандра Вальфовіча, старшыню КДБ Івана Церцеля, міністра абароны Віктара Хрэніна і кіраўніка Галоўнага выведнага ўпраўлення Уладзіміра Купрыянюка.

«Хацеў бы параіцца наконт шэрагу пытанняў вайскова-палітычнага характару, і перш за ўсё абароннага характару, у сферы бяспекі, і выслухаць тыя праблемныя пытанні, якія сёння ў нас, імаверна, існуюць ў дачыненнях з чальцамі АДКБ», – сказаў палітык.

Больш пра гэтую нараду нічога не паведамлялася.

Кіраўнік адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі Ігар Сергеенка. 21 лістапада 2023 года.
Фота: БелТА

Пасля Лукашэнка сустрэўся з кіраўніком сваёй адміністрацыі Ігарам Сергеенкам. Збольшага яны абмяркоўвалі «арганізацыйныя пытанні», «работу з кадрамі», «планаванне налета», у тым ліку выбары ў Палату прадстаўнікоў.

«Але галоўнае, што ў наступным годзе трэба ўпершыню ў новай якасці сфармаваць склад Усебеларускага народнага сходу, куды мусяць увайсці сапраўдныя выбраннікі народу: людзі, якія рэпрэзентуюць розныя катэгорыі і пласты беларускага грамадства. Гэта ў тым ліку дэпутацкі корпус і прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці», – сказаў Сергеенка.

Аналітыка
Саміт на фоне чутак аб распадзе. Што адбываецца з АДКБ?
2023.11.20 18:04

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў