Беларускім стаматолагам урэжуць цэны. Але яны звыклі «працаваць у стане катастрофы»


Міністэрства аховы здароўя Беларусі прыняло «кардынальнае рашэнне аб зніжэнні неабгрунтавана высокіх тарыфаў» на стаматалагічныя паслугі. «Белсат» спытаў стаматолага і Фонд медычнай салідарнасці, як гэта адаб’ецца на стаматолагах і якасці іхных паслугаў.

Стаматолагі
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Стаматолагі.
Фота: Andrea Piacquadio / Pexels.com

У Міністэрстве заяўляюць, што пасля таго як пастанова набудзе моц, выдаленне малочнага зуба ў сярэднім будзе таннейшым на 33 % (было 127 рублёў, стане 85,60 рубля), складанае выдаленне – на 42 % (было 479 рублёў, стане 278 рублёў), лячэнне сярэдняга карыесу – на 47 % (было 163 рублі, стане 86,40 рубля).

Беларускі стаматолаг, які цяпер працуе ў Польшчы, але пажадаў застацца ананімным, расказаў «Белсату»: цэны ўжо цяпер мусяць быць узгодненыя з «цэннікам Мінздраву». Але прынамсі раней працавала гэта так, што кіраўнікі клінік маглі «жангляваць» паслугамі, па-рознаму кампанаваць іх.

«Не вельмі зразумела, адкуль яны гэтыя 33–47 % хочуць дастаць, з якой часткі грошай, – кажа стаматолаг. – Але гэта дакладна адаб’ецца негатыўна, бо працадаўцы і кіраўнікі [прыватных клінік] будуць яшчэ больш звязаныя [рашэннем аб зніжэнні тарыфаў на стаматалагічныя паслугі], у іх стане яшчэ менш інструментаў рэгуляваць свае цэны».

У верасні прадстаўніца Міністэрства аховы здароўя прызнала істотны недахоп некаторых катэгорыяў лекараў у Беларусі – у тым ліку стаматолагаў. Суразмоўца адзначае, што з Польшчы бачыць, як ідзе «працэс вымывання» дактароў з Беларусі і іхнага пераезду за мяжу. Ён чакае, што лекараў у эміграцыі стане толькі больш.

Лідзія Тарасенка, эндаскапістка і каардынатарка Фонду медсалідарнасці. Варшава, Польшча. 2 лістапада 2023 года.
Фота: Карына Пашко / Белсат

Каардынатарка Фонду медычнай салідарнасці Беларусі Лідзія Тарасенка тлумачыць «Белсату»: гэта не першая такая пастанова, не інавацыйная, бо беларуская дзяржава любіць рэгуляваць цэны на паслугі «нейкімі абсалютна пачварнымі спосабамі», «закручваць гайкі». Раней ужо рэгулявалі цэны на ўльтрагукавыя даследаванні, магнітна-рэзанансную і камп’ютарную тамаграфію і іншае – пастанова існуе з 2015 года.

Цяпер пад рэгуляванне трапілі амаль усе стаматалагічныя паслугі, пры чым менавіта на самі паслугі, а не на разыходныя матэрыялы. Рашэнне пра зніжэнне цэнаў, заўважае Тарасенка, прынялі пасля праверкі Камітэту дзяржаўнага кантролю, а пры тым «неабгрунтаваныя тарыфы» фармуе Міністэрства аховы здароўя. Міністэрства ад гэтага ніяк не пацярпела, толькі прыняла ўказанне.

Суразмоўца лічыць ідэю шкоднай, але не чакае, што ад такога рэгулявання прыватная стаматалогія разбурыцца.

«Наш бізнес, медычны ў тым ліку, звык працаваць у стане катастрофы, штодзённага метэарытнага дажджу, – заўважае Тарасенка. – Я не думаю, што хтосьці ў шоку ад таго, што адбываецца, хоць усё гэта вельмі сумна».

Чаму менавіта стаматолагі і менавіта цяпер, яна не ведае, але перакананая, што дзяржава мае «план раскулачвання». А слова «неабгрунтаваныя», кажа яна, паходзіць са слоўнікаў тых, хто звык «культываваць нянавісць да багаценькіх, якія нажываюцца на людзях». Да «багаценькіх» адносяць стаматолагаў, хоць тыя ўжо працуюць у цяжкіх і нярынкавых умовах, пры нечаканых зменах заканадаўства. Стаматолагі, прызнае яна, сапраўды могуць за кошт сваіх навыкаў і руплівай працы пабудаваць «нешта някепскае ўмоўна незалежна ад дзяржавы» – паводле светапогляду беларускай дзяржавы, гэта лагічна, што трэба ім «закруціць гайкі».

Медычныя паслугі можна было б зрабіць больш даступнымі праз іншыя шляхі – не праз рэгуляванне цэнаў, працягвае яна. Можна было б развіваць страхаванне. Можна было б пераразмеркаваць падаткі так, каб найбольш уразлівыя групы грамадзянаў атрымлівалі дапамогу на стаматалогію. Можна было б арганізаваць дзяржаўнае стымуляванне кампаніяў, якія аказваюць нейкія паслугі ці вырабляюць нейкае абсталяванне. Але гэтага няма, а ёсць толькі «патрабаванне працаваць забясплатна».

Агляд
«Гэта чарговы падман!» Як клінікі парадкуюць чэргі на эндапратэзаванне, каб выканаць загад Лукашэнкі
2023.09.04 19:18

Тарасенка абураецца лічбамі, называе іх «ідыёцкімі»: як гэта кансультацыя доктара медычных навук са стаматалагічным абследаваннем павінна каштаваць менш за 11 рублёў? І гэта тая цана, якую пацыент заплаціць клініцы, а доктар навук атрымае яшчэ менш. На якія паслугі, пытае яна, можна тады разлічваць?

Для звычайных лекараў, уладальнікаў бізнесу і для пацыентаў нічога добрага не будзе, прагназуе яна. Дапускае, што лекары будуць прасіць пацыентаў «шэрымі» шляхамі купляць нейкія разыходныя матэрыялы, якіх не будзе хапаць, або выкарыстоўваць больш танныя матэрыялы.

Лекары яшчэ больш скароцяць час прыёму, каб кампенсаваць страты ад тарыфаў, не выключае Тарасенка. Ды й гэта ўжо рабілі раней. Яна прыводзіць прыклад: на выдаленне зуба раней адводзілі 15 хвілін – можна адводзіць 7 хвілін, каб прыняць удвая больш пацыентаў, хай сабе анестэзія дзейнічае толькі праз 10 хвілін па ўколе.

«Натуральна, бізнес будзе спрабаваць нейкім чынам выкруціцца з гэтага. Або сыходзіць, – канстатуе Тарасенка. – Зразумела, гэта і нагоды для карупцыі на дзяржаўным узроўні, і для развіцця „сваіх“ фірмаў».

Яна згадвае кампанію «Профі-Дэнт»: гэта клініка рэктара БДМУ Сяргея Рубніковіча, якога Тарасенка называе набліжаным да сям’і Аляксандра Лукашэнкі. Яшчэ восенню 2020 года тры сотні стаматолагаў падпісалі адкрыты ліст з просьбай не наведваць клінікі Рубніковіча, бо той рэпрэсуе студэнтаў, а пасаду атрымаў толькі за лаяльнасць Лукашэнку. Каардынатарка Фонду медычнай салідарнасці пытае: ці для клінік Рубніковіча будуць тыя самыя ўмовы, як для ўсіх астатніх?

Тарасенка звяртае ўвагу на тое, што ў дзяржаўных клініка таксама існуюць платныя паслугі, а там аплата з пацыентаў ідзе на дадатак да тых грошай, што клініка атрымлівае з бюджэту – з грошай тых самых пацыентаў, платнікаў падаткаў. Суразмоўца задаецца пытаннем: можа, чыноўнікі ўзялі цэны дзяржаўных і прыватных клінік, склалі, падзялілі папалам і пастанавілі, што «цяпер гэта вашыя тарыфы»?

У выніку будзе падаць і якасць паслуг, і якасць разыходных матэрыялаў і абсталявання, і матывацыя лекараў, і колькасць кампаніяў на рынку, рэзюмуе Тарасенка. Прадказваць, колькі лекараў у выніку з’едзе працаваць за мяжу, яна не бярэцца, але думае, што Беларусь ужо прайшла момант масавага выезду. Ужо было рэзкае зніжэнне якасці жыцця, якое многія не прынялі, але цяпер грамадства прыняла ўзровень рэпрэсіяў – суразмоўца сумняецца, што нават вайна істотна павялічыць плынь міграцыі.

Інтэрв’ю
Педыятр Мая Церакулава, якая ўцякла з Беларусі ад рэпрэсіяў, стварыла YouTube-канал пра дзіцячае здароўе
2023.10.22 08:30

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў