Белы дом не бачыць прыкметаў удзелу беларускіх вайскоўцаў у вайне ва Украіне


Белы дом не бачыць ніякіх прыкметаў таго, што беларускія вайскоўцы бяруць удзел у выкарыстанні іранскіх беспілотнікаў ці ўвогуле ваююць ва Украіне. Пры гэтым ЗША асуджаюць Беларусь за маральную і матэрыяльную дапамогу ўварванню Расеі ва Украіну ды ўважліва назіраюць за разгортваннем рэгіянальнай групоўкі. Пра гэта заявіў каардынатар у справе стратэгічных камунікацыяў у Нацыянальнай радзе бяспекі ЗША Джон Кербі падчас брыфінгу ў Белым доме 20 кастрычніка.

Джон Кербі.
Фота: AP/ «Голас Амерыкі» / voanews.com

Каментуючы выкарыстанне расейскімі войскамі іранскіх беспілотнікаў супраць Украіны, Джон Кербі заявіў: няма ніякіх прыкметаў таго, што Беларусь бярэ ўдзел у перадачы, навучанні або эксплуатацыі гэтых беспілотнікаў.

Кербі адзначыў, што з гледзішча вайсковай прысутнасці Беларусь цягам усіх васьмі месяцаў вайны служыла плацдармам для расейскіх войскаў перад уварваннем і нават падчас вайны: «Яны выкарыстоўвалі Беларусь для матэрыяльна-тэхнічнага падтрымання расейскіх войскаў ва Украіне ды для перааснашчэння, калі тыя адступалі і перамяшчаліся пасля прайгранай бітвы за Кіеў. Такім чынам, Беларусь, безумоўна, матэрыяльна і маральна падтрымала ўварванне Расеі ва Украіну. Шчыра кажучы, мы проста не бачылі, каб яны зрабілі наступны крок.  Гэта не значыць, што мы прымяншаем падтрымку, якую яны надаюць, мы асуджаем яе. Але мы не бачылі ніякіх прыкметаў таго, што Беларусь жадае адчувальна ўвайсці ва Украіну і ваяваць».

Hавiны
Францыя паставіць Украіне сістэмы супрацьпаветранай абароны, Іран можа даць Расеі ракеты
2022.10.16 21:07

Кербі таксама пракаментаваў разгортванне рэгіянальнай групоўкі Беларусі і Расеі ды правядзенне супольных вучэнняў беларускіх і расейскіх войскаў з гэтай нагоды: ЗША яшчэ разбіраюцца, ці ёсць гэта нейкім сурʼёзным стратэгічным зрухам Беларусі з мэтай уцягвання ў вайну.

Паводле Джона Кербі, цяпер вывучаюць, ці не ёсць тактычнаю мэтаю гэтага разгортвання беларуска-расейскай групоўкі «спроба прымусіць украінцаў выкарыстоўваць жывую сілу на паўночнай мяжы ў якасці абарончага механізму». Магчыма, што тактычная мэта іншая – «паглядзець, ці змогуць яны адцягнуць украінскія ўзброеныя сілы на гэты ўчастак сваёй мяжы, каб іх нельга было выкарыстоўваць у іншым месцы на Данбасе ці на поўдні».

«Але гэта яшчэ трэба высветліць. Мы будзем сачыць за гэтым як мага больш уважліва», – папярэдзіў прадстаўнік Пэнтагону.

Аб’ектыў
Мілітарызм Лукашэнкі: чаго чакаць?
2022.10.12 22:43

Антон Тачняк belsat.eu

 

 

Стужка навінаў