Вярхоўны Суд ліквідаваў Беларускую сацыял-дэмакратычную партыю (Грамаду)


Улады Беларусі ліквідавалі перадапошнюю апазіцыйную партыю. Гэтак, Вярхоўны Суд 20 верасня задаволіў пазоў Міністэрства юстыцыі аб ліквідацыі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамады). Пра гэта тэлеграм-каналу «Позірк» распавёў старшыня партыі Ігар Барысаў.

Сцяг партыі БСДП (Грамада). Крыніца: BSDP.Hramada / Facebook

«Гэта не канец. Пакуль ёсць наш калектыў і людзі, якія вераць у будучую дэмакратычную Беларусь, у яе сацыял-дэмакратычны выбар, мы, як фенікс, паўстанем з попелу, – адзначыў Барысаў у перададзенай рэдакцыі відэазаяве і дадаў: – Грамада жыла, жыве і будзе жыць вечна, бо Беларусь для сацыял-дэмакратаў найперш!».

Ён заклікаў верыць, «што на беларускіх вуліцах вы яшчэ пачуеце кліч «Жыве Беларусь!». «Набраўшы ў грудзі паветра, не забудзьцеся адказаць: «Жыве вечна!», бо дыктатуры прыходзяць і сыходзяць, а народы і нацыі надоўга, спадзяюся – навечна!» – дадаў старшыня партыі.

На пачатку верасня Вярхоўны Суд адхіліў скаргу БСДП (Грамады) на адмову Міністэрства юстыцыі перарэгістраваць партыю.

Улетку і ў пачатку восені былі пазбаўленыя рэгістрацыі 9 апазіцыйных, праўладных і палітычна неактыўных палітычных структураў. 22 верасня ў Вярхоўным Судзе будзе разглядацца пазоў пра ліквідацыю Беларускай партыі левых «Справядлівы свет».

Нагадаем, што ў лютым 2023 года Аляксандр Лукашэнка падпісаў закон, які прадугледжвае змены ўмоваў стварэння і дзейнасці палітычных партыяў. Цягам шасці месяцаў Мінюст мусіць правесці перарэгістрацыю партыяў. Тыя партыі, што не пройдуць яе, будуць ліквідаваныя рашэннем Вярхоўнага Суда. Раней перарэгістрацыю прайшлі Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці, Ліберальна-дэмакратычная партыя і Камуністычная партыя Беларусі. Сёлета таксама была зарэгістраваная новая партыя – «Белая Русь».

Аналітыка
У Беларусі мяняюць палітычную сістэму? Будзе таталітарызм? Што значыць шэраг новых законаў
2023.02.28 07:00

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў